Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кручкоўскі зьявіўся ў Саюзе палякаў са здымачнай групай БТ (абноўлены)


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня былы старшыня Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) Тадэвуш Кручкоўскі нечакана зьявіўся ў будынку СПБ з паплечнікамі і са здымачнай групай Беларускага тэлебачаньня. Ён запатрабаваў ад старшыні СПБ Анжалікі Борыс ключы і пячатку і сказаў, што павінен будзе арганізаваць паўторна Шосты зьезд СПБ, вынікі якога міністэрства юстыцыі РБ прызнала несапраўднымі.

Анжаліка Борыс пасьля візыту Тадэвуша Кручкоўскага сказала, што зь ім былі ягоныя прыхільнікі Казімер Знайдзінскі і Вальдэмар Краўцэвіч. Спадар Кручкоўскі казаў ёй, што яна развальвае арганізацыю. А спадарыня Борыс паказала ліст з польскай амбасады, у якім ёй выказаная падтрымка. Як вядома, Саюз палякаў фінансуе польская дзяржава. Увесь час размову здымаў тэлеапэратар БТ, які прыйшоў разам з Кручкоўскім.

(Борыс: ) “Яны думалі, што я буду абурацца, а я сказала толькі адно: прадастаўце мне загад, на падставе якога я павінна аддаць ключы, я павінна аддаць усё тут, на падставе якога дакумэнту? Ён сказаў: ну дык вы не падпарадкоўваецеся рашэньню мінюсту. Я кажу: прабачце, рашэньне мінюсту не зьяўляецца загадам, гэта — рэкамэндацыя”.

Трэба сказаць, што яшчэ нядаўна ў Саюзе палякаў чакалі прыходу Тадэвуша Кручкоўскага і ягоных прыхільнікаў. У будынку нават зьбіраліся людзі, каб даць ім адпор. Але пасьля выключэньня Кручкоўскага з СПБ у мінулую нядзелю, яго, падобна, ужо не чакалі. Ён мне сказаў сёньня па тэлефоне, што Саюз палякаў можа быць закрыты беларускімі ўладамі.

(Кручкоўскі: ) “Мы лічым, што гэтага дапусьціць нельга. І таму неабходна правесьці новы зьезд, які павінен адбыцца дзесьці увосень, і на зьезьдзе абраць адпаведна статуту новыя ўлады Саюзу. Я асабіста заяўляў і ўсім гэта паўтараю, што выстаўляць сваю кандыдатуру ня буду, і ніхто з былых і новых кіраўнікоў ня мае права выстаўляць сваю кандыдатуру, бо павінны прыйсьці новыя людзі”.

Рашэньне аб ягоным выключэньні з Саюзу палякаў спадар Кручкоўскі назваў нелегітымным. Ён гаворыць, што ў Польшчы ёсьць людзі, якія цяпер яму дапамагаюць, і што міністар замежных спраў Ротфэльд не выказвае пазыцыю ўсіх палякаў.

(Кручкоўскі: ) “Ёсьць у нас кантакты з правымі партыямі ў Польшчы, кантакты з палякамі ў Літве, якія зусім інакш глядзяць на сытуацыю, чымсьці цяперашняе міністэрства замежных спраў Польшчы. А што датычыць чутак аб тым, што нібыта мне і маім прыхільнікам закрыты ўезд у Польшчу, калі гэта праўда, дык я лічу, што ў такім разе Ротфэльд робіць паводле савецкіх узораў, калі нас сорак год савецкая ўлада не пушчала ў Польшчу. А цяпер, што — Ротфэльд вырашае — хто сапраўды паляк, а хто не?!”

***

6-ы зьезд СПБ адбыўся 12-13 сакавіка ў Горадні. Старшынём Саюзу на ім была абрана Анжаліка Борыс. 12 траўня мінюст прыняў сваё рашэньне адносна несапраўднасьці вынікаў зьезду, паводле якога легітымным зьяўляецца старое кіраўніцтва СПБ на чале са сп. Кручкоўскім, і яно павінна правесьці новы зьезд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG