Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебская моладзь зьбірае подпісы пад лістом у амэрыканскую амбасаду


Браніслава Станкевіч, Віцебск Сябры віцебскіх моладзевых суполак зьбіраюць подпісы ў абарону IATP-цэнтру. Калектыўны ліст з сабранымі подпісамі прадстаўнікі чатырох недзяржаўных моладзевых суполак мяркуюць перадаць у амэрыканскую амбасаду. Збор подпісаў пачаўся пасьля таго, як стала вядома, што амэрыканскі ўрад істотна зьменшыў выдаткі на разнастайныя праграмы дапамогі, якія ажыцьцяўляюцца ва ўсім сьвеце, і ў прыватнасьці, зь 1 жніўня на 85% будзе скарочанае фінансаваньне IATP-цэнтраў, заснаваных амбасадай Злучаных Штатаў у 7 беларускіх гарадох.

Віцебскія супрацоўнікі мяркуюць, што скарачэньне фінансаваньня прывядзе да спыненьня шматлікіх адукацыйных праграмаў для жыхароў гораду і да фактычнага зьнікненьня IATP– цэнтраў, бо яны перадусім будуць няздольныя ажыцьцяўляць самы асноўны і папулярны ў віцебчукоў накірунак свае дзейнасьці – забясьпечваць бясплатнае карыстаньне рэсурсамі Інтэрнэту.

Складальнікі калектыўнага звароту пішуць, што, дзякуючы дапамозе амэрыканскай амбасады, у адукацыйных мерапрыемствах, навуковых сустрэчах і грамадзкіх прэзэнтацыях IATP узялі ўдзел тысячы пэдагогаў, навукоўцаў, работнікаў культуры, студэнтаў і школьнікаў Віцебшчыны.

За час існаваньня віцебскага IATP-цэнтру, які месьціцца ў абласной бібліятэцы, ў Інтэрнэт зьявіліся некалькі дзесяткаў старонак тутэйшых недзяржаўных арганізацый і ініцыятываў. Таму яны лічаць, што неабходна захаваць інфармацыйны рэсурс, які дапамагае недзяржаўным арганізацыям, установам адукацыі, навукі, культуры рэалізоўваць разнастайныя праекты.

Пад лістом ў амбасаду ЗША на сёньня ўжо падпісаліся больш як 100 чалавек.
XS
SM
MD
LG