Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Скрабец паабяцаў жонцы, што спыніць галадоўку


Уладзімер Глод, Менск Пра гэта нашаму радыё паведаміла Аляксандра Скрабец — жонка былога дэпутата, якая 16 чэрвеня наведала яго у Берасьцейскім сьледчым ізалятары. Актывіст беларускай апазыцыі, кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня пратэстуе супраць арышту і абвінавачаньняў на свой адрас, якія лічыць беспадстаўнымі. Былы парлямэнтар абвінавачваецца па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу — падрыхтоўка да злачынства і хабарніцтва.

Жонка Сяргея Скрабца пабачыла свайго мужа на 33-ты дзень яго галадоўкі за кратамі. Першае ўражаньне ў яе было такое:

(Скрабец: ) “Худы такі, і вочы, як пры базэдавай хваробе, уверх палезьлі. Ды і замёрз ён хутка. Пасядзеў са мной крыху і кажа: “Халодна”. У яго камэры горача. А Сяргею не сказалі, што вядуць на сустрэчу. Ён падумаў, што, як звычайна апошнім часам, прыйшлі, каб памерыць ціск, пульс. І таму ён падумаў, што трэба ісьці ў лябараторыю. Пайшоў у майцы, шортах, сланцах. А камэра для сустрэчаў бяз вокнаў ды дзьвярэй. Зразумела, што там сыра”.

Аляксандра Скрабец сказала, што разам зь ёй у ізалятар прыехала і маці Сяргея Ніна Рыгораўна. Але супрацоўнікі сьледчага ізалятару не паведамілі ім, што на сустрэчу можна пайсьці ўдзьвюх. Таму маці так і не пабачыла сына. Жонка былога дэпутат кажа, што вельмі прасіла мужа, каб той спыніў галадоўку. Казала, што на гэтым настойваюць бацькі, дзеці, усе родныя. Спачатку Сяргей Скрабец казаў жонцы, што будзе галадаць яшчэ тыдзень. Але ўрэшце яна ўгаварыла мужа пачаць выходзіць з галадоўкі:

(Скрабец: ) “Угаварыла яго, што ён з выходных пачне піць сокі, бо ў яго ўжо дрэннае здароўе”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму ж не адразу, ня сёньня?”

(Скрабец: ) “А можа, і з заўтрашняга дня? Сказаў: усё, буду. Там жа патрэбныя не звычайныя сокі з пакетаў, а сьвежавыціснутыя ды разбаўленыя вадой”.

Лекары Берасьцейскага сьледчага ізалятару, якія на 27-мы дзень галадоўкі аглядалі Сяргея Скрабца, прызналі, што стан яго здароўя здавальняючы. Вось і пры сустрэчы з жонкай былы дэпутат казаў ёй, што ў яго нармальныя крывяны ціск, пульс, гемаглябін. Спадарыня Скрабец, якая працуе доктарам, распавяла, што тое-сёе патлумачыла мужу:

(Скрабец: ) “Ён кажа: “Мне сказалі, што ў мяне нармальны гемаглябін”. А я яму тлумачу, што гемаглябін будзе нармальным зь іншых прычынаў — таму што разбураюцца ды вымываюцца некаторыя рэчывы з арганізму. І згушчэньне крыві адбываецца, таму і гемаглябін нармальны”.

Аляксандра Скрабец спадзяецца, што яе мэдычная кансультацыя паўплывае на паводзіны мужа і ён пачне выходзіць з галадоўкі.

Нагадаем, што старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвілла таксама зьвярнулася да Сяргея Скрабца з просьбай спыніць галадоўку. Аналягічны зварот прыняло і кіраўніцтва Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Сьледзтва лічыць, што былы дэпутат падбухторваў жыхара гораду Бяроза даць хабар 30 тысяч даляраў супрацоўнікам Берасьцейскіх пракуратуры і абласнога суду, каб тыя паспрыялі вынясеньню апраўдальнага прысуду жыхару вёскі Альшаны Пінскага раёну Грыбу. Пазьней той быў асуджаны на 24 гады пазбаўленьня волі за цяжкія злачынствы. У гэтай вёсцы жывуць родныя жонкі Сяргея Скрабца.

Сяргей Скрабец летам 2004 году ўдзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў, якія патрабавалі дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. Летась у кастрычніку ён зьвярнуўся да прэзыдэнта Расеі з просьбай пра палітычны прытулак, аднак атрымаў адмоўны адказ. Сёлета ў красавіку Беларускае тэлебачаньне паказала сюжэт, у якім сьцьвярджалася, што спэцслужбы затрымалі кур’ера, які вёз зь Вільні 200 тысяч даляраў — нібыта для фінансаваньня палітычнай дзейнасьці Сяргея Скрабца.
XS
SM
MD
LG