Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рак лёгкіх усё яшчэ застаецца самым небясьпечным забойцам


Кастусь Бандарук, Прага Новая перадача сэрыі "Навіны сучаснай мэдыцыны". У сёньняшнім выпуску: рак лёгкіх застаецца адным з самых небясьпечных відаў раку, але яго можна перамагчы, лічаць амэрыканскія вучоныя.

Штогод па ўсім сьвеце фіксуецца ў сярэднім 1,3 мільёны новых захворваньняў на рак лёгкіх. Год пасьля ўстаноўкі дыягназу жывым застаецца толькі кожны пяты, а праз пяць гадоў – толькі кожны дзясяты.

Рак лёгкіх – самы небясьпечны від раку. Яшчэ 100 гадоў таму ён быў мала вядомы, але сёньня ад яго паміраюць мільёны чалавек, болей чым ад раку грудзей, прастаты і прамой кішкі разам узятых. Праблема гэтай хваробы была адной з галоўных тэмаў штогадовага зьезду Амэрыканскага таварыства клінічных анколягаў ў Арланда, Фларыда.

Удзельнікі канфэрэнцыі падкрэсьлілі, што незалежна ад цывілізацыйнага разьвіцьця і ўзроўню мэдыцыны, людзі мала ведаюць пра гэтую хваробу. Сярод асноўных прычынаў хваробы вучоныя называюць генэтычную схільнасьць, курэньне, забруджанасьць навакольнага асяродзьдзя.

У малой інфармаванасьці “часткова вінаватыя сродкі масавай інфармацыі” – сказала на сустрэчы з журналістамі Джэсэм Бэрд з "The Roy Castle Lung Foundation". “Калі пытаюся ў журналістаў, чаму яны амаль зусім ня пішуць пра гэтую хваробу, дык чую ў адказ, што гэта зусім не "мэдыйны" від раку. Аб чым тут, маўляў, пісаць, калі хворыя вельмі хутка паміраюць, і цяжка знайсьці выпадак пасьпяховага выздараўленьня, як гэта бывае ў выпадках раку грудзей альбо крыві”, – адзначае Бэрд.

На пальцах адной рукі можна палічыць згуртаваньні хворых на гэтую хваробу. Іх ня мае хто засноўваюць, бо з ракам лёгкіх пацыенты паміраюць вельмі хутка. Акрамя таго, калі і нехта выздаравеў, дык ён ня любіць пра гэта гаварыць. Да таго ж чалавек, напрыклад, ня мае амаль ніякага ўплыву на рызыку захварэць ракам прастаты альбо грудзей, але чалавек, хворы на рак лёгкіх, курэньнем часта сам спрычыніўся да гэтай хваробы, ведаючы пра небясьпеку тытуню.

У Арланда не было абвестак пра нейкі пераломны момант або прарыў у лячэньні раку лёгкіх. І хоць ёсьць у гэтай галіне пэўны прагрэс, ён усё яшчэ нязначны. Не зважаючы на вялізныя сродкі і высілкі навукоўцаў, на сёньняшні дзень вялікім посьпехам лічыцца падаўжэньне жыцьця хворага на 2-3 месяцы.

У гэтым змрочным аповедзе ёсьць адзін аптымістычны аспэкт. Рак лёгкіх ня мусіць быць сьмяротным прысудам для вас –трэба толькі паклапаціцца пра сябе, заняцца прафіляктыкай.

Натуральна, тут гаворка ня ідзе проста пра тое, каб кінуць курэньне. Хаця курцы складаюць ажно 80% хворых на гэты від раку. Таму найбольш важны фактар – адмова ад паленьня. З другога боку, назойлівая антытытунёвая прапаганда і надпісы на кожным пачку цыгарэтаў “курэньне шкоднае”, “курэньне забівае” таксама ня ўсіх пераконвае, а некаторых проста раздражняе. Ёсьць курцы, якія ня хочуць альбо ня могуць кінуць курыць. І вось пераважна да іх накіроўваецца заклік: “не вырошчвай ў сабе раку”, пакуль ня позна, пацікаўся станам свайго здароўя, паклапаціся пра яго.

Так, сапраўды, праз год пасьля ўстаноўкі дыягназу 80% хворых паміраюць, але гэта ў бальшыні выпадку тыя, у каго хвароба была выяўленая ў сярэдняй альбо позьняй стадыі разьвіцьця. Калі рак лёгкіх выявіць своечасова і неадкладна прайсьці апэрацыю, адсотак выздараўленьняў сярод такіх пацыентаў досыць высокі – 80%.

Што канкрэтна трэба рабіць, каб прадухіліць рак лёгкіх?

– Вучоныя раяць ўжываць прынцып “трох тыдняў”. Можна сабе дазволіць прамарудзіць ўсяго тры тыдні, калі ў вас працяглая інфэкцыя, тэмпэратура, альбо калі пачынаецца без выразнай прычыны кашаль. Не пазьней, як пасьля трох тыдняў мы павінны зрабіць рэнтген, каб выключыць найгоршы з магчымых дыягназаў. Бывае, што самі лекары не дапамагаюць нам у гэтым. Яны прыпісваюць антыбіётыкі, пасылаюць да лярынголяга, падазраюць алергію, альбо іншыя недамаганьні, толькі ня рак. Тым часам хопіць зрабіць здымак грудной клеткі, сьпераду і збоку, каб выявіць злаякасную пухліну. Варта памятаць, што з часу першых сымптомаў да поўнага разьвіцьця раку ў сярэднім праходзіць восем месяцаў. Калі спэцыялісты знойдуць пухліну, трэба зрабіць усё магчымае, каб незалежна ад страхоўкі альбо ад уласных сродкаў, як мага хутчэй апынуцца на хірургічным стале.

– Спэцыялісты лічаць, што калі чалавек курыць, дык нават пры адсутнасьці трывожных сымптомаў ён павінен як мінімум раз у год зрабіць рэнтген. Калі мы можам сабе дазволіць штодня купляць цыгарэты, дык можам сабе дазволіць рэнтген і прыватны візыт ў спэцыяліста, нават калі гэта не пакрываецца мэдычнай страхоўкай.

– Што тычыцца тытуню, дык пакуль ня позна трэба кінуць курыць радыкальна і неадкладна, раз і назаўсёды. Магчыма, у недалёкай будучыні дапаможа нам у гэтым антынікатынавая прышчэпка, пра якую паведамілі ўдзельнікі канфэрэнцыі ў Арланда. Расказаў пра яе доктар Жак Карнуз з унівэрсытэцкага шпіталю ў Лазане, Швайцарыя. Ён распрацаваў лек, які не дазваляе часьцінкам нікатыну пранікаць у мозг і стымуляваць так званы цэнтар прыемнасьці. Інакш кажучы, курэньне не дае ніякага задавальненьня.
XS
SM
MD
LG