Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Постлукаўшэнкаўская Беларусь і яе эўрабудучыня


Алена Струвэ, Менск У бэльгійскай сталіцы распачаў працу саміт Эўразьвязу. На парадку дня сустрэчы лідэраў 25 краінаў – лёс Канстытуцыі зьвязу. Паралельна, паводле кіраўніцтва ЭЗ, арганізацыя мае намер вызначыць свае патэнцыйныя межы альбо гэтак званыя магчымасьці пашырэньня. Якія шанцы можа мець Беларусь у выніку дэмакратычных пераменаў?

Эльмар Брок, нямецкі хрысьціянскі дэмакрат і эўрапарлямэнтар, лічыць, што Эўразьвяз знаходзіцца ў стане крызысу: вядомы палітык бачыць сувязь паміж нядаўнім пашырэньнем зьвязу і нэгатыўнымі вынікамі рэфэрэндумаў па Канстытуцыі ў Францыі Нідэрляндах. Паводле ягоных словаў, сёньня “дакладных гарантыяў адносна поўнага сяброўства ў ЭЗ ня маюць ні Румынія, ні Баўгарыя, ні Турэччына, ня кажучы ўжо пра Ўкраіну ці постлукашэнкаўскую Беларусь”.

Спадар Брок перакананы, што ЭЗ мусіць шукаць пэўныя прапановы для гэтых краінаў з тым, каб, з аднаго боку, ім не было крыўдна, а зь іншага боку, каб яны былі ўключаныя ў палітычныя рэаліі Эўропы. Паводле ягоных словаў, у якасьці альтэрнатывы поўнаму сяброўству мусіць быць не “эўрапейскае аўтсайдэрства”, а, напрыклад, прывілеяванае партнэрства. Альбо сяброўства ў эўрапейскім эканамічным аб’яднаньні, куды ўваходзяць Нарвэгія, Ісьляндыя, Ліхтэнштэйн.

“Празь сяброўства ў гэтай структуры пройдуць краіны, якія ў бліжэйшыя дзесяць год альбо ня стануць, альбо ня змогуць, альбо не захочуць стаць сябрамі Эўразьвязу. Гэта Украіна, Малдова, Беларусь, у тым выпадку, калі яна стане на дэмакратычны шлях. Усе яны мусяць мець пэўную эўрапейскую пэрспэктыву”, – гаворыць дэпутат Эўрапарямэнту Эльмар Брок ў інтэрвію швайцарскай газэце “Oltner Tagblatt”.

Паводле дэпутаткі Бунгдэстагу і ПА АБСЭ Клаўдыі Нольтэ, адпаведнасьць эўрапейскім стандартам для краінаў– кандыдытаў ня менш важны момант, чым пэрспэктыва далучэньня да гэтай арганізацыі.

(Нольтэ: ) “Сёньня ў Эўропе ўжо няма падзелу на два канфрантацыйныя блёкі. Эўразьвяз мае кантакты з кожнай асобнай краінай Усходняй і Паўднёвай Эўропы. ЭЗ дакладна выклаў Менску свае патрабаваньні адносна далейшага разьвіцьця гэтае краіны. Бо Беларусь ня проста геаграфічна знаходзіцца ў Эўропе, яна таксама мусіць падзяляць адпаведныя эўрапейскія прынцыпы і каштоўнасьці. Досьвед новых сябраў ЭЗ дэманструе, які стымул дае гэтая эўрапейская пэрспэктыва. Я думаю, што шлях да Эўропы будзе вельмі напружаным для Беларусі. Але гэтая краіна ня зможа ізалявацца ад эўрапейскай супольнасьці”.

Прыкладна такога ж меркаваньня прытрымліваецца вядомы польскі палітык, эўрапaрлямэнтар Браніслаў Герэмэк. У інтэрвію нямецкай “Frankfurter Rundschau” ён кажа:

(Герэмэк: ) "Для мяне Украіна і Беларусь (безумоўна, не у цяперашняй палітычнай форме) належаць да агульнай эўрапейскай гісторыі… Галоўнае –дыскутаваць, наколькі вялікія магчымасьці мае ЭЗ для прыняцьця новых сябраў і тады можна вырашаць, што аднойчы сябрамі стануць Расея альбо Грузія… Пытаньне вызначэньня межаў мусіць быць вырашаным у выніку палітычнага рашэньня. Палітычнае аб’яднаньне Эўропы немагчымае бяз межаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG