Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хоць у адной лёлі, абы па любові


Антаніна Хатэнка, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Бальшыня вядомых выслоўяў пра зладжанасьць інтымных стасункаў падкрэсьлівае: каханьне і ў нястачы шчасьлівае. Прыкладам, амаль радасна ў нашым краі кажуць: хоць пад лаўкаю сядзець, абы на харошага глядзець ці хоць бяз хлеба пасяджу, але ж на любага пагляджу. І пра будан, што ў любові за палац прымаецца, продкі выснавалі зусім блізка да расейскага с милым рай и в шалаше.

Аднак мала хто цяпер згадае альбо ўнікне ў прадаўні сэнс вось гэтае ісьціны: хоць у адной лёлі, абы па любові. А яна куды шырэй і празорлівей падае рай любові, чым усе памянёныя. Акурат настолькі, наколькі біблійны запавет “не чужалож” насамрэч ня зводзіць панятку любові да вернасьці ў разуменьні грамады, але ўздымае каханьне да вышынь, калі мужчына й жанчына маюць агульны ложак, толькі зрастаючыся сэрцамі. Інакш і з сужэнцам чужаложыш.

Нагадка хоць у адной лёлі, абы па любові гэтаксама расхінае далягляды еднасьці, збудаванай з даверу, павагі й міласэрнасьці. Народ ведае й нам дараджвае: дзе ўдзячліва й годна трываюць найцяжкія выпрабаваньні, там жыватворыць любоў. Гэткая любоў лучыць усё і ўсіх – ня толькі яе й яго.

Пачуўшы колісь ад паэткі Нэлі Тулупавай рэчыцкую азнаку пра лёлю, узьнёсла зьдзівілася: лёля – сподняя кашулька, дораная кожнаму ад нараджэньня мітычнай апякункай хараства й люботы Лёляй (Ляляй) – дачкой багіні Лады. Палешукі й бусла – носьбіта пакуначкаў зь немаўлятамі – завуць, як і суседзі-ўкраінцы, лялекам – пасланцом Лёлі.

Тут ужо, дальбог, не будан-рай уяўляецца, а цалюткі сьвет у сьвятле ахвярнай вечнасьці: хоць у адной лёлі, абы па любові.

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал)
XS
SM
MD
LG