Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лукашэнка прызначыў генэральнага дырэктара кампаніі “Velcom”


Ігар Карней, Менск Аляксандар Лукашэнка прызначыў новага міністра гандлю, старшыню Камітэту ў навуцы і тэхналёгіях, намесьнікаў дзяржсакратара Савету бясьпекі ды іншых чыноўнікаў. Акрамя гэтага А. Лукашэнка “даў згоду” на прызначэньне кіраўнікоў акцыянэрнага таварыства “Нафтан” і сумеснага прадпрыемства “Мабільная лічбавая сувязь”.

Ад нядаўняга часу Аляксандар Лукашэнка стаў праводзіць кадравую палітыку і ў камэрцыйных структурах. Сярод арганізацый, якія сёньня разьвітваліся са сваімі былымі кіраўнікамі, – сумеснае прадпрыемства “Мабільная лічбавая сувязь” (гандлёвая марка “Velcom”), акцыянэрнае таварыства “Нафтан”, унітарнае прадпрыемства “Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод”.

У недалёкім мінулым усе тры згаданыя прадпрыемствы мелі праблемы з праваахоўнымі органамі. Былы кіраўнік “Нафтану” Канстанцін Часнавіцкі знаходзіцца пад сьледзтвам за фінансавыя злоўжываньні. Экс-дырэктар Клімавіцкага гарэлачнага заводу Міхаіл Белавусаў таксама быў арыштаваны за злоўжываньні. На гэтыя прадпрыемствы А. Лукашэнка прызначыў новых кіраўнікоў.

Найбольш нечаканая ракіроўка адбылася ў сумесным прадпрыемстве “Мабільная лічбавая сувязь”, больш вядомым як “Velcom”. У канцы 2003 году дырэктарат СП таксама апынуўся ў эпіцэнтры фінансавага скандалу, на што адрэагаваў асабіста Лукашэнка: на нарадзе ў пытаньнях арганізацыі тэлефоннай сувязі кіраўнік дзяржавы наўпрост заявіў, што будзе асабіста прызначаць людзей на такія пасады.

Новы кіраўнік кампаніі “Velcom” Генадзь Мельнікаў раней працаваў намесьнікам генэральнага дырэктара “Белтэлекаму”. Адзін з апошніх ягоных праектаў – праграма тэлефанізацыі дамоў інвалідаў і ўдзельнікаў вайны. Прызначэньне камэнтуе экспэрт Сяргей Балыкін.

(Балыкін: ) “Сам факт прызначэньня былога чыноўніка на гэтую пасаду азначае толькі тое, што дзяржава вырашыла больш пільна кантраляваць рынак мабільнай сувязі, вырашыўшы кіраваць рынкам больш адміністратыўнымі мэтадамі. Да чаго гэта можа прывесьці? Цяжка вызначыць адразу. Але, зыходзячы з досьведу, мабыць, будзе, як заўсёды: якасьць сувязі не палепшыцца, а грошай за яе давядзецца плаціць больш”.

Сярод сёньняшніх прызначэнцаў Аляксандра Лукашэнкі – новы міністар гандлю Аляксандар Іванкоў, бацька аднаго з самых славутых беларускіх гімнастаў Івана Іванкова.
XS
SM
MD
LG