Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства аховы здароўя стварае сетку платных мэдычных цэнтраў


Галіна Абакунчык, Менск Міністэрства аховы здароўя распачынае стварэньне сеткі платных мэдцэнтраў. Напярэдадні Дня мэдычнага работніка пра гэта заявіла міністар Людміла Пастаялка. Адмыслоўцы лічаць, што гэта можа быць прычынай канфлікту паміж міністэрствам і прыватнай кампаніяй “Экамэдсэрвіс”, якая нядаўна была пазбаўлена ліцэнзіі, а таксама шэрагу праверак у сыстэме недзяржаўнай мэдыцыны.

У Вярхоўным судзе чакае разгляду справа аб адкліканьні ліцэнзіі недзяржаўнага мэдычнага цэнтру “Экамэдсэрвіс”. Як вядома, падставай для гэтага сталася меркаваная адсутнасьць дастатковай кваліфікацыі некалькіх спэцыялістаў. Але гэтыя мэдыкі працягваюць працаваць у сыстэме Міністэрства аховы здароўя. На пытаньне Радыё Свабода, як гэта стасуецца з дэклярацыяй аб роўных патрабаваньнях да якасьці мэдычных паслугаў, спадарыня Пастаялка адрэагавала наступным чынам:

(Пастаялка: ) “У нас патрабаваньні аднолькавыя, што да прыватных, што да дзяржаўных структураў. Я вам адказала на вашае пытаньне”.

Людміла Пастаялка заявіла таксама, што ў якасьці экспэрымэнту Міністэрства аховы здароўя стварае цяпер некалькі ўнітарных дзяржаўных прадпрыемстваў, мэдычныя паслугі ў якіх будуць цалкам платныя. У “Экамэдсэрвісе” заяўляюць, што ня хочуць верыць ва ўзаемасувязь паміж пачаткам разьвіцьця дзяржаўнай платнай мэдыцыны і спробай спыніць дзейнасьць прыватнай. Але не выключаюць, што такая сувязь можа існаваць. Вось што сказала “Свабодзе” прадстаўніца кампаніі Натальля Крамнёва:

(Крамнёва: ) “Калі гэта зьвязана, то гэта вялікае глупства, бо чым больш платных мэдычных установаў, тым большую колькасьць людзей яны возьмуць сабе на абслугоўваньне. Чалавек пакіне бясплатную бюджэтную сфэру і тым самым вызваліць і час і сродкі для людзей, якія ня могуць плаціць”.

Паводле спадарыні Крамнёвай, у цэнтры чакаюць позвы зь Вярхоўнага суду, які мусіць распачаць разгляд іхнага пазову да Міністэрства аховы здароўя. У зьвязку з прыпыненьнем адкліканьня ліцэнзіі “Экамэдсэрвіс” працягвае працаваць, і на пятніцу тут заплянаваны пераезд у больш прасторнае памяшканьне ў новым будынку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG