Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Сяргей Скрабец, пратэстуючы супраць беззаконьня, галадуе. Чаму маўчыць Расея?"


RFERL Тэлефанаваньні слухачоў – 16-га чэрвеня 2005 г. Кожны дзень з 21:00 да 09:00 вы можаце патэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку. Рэдакцыя Радыё Свабода не нясе адказнасьці за выказваньні слухачоў.

(Мікола Саскевіч: ) “Хачу зьвярнуцца да ЗША і Эўразьвязу. У нас у Беларусі дыктатар Лукашэнка парушае ўсе чалавечыя законы, жорстка распраўляецца зь беларускімі апазыцыйнымі палітыкамі, а таксама й з простымі людзьмі. І вось у мяне пытаньне да сумленных дэмакратычных палітыкаў Расеі.

Нядаўна да Расеі зьвярнуўся наш апазыцыйны палітык, былы дэпутат Вярхоўнай Рады Сяргей Скрабец. Ён прасіў абароны ад Расеі, прасіў палітычнага прытулку. Расея адмовіла яму. І вось цяпер Сяргей Скрабец сядзіць за кратамі. Беларускі дыктатар незаконна сілай пасадзіў яго ў турму. Сяргей Скрабец, пратэстуючы супраць беззаконьня, галадуе. Чаму маўчыць Расея? Яна ж падпісала ўсе прававыя міжнародныя дакумэнты! Што гэта за краіна такая? Чаму маўчаць расейскія праваабаронцы? Чаму маўчыць паважаны Ўладзімер Лукін? Вы ж сумленны граматны дэмакратычны палітык! Дыктатара трэба спыніць! У Беларусі няма закону! Няма! Ідзе расправа над усім народам!”

(Генадзь Маісеенка: ) “Вашае пытаньне тыдня выклікае толькі адзіны адказ. Калі гаварыць шчыра, то было б лепей, каб ня толькі вышэйшыя асобы на чале з Лукашэнкам сталі невыязнымі і нават на транзыт ня мелі права, але каб невыязной стала і ўся без выключэньня вэртыкаль, і тыя добраахвотныя чальцы выбарчых камісіяў, якія так “выдатна” забясьпечылі элегантную перамогу ў рэфэрэндуме спадару Лукашэнку.

Што ж да паспалітых грамадзянаў Беларусі, я б на месцы замежных краінаў зрабіў бы бязьвізавы выезд для іх увогуле, каб нашыя простыя беларусы езьдзілі. Вось тады ўвесь сьвет паставіў бы ўсё на свае “законныя” месцы, а рэжыму Лукашэнкі засталося б лічыць гадзіны і хвіліны да свайго зьнішчэньня ў бездань, бо іншага не было б выйсьця”.

(Спадар: ) “Я не лічу цалкам слушнымі тыя захады, якія робяцца замежнымі краінамі ў адносінах да беларускіх кіраўнікоў. А вінаватым лічу Лукашэнку, які, на вялікі жаль, да сёньняшняга дня лічыцца прэзыдэнтам краіны”.

(Уладзімер: ) “Што да рашэньня аб забароне піць піва на вуліцах. Гэтая забарона фактычна нічога ня дасьць, таму што наш народ ня вельмі выконвае гэтыя забароны, і на ўсіх міліцыянтаў ня хопіць. Па-другое, гэтая забарона павялічыць спакусу яшчэ больш піць гэтае піва. І тут увогуле стаіць пытаньне правоў чалавека. Піць піва на вуліцы – гэта права чалавека альбо гэта разбэшчанасьць? І тут кожны разумее па-свойму”.
XS
SM
MD
LG