Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зьявіцца гарэлка ад пахмельнага сындрому


Юлія Шарова, Менск Сумеснае прадпрыемства “Аквадив” неўзабаве пачне вытворчасьць гарэлкі, якая зьмякчае пахмельны сындром. У напой будуць дадаваць бурштынавую кіслату – гэтае рэчыва як быццам здымае непрыемныя наступствы празьмернага спажываньня алькаголю.

Бурштынавая кіслата – гэта ўнівэрсальны біястымулятар і неадымны кампанэнт усіх жывых арганізмаў. Выпрацоўваецца яна ў клетках чалавека ды адказвае за энэргетычны абмен. Увогуле, гарэлка з бурштынавай кіслатой – зусім ня ноў-хаў фірмы “Аквадив”. Паводле начальніка лябараторыі прадпрыемства Зоі Манід, такую гарэлку выпускаюць у шмат якіх краінах сьвету, у тым ліку ў Расеі.

З бурштынавай кіслатой будуць вырабляць два новыя гатункі гарэлкі – “Аквадив медовая” ды “Аквадив янтарная”. Праўда, пра тое, наколькі гэтая гарэлка ратуе ад пахмельнага сындрому, Зоя Манід сказаць ня можа – не было магчымасьці праверыць.

(Манід: ) Ніхто не праводзіць дасьледаваньняў. У нас няма такой магчымасьці, каб чалавек піў менавіта гэтую гарэлку, а тады сказаў. Мы спадзяемся, што яна неяк дзейнічае. Зь літаратуры даведаліся, што вось гэтая кіслата здымае пахмельны сындром. А так нашыя гарэлкі й бяз гэтага добрыя, пасьля нашых гарэлак, калі іх нармальна спажываць, няма ніякага пахмельнага сындрому. Мы вырашылі дадаць бурштынавую кіслату, паспрабаваць. Стварыць новы прадукт”.

Спадарыня Манід нават пажартавала, што калі чалавек вып’е вядро гарэлкі, то наўрад ці яму бурштынавая кіслата дапаможа.

Пахмельны сындром – гэта вынік узьдзеяньня на арганізм чалавека прадуктаў распаду этылевага сьпірту, тлумачыць таксыколяг Менскага гарадзкога наркалягічнага дыспансэру Аляксандар Чубукоў. Калі адбываецца атручваньне, арганізм трэба проста ачышчаць.

(Чубукоў: ) “Атрутнае дзеяньне этылевага сьпірту – гэта трэба прыблізна пяць грамаў на кіляграм вагі даць чалавеку. Нармальнаму чалавеку вагой восемдзясят кіляў трэба выпіць паўтары – дзьве пляшкі. Можа здарыцца атручэньне. А вось ацэталдэгіду дастаткова дзесяці грамаў, каб ужо атрымаць тое ж самае атручэньне. Атрутны эфэкт здымаць трэба. А наколькі тут узьдзейнічае бурштынавая кіслата, мне цяжка сказаць”.

Калі чалавек сярэдняй вагі атрымлівае празь любыя алькагольныя напоі да 20 грамаў этылевага сьпірту, то гэтае рэчыва будзе распадацца цалкам, тлумачыць таксыколяг. Калі ж доза вышэйшая, прадукты распаду этылевага сьпірту назапашваюцца й не пасьпяваюць распадацца – у такім выпадку пахмельны сындром надыходзіць хутчэй і застаецца даўжэй. “Загартаваць” арганізм алькаголем, каб раніцай пасьля кожнай пагулянкі не прачынацца зь цяжкой галавой, немагчыма – такія трэніроўкі сапсуюць пячонку. Відаць, тады ўжо ніякай бурштынавай кіслатой здароўя не паправіш.

У адной з аптэк Менску, куды я завітала, кажуць, што сродкі ад пахмельнага сындрому наведнікі набываюць ня вельмі часта. Найбольшы попыт – на “Алькапрым”. Гаворыць супрацоўніца аптэкі: (Аптэкарка: ) “Прыходзяць мужчыны пасьля суботы, пасьля нядзелі, пасьля сьвятаў. А ў будныя дні не прыходзяць. Сёньня, напрыклад, ніводнага разу не было такога пытаньня. Пытаюцца асьпірын – ён гэта здымае. Можна прэпараты вугалю ўжыць, поліфэпану болей выпіць. Але найлепшы сродак – гэта, вядома ж, ня піць лішняга”.
XS
SM
MD
LG