Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ні дня без суду над газэтамі і журналістамі


Іна Студзінская, Менск Фактычна кожны дзень на працягу апошняга месяца ў Беларусі праходзяць суды над незалежнымі выданьнямі. Учора, да прыкладу, у Гаспадарчым судзе Менску прайшлі слуханьні з пазову Салігорскага горна-тэхнічнага тэхнікуму да рэдакцыі газеты “Народная воля”, а ў Барысаве завяршыўся працэс над рэдактарам газэты “Борисовские новости” Анатолем Букасам. І па-ранейшаму ў цэнтры ўвагі грамадзкасьці штраф, вынесены гэтым тыднем “Народнай волі”, – 100 мільёнаў рублёў, сума, астранамічная для газэты.

Незалежныя журналісты цяпер больш часу праводзяць у судах, чым у рэдакцыях – адных судзяць, другія асьвятляюць гэтыя працэсы ці проста падтрымліваюць сваіх калегаў. Ужо банальнай стала фраза, што чарговым разам “адбываецца зачыстка інфармацыйнага поля”. Прычым у ход ідуць усе мэтады для зьнішчэньня альтэрнатыўнай думкі – фінансавае ўдушэньне, пазбаўленьне памяшканьняў, забарона чыноўнікам даваць інфармацыю, уціск, – лічыць старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна.

(Літвіна: ) “Нічога новага не адбываецца, але навідавоку ўзмацненьне тэндэнцыі на зьнішчэньне – я нават не буду ўжываць слова “апазыцыйнага” – усяго таго, што нясе ў сабе альтэрнатыву. І ў гэтым паходзе на альтэрнатыву, відаць, усё ж такі праглядаецца жаданьне канчаткова, цалкам узяць пад кантроль грамадзкую думку. І такім мэтадам, мэтадам уціску, кантролю за грамадзкай думкай можна нейкім чынам гарантаваць стабільнасьць, пэўнасьць самой уладзе”.

Зьдзіўляюць сумы штрафаў, абсалютна непадымныя для недзяржаўных СМІ і асабліва для журналістаў. Амаль 45 тысяч даляраў “Народнай волі”. Учора суд Барысава аштрафаваў рэдактара незалежнай газэты “Борисовские новости” Анатоля Букаса на 40 базавых велічыняў, а таксама абавязаў яго кампэнсаваць трыма мільёнамі рублёў маральную шкоду рэдактарцы афіцыйнай барысаўскай газэты “Адзінства” Веры Пратасевіч. У агульнай суме гэта больш за дзьве тысячы даляраў.

Днямі ў Віцебску рэдакцыі недзяржаўнай газэты “Витебский курьер” загадалі пакінуць памяшканьне ў будынку Культурна-дзелавога цэнтру таварыства “КІМ”. Прычым дамова арэнды была да лістапада, а вызваліць памяшканьне загадана чамусьці да 10 ліпеня. Ідзе нават ціск на студэнтаў-завочнікаў, якія вучацца на журфаку БДУ і працуюць у незалежных выданьнях. Амаль усе рэгіянальныя журналісты скардзяцца, што мясцовыя ўлады ўвогуле забаранілі чыноўнікам даваць інфармацыю недзяржаўным СМІ.

Да гонару некаторых расейскіх журналістаў, яны падтрымліваюць незалежныя беларускія СМІ, дасылаюць звароты, зьмяшчаюць у сваіх выданьнях даволі рэзкія артыкулы – да прыкладу, “Московский комсомолец”, журналіста якога затрымалі ў Менску падчас сёлетняга “Чарнобыльскага шляху”. А што да зьнішчэньня СМІ праз суды, такое цалкам магчымае і ў Расеі, сьцьвярджае кіраўнік Цэнтру экстрэмальнай журналістыкі Алег Панфілаў.

(Панфілаў: ) “На жаль, магчыма. Прэзыдэнт Пуцін спрабуе неяк зблізіць палітычныя сыстэмы Беларусі і Расеі. І галоўным чынам наблізіць тое стаўленьне да незалежнай прэсы, якое ўжо даўно выпрацаваў Лукашэнка. Безумоўна, у Расеі пакуль яшчэ няма такіх судовых працэсаў, даволі бязглуздых паводле сэнсу, бязглуздых абвінавачаньнямі і даволі дурных прысудамі, якія праводзяцца ў Беларусі. Аднак і ў Расеі ўжо ёсьць даволі шмат судовых працэсаў, калі з дапамогай несправядлівых рашэньняў зьнішчаюцца газэты”.
XS
SM
MD
LG