Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маршалак Сэнату Польшчы занепакоены перасьледам Саюзу палякаў Беларусі


Сяргей Астраўцоў, Горадня Польскае Радыё сёньня агучыла меркаваньне адносна сытуацыі з Саюзам палякаў Беларусі (СПБ) маршалка Сэнату Польшчы Лонгіна Пастусяка.

Старшыня польскага Сэнату сказаў, што да яго раней не даходзіла інфармацыя аб тым, што былы старшыня СПБ Тадэвуш Кручкоўскі мог супрацоўнічаць зь беларускім КДБ. Спадар Пастусяк заявіў аднак, што такія сумневы зьявіліся ў апошнім часе. Лонгін Пастусяк зазначыў таксама, што Кручкоўскі быў абраны легітымным чынам, і зь ім належала супрацоўнічаць дзеля карысьці палякаў у Беларусі, нават калі Кручкоўскі і супрацоўнічаў з КДБ.

Далей спадар Патусяк падкрэсьліў, што цяперашняе стаўленьне беларускіх уладаў да Саюзу палякаў — пасьля абраньня яго кіраўніцай Анжалікі Борыс — парушае фундамэнтальныя крытэрыі, што датычаць трактаваньня нацыянальных меншасьцяў.

Спадар Пастусяк выказаў занепакоенасьць, што пасьля абраньня спадарыні Борыс улады Беларусі сыстэматычна перасьледуюць і саму Борыс і ўвесь Саюз палякаў.
XS
SM
MD
LG