Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шчучын (фотарэпартаж)


Ягор Маёрчык, Шчучын, Гарадзеншчына (эфір 13 чэрвеня). Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.





Ня ведаю, чаму верыць: сваім вачам ці напісанаму на шыльдзе. Пазначана, што дата заканчэньня рэканструкцыі палацу Друцкіх-Любецкіх — сьнежань 2004-га. Аднак за плотам пашарпаная будыніна. Вокны і дзьверы забітыя. І толькі дах пакрыты новай бляхай. Уваходжу на будоўлю. Усярэдзіну патрапіць не ўдаецца, але пра многае кажа і выгляд. Там, дзе тынкоўка адвалілася, відаць цагліны 17 стагодзьдзя, ацалелыя часткі размаляваныя графіці. Сьцены, якія злучалі два корпусы ў адно цэлае, разбураныя. І тут утварылася звалка з будаўнічага друзу і сьмецьця.





80-гадовы Ўладзімер Глаз дамогся прыёму ў Аляксандра Лукашэнкі, неаднойчы пісаў у міністэрствы, наведваўся ў чыноўніцкія кабінэты райвыканкаму і аблвыканкаму. І рабіў ён гэта толькі з адной мэтай — дамагчыся, каб палац пачалі рэстаўраваць. Спадар мае пэўны сантымэнт — ягоны бацька працаваў у князёў вэтэрынарам. Аляксандар Лукашэнка заявіў пэнсіянэру, што палац аднавіць трэба абавязкова. Накіраваў сюды камісію, якая толькі і пацьвердзіла словы першай асобы.

Uladzimir Hlaz

Як разгортваліся падзеі далей, згадвае сам Уладзімер Глаз.

(Глаз: ) “Я ведаю, што ў часы нямецкай акупацыі тут быў шпіталь. Мне немцы напісалі, што яны недзе прачыталі мой заклік сабраць сродкі на рэстаўрацыю палацу і абвясьцілі па ўсёй Нямеччыне акцыю. І мне спатрэбіўся разьліковы рахунак, каб яны змаглі пералічаць ахвяраваньні. Я прыйшоў у райвыканкам. Старшыня кажа: “Падачак я не хачу! І ніякіх табе разьліковых рахункаў ня будзе! Калі ты пачаў гэтую рэстаўрацыю, ты яе і рабі, а нам яна не патрэбная!” Не далі мне адкрыць разьліковы рахунак — тут усё і спынілася.

Паехаў я ў Гарадзенскі аблвыканкам да Саўчанкі, гэта старшыня. Ён мяне добра прыняў і параіў, каб я напісаў заяву. Я гэта зрабіў, і празь месяц прыходзіць адказ, што на рамонт палацу вырашылі даць 100 мільёнаў. Падлічылі, і гэтага аказалася мала. Выдаткавалі яшчэ 100 мільёнаў. А на 2005 год выдаюць яшчэ 200 мільёнаў. Паўмесяца таму я напісаў эмацыйны жорсткі ліст ў Міністэрства адукацыі. “Вы там сядзіце і нават ня ведаеце, дзе гэты Шчучын знаходзіцца, ня ведаеце, што ў нас тут палац ёсьць!”

(Карэспандэнт: ) “Адказ вам прыйшоў?”

(Глаз: ) “Паабяцалі на летнія месяцы прыслаць студэнтаў-рэстаўратараў. Сказалі, што палац будуць аднаўляць”.



Генадзь Кіенка


“Палітычная геаграфія” пра Шчучын аднойчы ўжо гучала на хвалях “Свабоды”. Пяць год таму супрацоўнік электрасетак, сябра Партыі БНФ Генадзь Кіенка казаў:

(Кіенка: ) “Становішча сёньня месяц ад месяца ўсё болей пагаршаецца. Нават былыя вайскоўцы, якія ў свой час падтрымлівалі прэзыдэнта, сёньня задаюць тыя пытаньні, якія хвалююць. Былі такія прыклады, што да сябраў БНФ падыходзілі вайскоўцы. Паступалі нават прапановы ў дапамозе падчас выбарчай кампаніі”.

Я на тым месцы, дзе ня так даўно была вайсковая частка. А цяпер тут разьбіраюць узьлётную паласу. Жалезабэтонныя пліты прыдадуцца ў будаўніцтве ці яшчэ на якую гаспадарчую патрэбу.





Тут, на ўскрайку Шчучына захавалася і 80 самалётных ангараў. Раней браняваная брама расчынялася націскам адной кнопкі. Цяпер, каб пасунуць адну палову, запрагаюць некалькі трактароў. На ўнутраных сьценах з савецкага часу захаваліся надпісы кшталту: “Палёты без аварыяў — справа дзяржаўнай важнасьці!”





Пакуль мясцовыя ўлады думаюць, як упарадкаваць колішнюю вайсковую маёмасьць, на аэрадроме гаспадараць дзеці. У сховішчах і ангарах яны гуляюцца ў вайнушку.

Я гутару з чыноўнікам Шчучынскага райвыканкаму, які папрасіў не называць ягонага імя.

(Карэспандэнт: ) “Вайсковая частка цалкам зьліквідаваная, на аэрадроме дзеці нават гуляюць. У райвыканкаму ёсьць плян, як выкарыстоўваць тую маёмасьць, якая там засталася? На гэтым можна зарабіць грошы”.

(Чыноўнік: ) “Я ня ведаю, ці ёсьць такі плян”.

(Карэспандэнт: ) “ А што наконт станцыі абезжалезьваньня вады — абяцалі ўвесьці, але не ўвялі...”

(Чыноўнік: ) “Там патрэбна шмат грошай. Там патрэбна болей за мільярд. А ў скарбніцы такіх грошай няма. Тым больш. што наш бюджэт на 53% датуецца. Наколькі я ведаю, вобласьць нават абяцала дапамагчы. Але грошай не далі. І тады вырашылі зрабіць падмурак, каб зачапіцца, і каб пазьней можна было працягваць гэтыя працы”.





У савецкі час вайсковая частка сваімі паўсакрэтным існаваньнем накладала адбітак на жыцьцё ўсяго 19-тысячнага гораду. Прамысловых прадпрыемстваў тут не будавалі, бо любая вытворчасьць — гэта прыцягненьне новых, нетутэйшых людзей. А чужыя вочы тут нікому не былі патрэбныя. З гэтай прычыны ў Шчучыне ёсьць толькі адзін завод — “Аўтадрот”. Гэтае акцыянэрнае таварыства на мяжы спыненьня.

(Спадар: ) “У нас такая сытуацыя: усе склады заваленыя прадукцыяй, і ніхто яе не бярэ. Нам штораз гавораць, што гэта прадукцыю рабіць больш таннай. А за кошт чаго гэта рабіць, калі навокал столькі дармаедаў? Хацелі перайсьці на трохдзённых працоўны тыдзень. Пайшоў наш дырэктар у райвыканкам. Яны там вочы павыкатвалі: “Як такое можа быць? Ваш завод паказваюць па тэлевізары як перадавы, а вы на трохдзёнку хочаце перайсьці! Нават ня думайце пра такое! Выкручвайцеся як хочаце!” Карацей, не далі нам гэтага зрабіць. І цяпер кажуць, што трэба скарачаць 80 чалавек”.

І яшчэ колькі словаў пра ролю тэлевізіі ў жыцьці Шчучына. Вяртаюся да размоваў з Генадзем Кіенкам. Цяпер ўжо сьвежы запіс, 2005 году:

(Карэспандэнт: ) “Як зьмяніліся палітычныя сымпатыі за апошнія пяць год, ад тых прэзыдэнцкіх выбараў і да пачатку новай прэзыдэнцкай кампаніі?”

(Кіенка: ) “Тыя людзі, якія не ўсьведамлялі сваіх стасункаў з уладаю, зьмянілі адносіны. І цяпер падчас размовы яны самі пачынаюць гаварыць пра палітычную пазыцыю. Яны пачынаюць асэнсоўваць сытуацыю. Раней такога не было. Мне падаецца, што вельмі моцна тут уплываюць сродкі масавай інфармацыі. Калі з тэлевізара яны чуюць адно, а ў жыцьці бачаць іншае, параўнаньне гэтых двух бакоў дае тэмы для роздуму”.

Шчучын — адзін зь нямногіх райцэнтраў Гарадзеншчыны, які можа пахваліцца навуковай установай. Тут дзейнічае Дасьледчы інстытут сельскай гаспадаркі.

Калі рыхтаваўся першы выпуск “Палітычнай геаграфіі”, кандыдат навук Пятро Кухарчык толькі-толькі напісаў заяву на звальненьне.

(Кухарчык: ) “Адпрацаваў я болей за чатырнаццаць гадоў. Мне прыйшлося пайсьці зь некалькіх прычынаў. Пасада навуковага супрацоўніка перастала быць прэстыжнай. Фактычна, навука цяпер выжывае. Сродкаў, які выдаткоўваюцца на фінансаваньне навуковай дзейнасьці, нават не хапае на заробак. І гэта не гаворачы пра тыя матэрыяльна-тэхнічныя сродкі, якія павінны быць, каб праводзіць навуковыя дасьледаваньні. Апошнім часам навука стала абслугоўваць уладныя структуры”.

Празь пяць гадоў пры мікрафоне ўсё той жа Пятро Кухарчык. Цяпер ён прыватны прадпрымальнік:

(Кухарчык: ) “Я займаюся той самай справай, што і ў інстытуце, толькі цяпер гэта мой уласны бізнэс. У мяне ёсьць пэўны досьвед і кваліфікацыя. І я бачу, што яна можна знайсьці ўжытак у сельскай гаспадарцы. Я кансультую гаспадаркі”.

(Карэспандэнт: ) “А што адбываецца ў самім інстытуце?”

(Кухарчык: ) “Стан інстытуту не палепшыўся. Ён перастаў выконваць свае функцыі, ён пераўтвараецца ў звычайную сельскагаспадарчую арганізацыю, якая займаецца вырошчваньнем пэўных культураў. А наконт навукі там цяпер вельмі складана”.





Наагул, турысту варта наведаць Шчучын. Апроч паўразбуранага палацу, тут ёсьць кляштар і касьцёл Сьвятой Тэрэзы. У цэнтры гораду захаваліся будынкі 18 стагодзьдзя. Усё гэта для аматараў гісторыі. Ну, а экзотыка сёньняшняга жыцьця — гэта спусьцелая вайсковая база, падмурак станцыі абезжалезьваньня вады. А побач са шматкватэрнымі дамамі замест кветнікаў можна пабачыць градкі з цыбуляй, морквай і нават бульбай.
XS
SM
MD
LG