Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні раскапалі падмуркі палаца Радзівілаў (фотарэпартаж)


Сяргей Астраўцоў, Горадня У цэнтры Горадні пачалася рэканструкцыя Савецкага пляцу, створанага на месцы гістарычнай забудовы. Рэстаўрацыяй плошчы незадаволены і пэнсіянэры, і аматары мінуўшчыны. Каб дагадзіць вэтэранам, улады пакідаюць на месцы танк на пастамэнце, які спачатку плянавалася прыбраць.

Пасярод плошчы ў 50-я гады зрабілі сквэр у савецкім стылі, без уліку архітэктурных традыцыяў старога эўрапейскага каралеўскага гораду. Сёньня ў сквэры археолягі раскопваюць падмуркі колішняга палаца Радзівілаў, побач зь якімі пракладаюць падземны пераход.



Кіраўнік праекту рэканструкцыі Аляксандар Захарчук сказаў мне, што галоўнай мэтай ён лічыць захаваньне магчымасьці адбудаваць у будучыні разбураныя ў савецкія часы помнікі архітэктуры, якія былі на цяперашняй плошчы Савецкай: гатычны касьцёл Вітаўта, ратушу і палац Радзівілаў.

Я наведаў раскопкі на плошчы, якімі кіруе Генадзь Семянчук з Гарадзенскага ўнівэрсытэту. Ён сказаў, што ягонай марай было, каб спачатку працавалі археолягі, а потым ужо — праекціроўшчыкі і будаўнікі. І сёньня гэта атрымліваецца.

(Семянчук: ) “У першую чаргу, падземны пераход амаль не закрануў падмуркаў палаца Радзівілаў 18-га стагодзьдзя, якія захаваліся з арачнымі скляпеньнямі. І пры абсалютна іншай фінансавай, культуралягічнай сытуацыі гэта добры матэрыял для будучых рэстаўратара, архітэктараў для аднаўленьня палаца”.



Наконт рэакцыі жыхароў можна сказаць, што некаторыя ня хочуць ніякіх зьменаў. Задума праекціроўшчыкаў такая: палову плошчы зрабіць пешаходнай, палову—транспартнай, з двухбаковым рухам. Побач з вуліцай апынецца танк на высокім пастамэнце, які стаіць перад уваходам у сквэр. Улады спачатку думалі яго прыбраць кудысьці, а потым не наважыліся, каб не было новых скаргаў. Вось што пра гэта гаворыць Генадзь Семянчук:

(Семянчук: ) “Для мяне сёньня дзіўная непадрыхтаванасьць псыхалягічная і культурная, людзі гвалтоўна падзяліліся на прыхільнікаў і людзей, якія адмоўна ўсё гэта ўспрынялі. З пэнсіянэрамі, з вэтэранамі — гэта вядома. Таму праекціроўшчыкі дастаюць шмат скаргаў, што псуюць ім сквэрыкі, што псуюць ім навакольнае асяродзьдзе”.

Якія ж знаходкі ў археолягаў, што працуюць на плошчы? Знаходак няшмат: аскепкі посуду, кафля з гербам радзівілаўскім. Знайшлі шкілет хутчэй за ўсё з часоў Паўночнай вайны. Але яны яшчэ адкапалі брук колішняй гарадзенскай вуліцы з назвай “Старая”. Вельмі цікава пастаяць на вуліцы, на якую даўно не ступаў чалавек. Гэты брук будзе захаваны...

На раскопках я сустрэў 16-гадовага ўнука знакамітага гісторыка і археоляга Міхася Ткачова. Яго зваць Раман Ткачоў, ён гімназіст, у раскопках удзельнічаў ужо некалькі разоў:

(Ткачоў: ) “Тут мы капаем палац 18 стагодзьдзя Радзівілаў, таксама частку нашага гораду з пабудовамі, брукаваную плошчу. Ну, канешне, археолягі мараць аб тым, каб мінулае не забывалася, таму што гэта ёсьць іхняя праца, але прагрэс таксама рухаецца наперад, замест таго, каб аднаўляць палац, будаўнікі будуюць тут падземны пераход. Так што хіба нашая мара ня зьдзейсьніцца”.



Вось такі досыць пэсымістычны погляд на працу археолягаў і вынікі іхніх раскопак мае гімназіст Раман Ткачоў. Але трэба сказаць, што на плянах гораду ў архітэктараў намаляваны разбураныя камяніцы. У Менску ратушу адбудавалі, гавораць яны, трэба і нам спадзявацца.

На здымках: на раскопках палаца Радзівілаў, Генадзь Семянчук на адкапаным бруку вуліцы Старой, Раман Ткачоў.
XS
SM
MD
LG