Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэдактара “Барысаўскіх навінаў” прызналі вінаватым і аштрафавалі


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць Сёньня ў Барысаве мясцовы суд прызнаў рэдактара газэты “Барысаўскія навіны” Анатоля Букаса вінаватым у парушэньні крымінальнага заканадаўства. Паводле судовага рашэньня, спадар Букас у адной са сваіх леташніх публікацыяў узьвёў паклёп і абразіў рэдактарку газэты Барысаўскага гарвыканкаму “Адзінства” Веру Пратасэвіч.

Паводле Анатоля Букаса, суд вынес яму наступнае пакараньне:

(Букас: ) “Суд пад старшынёўствам Алены Самцэвіч прысудзіў мне згодна з артыкуламі 188 частка 2, артыкулам 189 частка 2 Крымінальнага кодэксу штраф памерам 40 базавых велічыняў і 3 мільёны беларускіх рублёў — кампэнсацыі спадарыні Пратасэвіч, якую быццам бы абразіў мой артыкул. Судзьдзя палічыла, што артыкул справакаваў узьнікненьне пухліны ў галаве пацярпелай Пратасэвіч. Сёньня я яшчэ раз пераканаўся, што незалежнага суду ў Барысаве няма”.

Ягоная апанэнтка Вера Пратасэвіч назвала сёньняшні прысуд справядлівым:

(Пратасэвіч: ) “Так, газэтная палеміка — гэта жанр. Лаянка, якой ён прыпраўляў свае артыкулы ў дачыненьні да мяне, відаць, у яго разуменьні таксама жанр, але не прыдатны для годнага чалавека”.

Між тым, паводле Анатоля Букаса, у газэце “Адзінства” рэдактарка афіцыйнага выданьня таксама друкавала артыкулы, у якіх, як ён лічыць, абражала яго. Аднак спроба рэдактара незалежнага выданьня ініцыяваць завядзеньне падобнай крымінальнай справы на Пратасэвіч ня мела плёну. Таму Анатоль Букас, а таксама іншыя прадстаўнікі дэмакратычнай грамадзкасьці Барысава лічаць сёньняшні прысуд сплянаванай акцыяй уладаў. Гаворыць лідэр барысаўскай філіі Партыі БНФ Сяржук Салаш:

(Салаш: ) “Наш барысаўскі суд знаходзіцца ў простай залежнасьці ад Барысаўскага гарвыканкаму. Было відавочна, што судзьдзя адчувае, што гэта палітычная справа. Гэта зыходзіла зь яе эмацыйнага стану. Гэта было відаць па стане пракурора і сакратара суду. Усе абсалютна адчуваюць, што гэтая справа разьдзьмутая, палітычная. У нашай краіне, у прыватнасьці, у Барысаве, поўным ходам набірае сілу працэс закрыцьця незалежных выданьняў, затыканьня ратоў людзям”.

Гэтае меркаваньне падзяляе і прадстаўнік Эўрапейскай кааліцыі “Свабодная Беларусь”, лідэр барысаўскай моладзевай арганізацыі “Волат” Зьміцер Бародка:

(Бародка: ) “Суд над Анатолем Букасам — гэта спроба ціску на незалежную прэсу. Узровень “Барысаўскіх навінаў” для Барысава, для ўсёй краіны — вельмі высокі. І тая інфармацыя, якая друкуецца ў гэтай газэце, вельмі важная для дэмакратычных сілаў. І я лічу гэта адным з этапаў закрыцьця свабоднай прэсы перад прэзфдэнцкімі выбарамі 2006 году”.

А прадстаўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” ў Барысаве Ігар Леднік паведаміў, што барысаўскія дэмакраты будуць змагацца за захаваньне “Барысаўскіх навінаў”.
XS
SM
MD
LG