Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Літоўскі амбасадар Ёнас Паслаўскас завяршае дыпляматычную місію ў Беларусі


Ганна Соусь, Менск Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Літвы ў Беларусі Ёнас Паслаўскас зрабіў заяву для прэсы з нагоды заканчэньня сваёй дыпляматычнай місіі ў Беларусі. Спадар Паслаўскас ўзначальваў дыпляматычную місію Літвы ў Беларусі шэсьць з паловай гадоў, і заўтра ягоны апошні дзень у якасьці амбасадара Літвы ў Беларусі.

У сваёй заяве да сродкаў масавай інфармацыі літоўскі амбасадар Ёнас Паслаўскас выказаў падзяку ўсім тым, з кім яму давялося супрацоўнічаць і кантактаваць падчас ягонай працы ў Беларусі. “Беларусь у маёй памяці застанецца як краіна цёплых і адкрытых людзей, зь якімі заўсёды можна лёгка знайсьці агульную мову”, — адзначае Ёнас Паслаўскас. Паводле яго, невыпадкова беларусы і літоўцы каля чатырохсот гадоў пражылі ў агульнай дзяржаве, разам яе мацуючы, ствараючы яе своеасаблівасьць, культуру і атмасфэру талерантнасьці і добразычлівасьці.

(Паслаўскас: ) “Сёньня ў Літвы і Беларусі існуюць розныя пункты гледжаньня ў некаторых палітычных пытаньнях, але самым каштоўным лічу тое, што мы захавалі і разьвіваем прагматычнае супрацоўніцтва і агульначалавечыя адносіны”.

У сваёй заяве літоўскі амбсадар гаворыць пра тое, што падчас знаходжаньня ў Беларусі ён стаў сьведкам гістарычных падзеяў для ягонай краіны: Літва стала сябрам Эўразьвязу і НАТО. І нягледзячы на перасьцярогі, гэта ня стала бар’ерам для простых людзей і бізнэсоўцаў, пра што сьведчыць памер таваразвароту паміж Літвой і Беларусьсю, які павялічыўся да 700 мільёнаў даляраў, і больш за 100 тысяч візаў на год, якія выдае літоўская амбасада. Дарэчы, менавіта з ініцыятывы Ёнаса Паслаўскаса з 1 ліпеня кошт аднаразовых візаў у Літву для беларусаў будзе паменшаны да 5 эўра, а шматразовых — да 25 эўра.

Літоўскі амбасадар запрашае беларускіх бізнэсоўцаў больш актыўна выкарыстоўваць Літву як своеасаблівае акно ў Эўропу. Ёнас Паслаўскас спадзяецца, што Беларусь будзе імкнуцца да больш шчыльнага супарцоўніцтва з Эўропай, неад’емнай часткай якой яна зьяўляецца, а Літва будзе садзейнічаць ёй у гэтым.

Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Літвы ў Беларусі Ёнас Паслаўскас даў Радыё Свабода эксклюзіўнае інтэрвію з нагоды заканчэньня дыпляматычнай місіі ў Беларусі — слухайце яго ў нашым эфіры заўтра.
XS
SM
MD
LG