Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маршала Жукава “здымуць” з каня і накіруюць у Вайсковую акадэмію


Ігар Карней, Менск Конны помнік савецкаму маршалу Георгію Жукаву, які на просьбу вэтэранскіх арганізацый гарадзкія ўлады ад пачатку меліся паставіць ля менскага Дому афіцэраў, ня толькі адкарэктаваны ў формах, але і будзе ўсталяваны далёка ад цэнтру, на гарадзкой ускраіне. Наш карэспандэнт даведаўся, што неўзабаве сямімэтровы бюст палкаводцу зьявіцца ў двары Вайсковай акадэміі Міністэрства абароны.

Кіраўніку Грамадзкага фонду імя маршала Жукава Дзьмітрыю Сянько раз-пораз даводзіцца супакойваць вэтэранаў: маўляў, іхныя адлічэньні на помнік не змарнаваныя, і чакаюць свайго часу на адмысловым банкавым рахунку.

Разам з тым, спадар Сянько не хавае крыўду на гарадзкія ўлады, якія адразу паабяцалі ўсталяваць скульптуру ля Дому афіцэраў, а пасьля ад такой ідэі адмовіліся. У выніку час быў згублены, а інфляцыя “зьела” бронзавага каня: цяпер сабраных грошай хапае толькі на бюст.

(Cянько: ) “Было адпаведнае рашэньне, але потым улады зьнялі пытаньне. Мы зьбіраліся паставіць помнік на праспэкце Машэрава, але і ў гэтым выпадку ніякага адказу не атрымалі. Урэшце зьвярнуліся ў Міністэрства абароны з просьбай паставіць бюст на тэрыторыі Вайсковай акадэміі. 30 чэрвеня пытаньне будзе разглядацца на калегіі ведамства і тады ўсё вырашыцца канчаткова.

Праўда, давялося адмовіцца ад ідэі помніка, бо грошай ужо не хапае. На бюст хопіць. А ўвогуле, крыўдна, бо і па тэлевізары, і ў газэтах анансавалі: пытаньне з помнікам ля Дому афіцэраў практычна вырашанае. Але ж, бачыце, як зьмяняецца абстаноўка. А зараз яшчэ прыйшла дырэктыва прэзыдэнта – ніякай спонсарскай дапамогі. Таму атрымалася, што грошай на помнік няма”.

(Карэспандэнт: ) “Скульптары, якія працуюць над бюстам, беларускія?”

(Сянько: ) “Так, беларускі скульптар, пакуль не скажу – хто. Але бюст будзе годны, на пастамэнце, дзесьці 7,5 мэтраў у вышыню”.

Чаму ўлады, якія звычайна вельмі чула ставяцца да патрабаваньняў вэтэранаў, вырашылі адкарэктаваць сваё ж рашэньне аб увекавечаньні савецкага палкаводца? Пра гэта – архітэктар Уладзімер Папруга, які на момант абмеркаваньня мэтазгоднасьці помніка ля Дому афіцэраў быў сябрам горадабудаўнічай рады.

(Папруга: ) "З Домам афіцэраў у прынцыпе не стасуецца гэты помнік. Там маем танк, маем “Хлопчыка зь лебедзем”. Абсалютна іншы фармат. Калі б можна было весьці гаворку пра якісьці прысьценны памятны знак – гэта калі ласка. А помнік патрабуе вакол сябе адпаведнай фарматаванай горадабудаўнічай прасторы, у якую ён мог бы ўпісацца. Абсалютна лякальныя камэрныя бульвары, асбалютна інтэр’ерныя зоны, і помнік Жукаву там проста не “сядае”, нават калі хто-небудзь і захацеў бы яго там “пасадзіць”".

Скульптар Уладзімер Жбанаў, працы якога ўпрыгожваюць шмат якія паркі і грамадзкія месцы Беларусі, так адрэагаваў на ідэю ўсталяваньня помніка Георгію Жукаву ў Менску.

(Жбанаў: ) “Я разумею, што вы маеце на ўвазе: ці варта ўвогуле ўслаўляць у Менску расейскага палкаводца? Ведаеце, такія размовы ўжо былі і вакол сувораўскай вучэльні – з ухілам на тое, што насамрэч рабіла армія Суворава ў Беларусі.

Да таго ж, усё гэта адбываецца на тле адсутнасьці помнікаў беларускім асьветнікам і выбітным асобам… З гледзішча сацыяльнага – ці патрэбны такі помнік? – я б на гэта грошай ня даў. Я лепей на жывёлаў дам.

А з гледзішча скульптуры? Трэба абвяшчаць конкурс – у дадзеным выпадку гэта самы дэмакратычны і дыпляматычны падыход. Абвясьціць конкурс, і ўсё стане зразумела: пойдуць мастакі, стануць штосьці прапаноўваць, ці знойдуцца на гэта сродкі? Не – дзьверы зачыняцца. У любым разе праекту помніка я ня бачыў. Ну, стаіць у Маскве конны Жукаў. Жахлівы конь, сядзіць здаравенны “бык” на ім. Скульптура няўдалая, непрыгожая”.

Канчатковае рашэньне ў справе ўсталяваньне бюсту маршалу Жукаву на тэрыторыі Вайсковай акадэміі будзе прынятае 30 чэрвеня на калегіі Міністэрства абароны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG