Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Амаль 20 працэнтаў сужэнстваў у Беларусі ня маюць дзяцей


Сьвятлана Курс, Менск У бальшыні краінаў сьвету колькасьць бязьдзетных сямейных параў вагаецца ў межах ад 13 да 18 працэнтаў. Цяпер на адну жанчыну прыпадае 1,2 нараджэньня. Дэмографы канстатуюць арыентацыю сем’яў на адно дзіця або нават увогуле на бязьдзетны шлюб.

Міністэрства замежных справаў Беларусі нядаўна абвергла паведамленьні шэрагу беларускіх СМІ, што ў Беларусі найніжэйшая нараджальнасьць у Эўропе, і паінфармавала пра колькасьць нараджэньняў за год – 9 на 1000 жыхароў краіны. За 16 гадоў нараджальнасьць зьнізілася амаль удвая, але за апошнія два гады спад запаволіўся на паўпрацэнта. Гэта паводле афіцыйнае статыстыкі. Насьцярожвае тое, што спэцыяльнае ўпраўленьне Міністэрства статыстыкі ўхіляецца ад адказу на пытаньне, колькі ў Беларусі бязьдзетных шлюбаў. У той жа час мэдыкі канстатуюць, што кожная пятая сям’я – бясплодная. Гэтая статыстыка не разьдзяляе тых, хто фізычна ня можа мець дзяцей, і тых, хто ня хоча.

Толькі ў Нацыянальны навукова-практычны цэнтар “Маці й дзіця” са скаргамі на бясплоднасьць зьвяртаюцца штогод да 6 тысячаў сужэнстваў. Прычым бясплоднымі бываюць абодва сужэнцы. Мужчынская й жаночая бясплоднасьць можа быць выкліканая цэлым шэрагам прычынаў – запаленьнямі полавых органаў, курэньнем, празьмерным спажываньнем алькаголю, наркатычнай залежнасьцю, шкоднымі ўмовамі працы, радыяцыйным апраменьваньнем, хіміятэрапіяй, анабалічнымі стэроідамі, спадчыннымі хваробамі.

Ёсьць і тыя, хто ня хоча мець дзяцей па сацыяльных паказьніках. Мая суразмоўніца 28-гадовая Алена доўга жыла ў беднасьці, пакуль знайшла выгадную мэнэджарскую працу. Алена ня хоча яе страціць.

(Алена:) “Кватэры задарагія, жыцьцё задарагое, сябе ня можаш забясьпечыць, то нашто яшчэ й дзіця?”

Некалькі гадоў таму Жаночы адукацыйна-кансультацыйны цэнтар пад кіраўніцтвам Людмілы Пецінай правёў апытаньне сярод жанчын, у якім між іншых было й пытаньне “Ці можаце й хочаце вы мець дзіця?”.

(Пеціна: ) “Больш за 50 працэнтаў жанчын гаварылі пра тое, што ня могуць сабе дазволіць першага альбо – часьцей – другога дзіцяці. Праз эканамічныя прычыны, а не ад жаданьня зрабіць кар’еру, бо ў нас на поўны дзень працуюць садкі, і яны больш-менш даступныя”.

Многія беларускія жанчыны гавораць, што нараджэньне дзіцяці нэгатыўна адбілася на іхнай кар’еры, што яны адчуваюць сябе нявольніцамі, седзячы цэлы дзень зь дзіцем. У Нямеччыне ровень нараджальнасьці толькі трохі вышэйшы за беларускі. Немкі часьцяком ня хочуць заводзіць дзіця. Адсутнасьць абавязкаў, неабмежаваная воля – вось чым матывуюць яны сваё рашэньне.

Надзя Аўсіевіч, кіраўніца грамадзкай арганізацыі “Калегіюм”, якая займаецца гендэрнымі дасьледаваньнямі, гаворыць пра швэдзкі досьвед выхаваньня й пра ўласнае стаўленьне да праблемаў мацярынства.

(Аўсіевіч:) “Адзін з бацькоў ідзе ў адпачынак для догляду дзіцяці, захоўваецца ад 80 да 90 працэнтаў ягонага месячнага заробку. А для мяне немаўляцтва асацыюецца выключна з праблемамі”.

У Беларусі лічыцца, што мацярынства – “сьвяты абавязак”. А між тым амэрыканскія дасьледаваньні сьведчаць, што толькі адна з чатырох мацярок зьвязвае з мацярынствам выключна станоўчыя эмоцыі, тады як кожная пятая жанчына бачыць у мацярынстве выключна адмоўныя бакі. Дасьледаваньні навукоўцаў з Гомельскага ўнівэрсытэту імя Скарыны пацьвярджаюць, што толькі ад чвэрці да траціны апытаных жанок згодныя прысьвяціць сябе сям’і, дый то пры ўмовах поўнага забесьпячэньня сваіх матэрыяльных і духовых патрэбаў.
XS
SM
MD
LG