Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГП прапанавала аднавіць дзейнасьць ценевага ўраду


Алесь Дашчынскі, Менск Аб’яднаная грамадзянская партыя выступіла з прапановаю аднавіць дзейнасьць ценевага ўраду Беларусі. Гэтая ініцыятыва падтрыманая ўжо й сталай нарадаю дэмакратычных сілаў. Чакаецца, што склад ценевага ўраду будзе зацьверджаны на Нацыянальным кангрэсе дэмакратычных сілаў, які мае прайсьці ў верасьні і абраць адзінага кандыдата ад апазыцыі на прэзыдэнцкія выбары 2006 году.

У Беларусі ўжо дзейнічаў ценевы ўрад з 1990 па 1995 год працаваў ценевы кабінэт Апазыцыі БНФ у Вярхоўным савеце 12-га скліканьня, які ўзначальваў Уладзімер Заблоцкі. Гэты кабінэт, фактычна, складаў эканамічную групу каманды Зянона Пазьняка на выбарах 1994 году.

Пазьней быў створаны Нацыянальны выканаўчы камітэт. У 1998 годзе яго ўзначаліў вядомы палітык Генадзь Карпенка. Пасьля загадкавай сьмерці Карпенкі паўнамоцтвы кіраўніка Нацыянальнага выканаўчага камітэту перайшлі да Мечыслава Грыба. Той ценевы ўрад быў створаны ў сувязі з роспускам кіраўніком краіны Аляксандрам Лукашэнкам законнага парлямэнту, але частка дэпутатаў Вярхоўнага Савету працягвала сваю дзейнасьць. У склад Нацыянальнага выканаўчага камітэту ўвайшлі ня толькі дэпутаты, але й іншыя вядомыя асобы. Мечыслаў Грыб нагадвае, што камітэту ўдалося распрацаваць канцэпцыю сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны “Стратэгія для Беларусі”. Чаму дзейнасьць Нацыянальнага выканаўчага камітэту была прыпыненая?

(Грыб: ) “Потым, калі сышоў Вярхоўны Савет, то ўстала пытаньне, а пры кім павінен быць гэты Нацыянальны выканаўчы камітэт? Хто павінен над гэтым стаяць? Мы доўга там меркавалі і прыйшлі да высновы: калі няма Вярхоўнага Савету і няма ніякага аб’яднаньня партыйнага, то мы прыпыняем сваю дзейнасьць на неабмежаваны час. Але дзейнасьць камітэту ў любы момант можна аднавіць”.

Мечыслаў Грыб мяркуе, што тэхнічна аднавіць працу Нацыянальнага выканаўчага камітэту можна, але ці будзе выніковай яго праца ў сёньняшніх варунках?

(Грыб: ) “Ценевы ўрад ці выканаўчы камітэт можа нешта зрабіць, калі ён будзе за межамі краіны і калі ён будзе мець там нейкія крыніцы фінансаваньня. А так гэта немагчыма. Сёньня ж, бачыце, нельга правесьці сходу афіцыйна зарэгістраванай партыі. Сёньня неафіцыйна ўсім ўладам спушчана нейкае ўказаньне, каб ніякіх сходаў – дазволеных, недазволеных, нікому, нідзе, ні памяшканьня, нідзе, нічога нельга зрабіць. У такіх умовах цяжка будзе працаваць”.

Пад кіраўніцтвам спадара Грыба Нацыянальны выканаўчы камітэт дасылаў у прэзыдэнцкую адміністрацыю і ва ўрад шэраг распрацаваных апазыцыяй дакумэнтаў, у тым ліку “Стратэгію для Беларусі”, але ўсе гэтыя дакумэнты засталіся там незапатрабаваныя. Чым тлумачыцца неабходнасьць стварэньня ценевага ўраду сёньня, калі дэмакратыі ў Беларусі стала яшчэ меней?

Гэтае пытаньне – да старшыні АГП Анатоля Лябедзькі. Ён лічыць, што актуальнасьць стварэньня ценевага ўраду абумоўленая важнай палітычнай кампаніяй – прэзыдэнцкімі выбарамі 2006 году.

(Лябедзька: ) “Вельмі важна паказаць людзям у Беларусі, што ў нас ёсьць каманда прафэсіяналаў, што гэтыя людзі здольныя генэраваць, прапаноўваць ідэі, рашэньні, якія значна палепшаць сытуацыю ў Беларусі, пачынаючы ад эканомікі і канчаючы міжнародным аўтарытэтам краіны”.

Паводле спадара Лябедзькі, захаваецца пераемнасьць Нацыянальнага выканаўчага камітэту, якім раней кіраваў Генадзь Карпенка, але будзе крыху інакшае палажэньне аб яго дзейнасьці і ў яго склад увойдуць новыя асобы. Крытэр для адбору кандыдатур адзін – прафэсійнасьць. Склад Нацыянальнага камітэту плянуецца зацьвердзіць на Кангрэсе дэмакратычных сілаў.

(Лябедзька: ) “Пасьля гэтага мы будзем рыхтавацца да палітычнай кампаніі. Будзем удзельнічаць, ня будзем, зь якім адзіным кандыдатам – гэта пытаньне паралельна ідзе, яно не залежыць. Мы павінны прапанаваць прафэсіяналаў, цікавых асобаў, на якія адгукнуцца людзі, і мы падымем планку даверу да апанэнтаў рэжыму менавіта празь дзейнасьць і склад нацыянальнага камітэту”.

Фактычна гэта будзе каманда для адзінага кандыдата?

(Лябедзька: ) “Гэта будзе паралельна, але натуральна, што на гэтых людзей у першую чаргу мае абапірацца адзіны кандыдат. Гэта яго інтэлектуальная каманда”.
XS
SM
MD
LG