Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У вёсцы Лунна на Мастоўшчыне ўшануюць памяць ахвяраў Галакосту


Вячаслаў Кулік, Менск “Ці зьявіцца помнік у агародзе?” – пад такой назвай роўна тыдзень назад у ранішняй праграме нашага радыё прагучаў праблемны матэрыял. Гаварылася ў ім пра тое, што сям’я дэпутаткі Луннаўскага сельсавету Мастоўскака раёну зьбіралася паставіць у сваім агародзе мэмарыяльны знак габрэям, забітым у гады ІІ усясьветнай вайны. Такі намер зьявіўся пасьля таго, як луннаўскія ўлады адмовіліся ўшанаваць памяць ахвяраў генацыду. Інфармацыю радыё “Свабода” ў вёсцы Лунна пачулі.

На “Свабоду” патэлефанавала дэпутатка Луннаўскага сельсавету Валянціна Карповіч. Па яе словах, ультыматум уладзе, што мэмарыяльны знак сям’я Карповічаў установіць на ўласным агародзе, урэшце схіліў чыноўнікаў да станоўчага рашэньня. “Праз больш як 60 гадоў у Луньне будзе ўшанаваная памяць пра паўтары тысячы вязьняў мясцовага гета, якія у 1942 годзе былі вывезеныя і зьнішчаныя ў канцлягеры Асьвенцім. У цэнтры вёскі пачата добраўпарадкаваньне месца пад мэмарыяльны знак”, – кажа спадарыня Карповіч.

(Карповіч: ) “А месца – цудоўнае. Па-першае, яно па дарозе да базару, які ў Луньне існаваў ува ўсе часы. Па-другое, управа і ўлева, уперадзе і ззаду – дамы, у якіх жылі габрэі. Як добраўпарадкуецца, то будзе цудоўны куточак. Ад цэнтру будзе відаць памятны знак”.

Валянціна Карповіч таксама паведаміла, што зь сёньняшняга дня на старых габрэйскіх могілках у Луньне пачынаюць працаваць валянтэры з Злучаных Штатаў Амэрыкі. Аб праграме амэрыканцаў у Луньне я гутарыў з намесьнікам дырэктара мясцовай школы Іванам Адаміным. Ён адзначыў, што 20 студэнтаў і выкладчыкаў з ЗША будуць працаваць на аднаўленьні пагосту ХІХ стагодзьдзя. Паводле Івана Адаміна, прадугледжваюцца таксама спартыўныя і культурныя мерапрыемствы.

(Адамін: ) “Вядома, тых могілак 60 гадоў ніхто ня чапаў. Як яны былі, так і засталіся. Што амэрыканцы там могуць зрабіць, цяжка меркаваць. Відаць, крыху ўпарадкуюць і будуць ладзіць агароджу. Будзе тут сумесны футбольны матч у нас на стадыёне. Потым пройдзе сустрэча ў актавай залі. Суткі амэрыканцы правядуць у беларускіх сем’ях. Заўтра наведаюць наш музэй. Гэта таксама ў іх праграме. У музэі ёсьць аддзел, прысьвечаны габрэям. Нават там Тора захоўваецца. Рабін іхны таксама заўтра прыедзе”.

Амэрыканскія валянтэры будуць працаваць на аднаўленьні габрэйскіх могілак у Луньне да 22 чэрвеня. У найбліжэйшы аўторак чакаецца прыезд у Лунна прадстаўнікоў пасольстваў ЗША і Ізраілю.

Студэнты і выкладчыкі з Дартмуцкага ўнівэрсытэту ўжо чацьверты год запар аднаўляюць габрэйскія могілкі ў Беларусі. Раней яны працавалі на Гарадзеншчыне (у Сапоцкіне, Індуры і Камянцы), а таксама ў мястэчку Сьвір Мядзельскага раёну.
XS
SM
MD
LG