Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Washington Post": рэлігійны фанатызм і антыамэрыканізм ўжо не знаходзяць падтрымкі насельніцтва Ірану


Юры Дракахруст, Прага “Іранскія выбары сьціраюць палітычныя межы – кансэрватыўныя кандыдаты на прэзыдэнта гуляюць на полі лібэралаў” – у артыкуле пад такой назвай, надрукаваным у сёньняшнім нумары "Washington Post" аналізуецца хада перадвыбарчай кампаніі, якая завершыцца заўтра. Са зьместам публікацыі вас азнаёміць наш карэспандэнт.

У адрозьненьні ад амаль 25 гадоў палітыкі, заснаванай на рэлігійных канонах, цяперашняя перадвыбарчае кампанія зусім не стварае ўражаньня, што гэта – тэакратычная дзяржава – піша "Washington Post". Непахісныя кансэрватары паводзяць сабе, як рэфарматары. Рэфарматары, якія шмат гадоў супрацьстаялі ціску клерыкалаў, разгубленыя. Шараговыя іранцы перасьцерагаюцца, што рэформы, якія абяцаюць кандыдаты, могуць цалкам касмэтычнымі. 70-мільённая краіна істотна зьмянілася за апошнія гады, рэлігійны фанатызм і антыамэрыканізм ўжо не знаходзяць падтрымкі насельніцтва, піша газэта.

За галасы выбаршчыкаў змагаюцца 8 кандыдатаў, зацьверджаныя вышэйшым, нікім не абранай клерыкальнай Радай вартавых ісламскай рэвалюцыі – фактычна вышэйшай уладай краіны.

Чацьвёра кандыдатаў – наўпроставыя вылучэнцы Рады. Але нават гэтыя кандыдаты спрабуюць улічваць зьмены часу. Іх кампаніі ў значнай ступені зарыентаваныя на моладзь, сярэдні ўзрост у Іране –15 гадоў. Права на прыватнае жыцьцё, стварэньне працоўных месцаў, паляпшэньне адносінаў з Амэрыкай – усё, за што раней змагаліся рэфармісты, зараз бяруць на ўзбраеньне кансэрватыўныя кандыдаты.

Кандыдат Алі Лар''яні, кіраўнік дзяржаўнага радыё і тэлебачаньня, бярэ лёзунгам сваёй кампаніі заклік “Сьвежае паветра” – наўпроставую цытату з іранскага паэта, які рэзка выступаў супраць рэлігійнай артадаксальнасьці, якую кіраванае Лар''яні тэлебачаньне ўпарта прапагандуе.

Былы шэф МУС Мухамад Калібах прадстаўляе сябе выбаршчыкам неверагоднай формулай “фундамэнталісцкі рэфарміст”.

Аднак паводле ўсіх прагнозаў і апытаньняў найбольшыя шанцы на перамогу мае Алі Акбар Хашэмі Рафсаджані, які ўжо двойчы быў прэзыдэнтам Ірану перад цяперашнім кіраўніком дзяржавы Хатамі. Яшчэ тры гады таму Рафсаджані патрабаваў, каб жанчыны насілі паранджы і галаўныя хусткі. “Жаночыя валасы, якія выбіліся з-пад паранджы – гэта кінжал у сэрца Алаха” – казаў ён тады. Зараз на ягоных перадвыбарчых сходах поўна маладых жанчынаў без паранджэй.

“Толькі голымі не хадзіце” – жартуе Рафсаджані з натоўпам моладзі. А журналістам гаворыць – “хто б ні стаў прэзыдэнтам, ён павінен улічваць патрабаваньні грамадзтва”.

Адсекчы ад перадвыбарчай барацьбы значную колькасьць рэфармісцкіх кандыдатаў, рэлігійныя ўлады ўсё ж дапусьцілі да выбараў дваіх зь іх. Хаця – адзначае "Washington Post" – прычыны такой дабрыні былі не зусім бескарысьлівыя. Поўная адсутнасьць рэфармісцкіх канкурэнтаў магла б прывесьці да надзвычай нізкай яўкі на выбары, што падрывала б легітымнасьць новага кіраўніка дзяржавы.

Аднак нягледзячы на гэта ідэя байкоту выбараў даволі папулярная ў іранскім грамадзтве, асабліва сярод палітычна актыўнай моладзі. Паводле карэспандэнта "Washington Post", шмат маладых актывістаў натхняе досьвед аксамітных рэвалюцыяў у Грузіі і Ўкраіне.

Розныя думкі выказвалі ў прыватнай размове з карэспандэнтам амэрыканскай газэты нават маладыя супрацоўніцы выбарчага штабу кандыдата-фаварыта – Рафсаджані. “Мае ідэалы зусім іншыя, але гэта тое, што ёсьць” – гаворыць адна. “Наша краіна развальваецца, і мы ня маем часу, каб паспрабаваць нешта іншае” – пярэчыць ёй сяброўка. “Нам сапраўды ня трэба больш свабоды, чым мы маем” – дадае трэцяе. А яшчэ адна актывістка штабу Рафсаджані, агледзіўшыся, ці няма чужаніцаў, кажа журналісту: “Я магу паспрачацца, што большасьць тых, хто працуе тут, ня пойдуць у пятніцу галасавць. Я ня ведаю, правільна гэта ці не”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG