Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гаворкі пра дружыны БРСМ, пра міжнародныя кантакты моладзевых ініцыятываў, пра дыеты і пра фенькі


Вольга Канапелька, Ягор Маёрчык, Менск (эфір 12 чэрвеня). Новая перадача сэрыі “Маладыя галасы”.

(Ягор Маёрчык: ) “Усім прывітаньне! Вы на хвалях “Свабоды” ў праграме “Маладыя галасы”.

(Вольга Канапелька: ) “З вамі Вольга Канапелька і Ягор Маёрчык. Сёньня вы пачуеце…”

(Маёрчык: ) “На Меншчыне ствараюцца апэратыўныя атрады дружыньнікаў БРСМ. Гэтыя злучэньні будуць забясьпечваць парадак на вуліцах гарадоў. З гэтай нагоды — нашая апытанка”.

(Канапелька: ) “Беларусь наведала група каардынатараў фонду імя Робэрта Боша. Яны наладжвалі кантакты зь недзяржаўнымі арганізацыямі. Візытэры прызналіся, што пабачанае стала вялікім сюрпрызам. Толькі ў “Маладых галасах” немцы загаварылі па-беларуску”.

(Маёрчык: ) “Далей мы будзем гутарыць пра дыеты. Як схуднець так, каб не нашкодзіць здароўю і ня зьехаць з глузду”.

(Канапелька: ) “І пры канцы праграмы мы заплянавалі кароткую лекцыю. Што такое фенькі? Хто і навошта іх вырабляе? І якія колеры цяпер модныя?”

Гаворкі пра дружыньнікаў

(Канапелька: ) “Менскі абласны савет дэпутатаў вырашыў да 1 ліпеня ў кожным паселішчы вобласьці стварыць апэратыўныя атрады дружыньнікаў зь ліку сябраў БРСМ. Яны будуць дапамагаць міліцыянтам падтрымліваць парадак на вуліцах”.

(Маёрчык: ) “Камэнтары з гэтай нагоды такія — адраджаецца яшчэ адзін атрыбут савецкага ладу жыцьця. Калі хто памятае, за часам СССР такія дружыны патрулявалі вуліцы. Сярод іншых захадаў у справе падтрыманьня грамадзкага парадку, камсамольцы вылоўлівалі хлопцаў з даўгімі валасамі і гвалтам галілі ім галаву”.

(Канапелька: ) “Ягор, а можа, тваё скептычнае стаўленьне выкліканае страхам? Ты баісься, што цябе вылавяць і зьніштожаць фрызуру?”

(Маёрчык: ) “Вольга, зараз будзем размаўляць сур’ёзна. Шчыра прызнаюся, я добраахвотна гатовы састрыгчы свае даўгія валасы, абы гэта раз і назаўсёды спыніла аднаўленьня атрыбутаў СССР”.

(Канапелька: ) “Баюся, Ягор, нават калі ты паголіш галаву, гэта наўрад ці нешта зьменіць. Наш памочнік Франак Вячорка выправіўся на вуліцы Менску, каб пачуць меркаваньні маладых гараджанаў”.

(Вячорка: ) “Пры ўправах унутраных справаў будуць стварацца адмысловыя зьвязы дружыньнікаў Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі. Разам з супрацоўнікамі міліцыі яны будуць сачыць за грамадзкімі парадкам. Як ты да гэтага ставісься?”

(Хлопец: ) “Падазраю, што на самой справе асноўнай функцыяй гэтых БРСМаўскіх дружынаў будзе не падтрымка грамадзкага парадку. Хутчэй, гэта будзе цэнзура за паводзінамі моладзі. Адпаведна, маё стаўленьне да гэтага вельмі нэгатыўнае. У Беларусі 120 тысяч міліцыянтаў. Справамі падтрымкі грамадзкага парадку павінны займацца яны, але моладзь гэта рабіць не павінна”.

(Вячорка: ) “Ці будуць маладыя людзі выказваць жаданьне працаваць у такіх атрадах?”

(Хлопец: ) “Я мяркую, што калі моладзь і будзе далучацца да нейкіх атрадаў, гэта будзе матывавана выгодамі. Так было на пачатку стварэньня БРСМ. Людзей агітавалі ўступаць у гэтую арганізацыю, заахвочвалі рознага кшталту зьніжкамі. Такая ж сытуацыя будзе і тут”.

(Дзяўчына: ) “Я лічу, што людзі самі павінны імкнуцца да маральнага выхаваньня. Гэтыя атрады непатрэбныя. Гэта яшчэ адна рыса гвалту над асобай. Яны ня будуць спрыяць парадку на вуліцах”.

(Вячорка: ) “Пры міліцыі ствараюцца адмысловыя атрады дружыньнікаў БРСМ. Як ты да гэтага ставісься?”

(Другі хлопец: ) “Я лічу, што гэта зусім непатрэбная зьява. Адстой! Гэта новы бзік нашай улады. У ранейшыя часы па вуліцах таксама хадзілі такія людзі. Я думаю, што гэта вяртаньне да былых часоў”.

(Другая дзяўчына: ) “Я стаўлюся да гэта вельмі адмоўна. Задралі! Гэта татальны кантроль! Я супраць татальнага кантролю над асобай! Што гэта такое?! Мне вельмі шкада, што ў значнай часткі маіх аднагодкаў няма мазгоў!”

Гаворкі пра міжнароднае партнэрства

(Маёрчык: ) “Беларусь наведала група каардынатараў фундацыі імя Робэрта Боша. Мэта візыту — усталяваць кантакты зь недзяржаўнымі арганізацыямі Менску і абласных цэнтраў”.

(Канапелька: ) “Па сканчэньні візыту адзін з каардынатараў Ёрн Каўфхольд заявіў, што для яго пабачанае стала вялікім сюрпрызам. Ён падкрэсьліў: “Мы ведаем, што ў Беларусі існуюць вялікія цяжкасьці з рэгістрацыяй недзяржаўных арганізацыяў, і нас уразіў той энтузіязм і фантазія, зь якой яны працуюць нават у невялікіх гарадах. У нас склалася вельмі добрае ўражаньне аб беларускіх недзяржаўных арганізацыях, і мы маем намер усталяваць з тымі, хто гэтага жадае, больш цеснае супрацоўніцтва. Мы зацікаўленыя ў кантактах зь Беларусьсю”.

(Маёрчык: ) “Ну а ў нас інтэрвію зь яшчэ адным каардынатарам”.

(Канапелька: ) “Ягор, ты гутарыў зь ім па-нямецку? Калі так, я прыемна зьдзіўленая тваімі моўнымі здольнасьцямі”.

(Маёрчык: ) “Вольга, з Карлам я гутарыў па-беларуску. Дзеля больш плённага супрацоўніцтва ён вывучыў нашую мову. А што да тваіх закідаў, то скажу праўду. Дойч я штудыяваў, але так яго і не адолеў”.

(Канапелька: ) “Гэтым ты нікога не зьдзівіў. І мы атрымліваем задавальненьне не ад нямецкай мовы Ягора Маёрчыка, а да беларускай з вуснаў прадстаўніка фундацыі імя Робэрта Боша”.

(Карл: ) “Мы — прадстаўнікі розных моладзевых ініцыятываў зь Нямеччыны, Чэхіі і Польшчы. Мы хацелі пазнаёміцца з прадстаўнікамі беларускіх моладзевых ініцыятываў. Нашая мэта — знайсьці новыя кантакты, каб разам працаваць у будучыні”.

(Маёрчык: ) “Вы ўжо бывалі ў Беларусі. Нават некаторы час тут жылі. Калі параўноўваць уражаньні ад таго прыезду з тым, што вы бачыце цяпер, як мяняецца Беларусь, як мяняецца беларуская моладзь?”

(Карл: ) “Трэба сказаць, што ёсьць вялікая розьніца між Менскам і рэгіёнамі. Вось гэта мы цяпер вельмі моцна адчулі. У людзей ёсьць такія думкі, што тут зусім небясьпечна, што тут толькі бяда. Нават палякі кажуць, што ў іхнай краіне страшна баяцца Беларусі. Маўляў, у вас небясьпечна. Але для нас тут зусім нармалёва. Магчыма, так добра толькі для замежнікаў, а для вас значна горш”.

(Маёрчык: ) “Вы сустракаліся з прадстаўнікамі недзяржаўных арганізацыяў. Ці былі ў вас стасункі з афіцыйнымі асобамі?”

(Карл: ) “Не. Мы выключна сустракаліся зь недзяржаўнымі арганізацыямі. З майго гледзішча, цікава было б сустрэцца і зь дзяржаўнымі арганізацыямі, з БРСМ, але з такімі мы не сустракаліся. Мэта нашага падарожжа была пазнаёміцца менавіта зь недзяржаўнымі арганізацыямі. Нам трэба было пабачыць, як працуюць людзі ў такіх няпростых умовах”.

(Маёрчык: ) “Пасьля зьмены ўлады ў Грузіі і ва Ўкраіне, у Беларусі шмат хто зь дзяржаўных асобаў баіцца, што тут адбудзецца тое самае. Таму чыноўнікі спрабуюць абмежаваць кантакты беларускага боку з замежнікамі. Ці ня цяжка было прыехаць у Беларусь?”

(Карл: ) “Ня вельмі цяжка было. Каб набыць візу, нам неабавязкова казаць, для чаго. Ёсьць розныя віды візаў. Мы казалі, што нам патрэбны турыстычныя. Мы наўмысна не казалі сапраўднай мэты падарожжа. Мы ўсяго толькі заяўлялі, што гэта студэнцкая вандроўка”.

(Маёрчык: ) “А вы не баіцеся, што наступным разам будзе цяжка прыехаць?”

(Карл: ) “Пакуль не баімся. Некаторыя прадстаўнікі казалі, што з наступнага году краіна будзе зусім зачыненая. Аднак у нас няма такіх пэсымістычных думак. Спадзяемся, што турыстам і студэнтам заўсёды можна будзе трапіць да вас”.

(Маёрчык: ) “Вы сустракаліся з рознымі людзьмі. Ваш прагноз: ці будзе ў Беларусі свая рэвалюцыя?”

(Карл: ) “Не магу адказаць на пытаньне. Мы назіраем шмат актыўнасьці ва ўсялякіх абласьцях. Але людзей, якія ўдзельнічаюць, магло б быць болей”.

(Маёрчык: ) “Дзе вы так добра вывучылі беларускую мову?”

(Карл: ) “На філялягічным факультэце БДУ. Шчыра кажучы, я размаўляю па-беларускі толькі з такімі беларусамі, якія самі размаўляюць. А ў крамах вельмі зрэдку наважваюся размаўляць па-беларуску. Ячшэ крыху саромеюся”.

Гаворкі пра дыеты

(Канапелька: ) “Маёрчык, што ты робіш?!”

(Маёрчык: ) “Канапелька, хочаш кавалачак шакалядкі з арэхамі? Я сёньня добры”.

(Канапелька: ) “Ягор, дзякуй, але я ня буду”.

(Маёрчык: ) “А чаму?”

(Канапелька: ) “Не люблю”.

(Маёрчык: ) “А што гэта з табой здарылася?! Раней не заўважаў, каб ты салодкага не любіла”.

(Канапелька: ) “Ладна, адкрыю табе таямніцу. Я на дыеце. Сьвядома абмяжоўваю сябе ў салодкім, каб праз пару тыдняў у часе адпачынку выглядаць на пляжы супэрпрывабна”.

(Маёрчык: ) “Можа, ты яшчэ і ад піва з чыпсамі адмовілася?”

(Канапелька: ) “Адмовілася! І хопіць мяне спакушаць рознымі штучкамі-дручкамі!”

(Маёрчык: ) “А-ёй-а-ёй! Куды ж гэта, людцы, сьвет коціцца?”

(Канапелька: ) “Табе, між іншым, таксама не перашкодзіла б сесьці на дыету. А то ўсё выпітае піва вісіць вышэй пасу. Вось што гэта такое!”

(Маёрчык: ) “Ой, Вольга! Твае такія пяшчотныя дотыкі да майго піўнога жывата нараджаюць вельмі нечаканыя думкі...”

(Канапелька: ) “І мары твае мусяць быць толькі пра адно: як бы хутчэй запісацца ў трэнажорную залю!”

(Маёрчык: ) “Ну, давай, Канапелька, распавядзі мне казку пра тое, што жанчыны любяць мужчынаў за пляскаты жывот і накачаныя цягліцы!”

(Канапелька: ) “Ні ў чым пераконваць я цябе не зьбіраюся! Які плён?! Табе хоць кол на галаве чашы, а ты будзеш стаяць на сваім! Лепей паслухаем, што кажа пра дыеты госьця нашае праграмы Ганна”.

(Ганна: ) “Навошта людзям дыеты? У наш час створаны культ глямурных часопісаў. Там схуднелыя дзяўчаты. Уся моладзь імкнецца быць падобнымі да іх. Аднойчы я села на глябальную дыету і за два месяцы схуднела на 15 кіляграмаў. Сутнасьць дыеты ў тым, каб выбіраць для свайго харчаваньня правільныя прадукты, не ўжываць чыпсаў і газаваных напояў — яны шкодныя для страўніка і не прыносяць ніякай карысьці. Я перачытала шмат літаратуры і зьяўляюся прыхільніцай “крамлёўскай” дыеты. Трэба меней спажываць вугляводаў і болей мяса, болей гародніны і садавіны”.

(Маёрчык: ) “Увесь час вядуцца спрэчкі: шкодныя дыеты для здароўя ці не?”

(Ганна: ) “Яны ня шкодныя, калі яны збалянсаваныя. А калі ты проста нічога не ясі, натуральна, гэта кепска для здароўя”.

(Маёрчык: ) “Калі казаць пра вашых аднагодак, ці ўсьведамляюць яны, што трэба ісьці да доктара? Альбо яны проста кажуць, што пачынаюць радыкальна худнець?”

(Ганна: ) “Большасьць менавіта так і кажа. Маладыя не ўсьведамляюць, што нерацыянальнай дыетай можна нанесьці яшчэ большую шкоду, чым калі не сядзець на ёй”.

(Маёрчык: ) “Такое вымагае сілы волі і рашучасьці. Ці цяжка было прайсьці праз гэта?”

(Ганна: ) “Безумоўна, гэта вымагала вялізныя намаганьні. Але я не шкадую, бо мне гэта прынесла сілу волі. І цяпер я вельмі лёгка выношу жыцьцёвыя перашкоды. Я звычайна думала: “Я зараз зьем гэты пернік. А калі ня зьем, то заўтра змагу апрануць тое і тое, і заўтра я ня буду сама сябе крытыкаваць, у мяне будзе ўласная гармонія”.

(Маёрчык: ) “А вы ні разу не зрываліся?”

(Ганна: ) “Безумоўна, калі-небудзь можна сарвацца на адну цукерку, але ў большасьці выпадкаў стрымліваюся. Сядаць на дыету вельмі рызыкоўна, бо можна зьехаць з глузду. У мяне некаторыя знаёмыя худнеюць і пасьля ня могуць есьці зусім нічога. У іх зьяўляецца псыхалягічны бар’ер: “Я зьем нешта, і мне дадасца кіляграм”. Я гэта пераадолела і магу сказаць, што дыета ня стала ладам майго жыцьця. Але час ад часу, стоячы перад люстэркам я думаю, што трэба дні два нічога не паесьці”.

(Маёрчык: ) “А навошта вам такая худзізна? Навошта пагоня за глямурнымі часопісамі? Няўжо для моладзі гэта так важна?”

(Ганна: ) “Гэта важна для мяне самой. Калі я стаю перад люстэркам і сама сабе падабаюся, тады мне камфортна і жыцьцё становіцца вясёлым. А калі што-небудзь вісіць, я хаджу хмурная. Таму я лічу, што худзізну трэба падтрымліваць для ўласнага камфорту і зручнасьці жыцьця”.

Гаворкі пра фенькі

(Маёрчык: ) “Доказам таго, што чалавек можа быць прыгожы ня толькі целам, але і нейкімі прыбамбасамі на ім, нашая чарговая размова”.

(Канапелька: ) “Доўгі час фенькі лічыліся выключна праяваю культуры гіпі. Аднак пазьней перавандравалі ў іншыя культуры. І цяпер такое ўпрыгожваньне можна пабачыць на руках і нават нагах моладзі”.

(Маёрчык: ) “Спадарства, распытваць Вольгу Канапельку пра ролю фенек у ейным жыцьці ня мае сэнсу. Яна прыхільніца больш традыцыйных упрыгожваньняў. Носіць звыклыя мэталічныя пярсьцёнкі і завушніцы. І не вядома срэбра гэта, ці алюміній”.

(Канапелька: ) Ну, Ягор ты даеш! Срэбра ад золата адрозьніць ня можаш!”

(Маёрчык: ) “А раптам ты алюміній у жоўты колер пафарбавала”.

(Канапелька: ) “Давай лепей паглядзім, што цябе ўпрыгожвае. Гадзіньніка і таго няма. Зусім няма на што паглядзець!”

(Маёрчык: ) “Але ў позьнім дзяцінстве я фенькі насіў”.

(Канапелька: ) “Мабыць, з паперы іх выразаў”.

(Маёрчык: ) “Не ўгадала! У якасьці падарункаў ад дзяўчат атрымліваў”.

(Канапелька: ) “Тыя ўпрыгожваньні былі для іх як валізка бяз ручкі: выкінуць шкада, а цягаць з сабой ня хочацца. Вось яны табе іх і ўцюхалі”.

(Маёрчык: ) “Злая ты, Канапелька”.

(Канапелька: ) “Гляньце вы! Ён пакрыўдзіўся. Ты ж толькі ня плач. Спадарства, пакуль Ягор Маёрчык выцірае сьлёзы, мы паслухаем Ірыну. Фенькі яна носіць не здымаючы ніколі. Пра свае ўпрыгожваньні дзяўчына распавядзе тое, чаго вы ня ведалі”.

(Ірына: ) “Для мяне яны ўвасабляюць шчырыя адносіны паміж людзьмі.Фенькі нейкім чынам падобныя да талісманаў. Фенька — гэта падарунак, які сьведчыць, што хтосьці калісьці думаў пра цябе і клапаціўся пра тое, каб табе было добра”.

(Маёрчык: ) “Калі плёў?”

(Ірына: ) “Так. І калі дарыў таксама”.

(Маёрчык: ) “Як яны плятуцца і з чаго?”

(Ірына: ) “Яны плятуцца зь нітак ці з пацерак. Яны плятуцца рознымі спосабамі, наколькі ў каго хапае фантазіі”.

(Маёрчык: ) “Наколькі вашыя фенькі складаныя ў сэнсе выкананьня?”

(Ірына: ) “Збольшага яны дастаткова простыя. Аднак гэта выключна з-за таго, што я лянотніца, мне ня хочацца марнаваць шмат часу на пляценьне”.

(Маёрчык: ) “А колькі часу гэта займае?”

(Ірына: ) “Ад 20 хвілінаў да некалькіх дзён. Сама хутка яе можна сплесьці на адмысловым станку. Плесьці зь нітак даўжэй. Тут усё залежыць ад таго, наколькі моцна вы зацягваеце вузлы”.

(Маёрчык: ) “Давайце пагаворым пра мастацкія якасьці фенек. Якая каляровая гама ў беларускай моладзі ў пашане? Што звычайна выплятаюць?”

(Ірына: ) “Каляровая гама абсалютна розная. Гэта залежыць ад зацікаўленасьцяў таго, хто іх робіць. Распаўсюджаныя бел-чырвона-белыя фенькі, распаўсюджаныя жоўта-чырвона-блакітныя. Некаторыя любяць аднатонныя фенькі — гэта клясычны варыянт”.

(Маёрчык: ) “Фенькі апранаюць адмыслова пад нейкую вопратку? Іх мяняюць разам з сэзонам?”

(Ірына: ) “Я ўпэўненая, што менавіта так і адбываецца. Я ж свае фенькі нашу стала. На дадзены момант у мяне іх шэсьць-сем. Я іх ніколі не здымаю. Я толькі магу дадаць, альбо яны могуць парвацца”.

(Маёрчык: ) “Як дарослыя ставяцца да такога ўпрыгожваньня?”

(Ірына: ) “Часам зьдзіўляюцца. Асабліва калі чуюць, што я іх ніколі не здымаю. Першым часам маім бацькам не падабалася тое, што я іх не здымаю. Апошнім часам для іх гэта стала абсалютна нармалёвай зьявай”.

(Маёрчык: ) “Спадарства, пакуль чучала гэтае інтэрвію, Вольга Канапелька вырашыла абмяняць усе свае срэбна-залатыя цацкі на некалькі мэтраў фенек. Як маеце што прапанаваць, зьвяртайцеся”.

(Канапелька: ) “Шаноўныя слухачы, хто мае магічную феньку, якая б спыніла безьзьмястоўную балбатню Ягора Маёрчыка, таксама зьвяртайцеся. Гэтую набуду за любыя грошы!”

(Маёрчык: ) “Пакуль Канапелька лічыць грошы, я вымушаны канстатаваць: час “Маладых галасоў” заканчваецца, і мы гаворым вам: пакуль!”

(Канапелька: ) “З вам былі Вольга Канапелька і Ягор Маёрчык. Пачуемся!”
XS
SM
MD
LG