Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Клімаў: “Я ў сваіх дзеяньнях крыху апярэджваю падзеі”


Юрась Бушлякоў, Прага Высокі прадстаўнік Эўразьвязу ў пытаньнях замежнай палітыкі і бясьпекі Хавіер Саляна асудзіў прысуд, вынесены ў мінулую пятніцу палітыку Андрэю Клімаву. Цэнтральны суд Менску асудзіў Клімава на паўтара году абмежаваньня свабоды. Суд прызнаў палітыка вінаватым у арганізацыі несанкцыянаванай апазыцыйнай акцыі ў Менску 25 сакавіка. На думку Хавіера Саляны, “гэта празьмернае пакараньне за дзеяньні, якія, паводле сьведчаньняў АБСЭ і шэрагу іншых арганізацыяў, зьяўляюцца нічым іншым, як мірнай дэмакратычнай дзейнасьцю”.

(Бушлякоў: ) “Сёньня палітык Андрэй Клмаў – госьць эфіру “Свабоды”. Пасьля вынясеньня прысуду ў пятніцу Вы, Андрэй, сказалі, што той дзень удыхнуў у вас надзею. Суд прызнаў Вас вінаватым і пакараў абмежаваньнем свабоды. І тым ня менш надзея?

(Клімаў: ) “Па-першае, я аптыміст. Па-другое, я бачу ў гэтай пастанове суду пэўную тэндэнцыю. Свайго часу ўсе такія палітычныя працэсы канчаліся доўгім турэмным зьняволеньнем абвінавачаных (так было ў маім выпадку ў 2000 годзе). Цяпер я апынуўся на свабодзе, хаця падзеі 25 сакавіка, натуральна ж, не маглі быць не заўважаныя ўладамі, не маглі ня змусіць уладу задумацца пра тое, што варыянт украінскай рэвалюцыі – варыянт Майдану на Кастрычніцкім пляцы ў Менску – быў вельмі блізкі. Так, яшчэ зарана было спадзявацца, што на вуліцы Менску выйдуць 100 тысяч, паўмільёна людзей. Але сам факт, што на Кастрычніцкі пляц 25 сакавіка спрабавалі прайсьці абсалютна ў свой час апалітычныя людзі, павінен радаваць апазыцыю, выклікаць аптымізм у мяне і, адпаведна, страх у дзейнага рэжыму.

Я асабіста і мае калегі з апазыцыі чакалі прысуду з турэмным тэрмінам зьняволеньня. Але я апынуўся на свабодзе, прычым відавочна, улады здавалі сабе справу, што, знаходзячыся на свабодзе, я буду мець кантакт з электаратам і, натуральна, нейкім чынам уплываць на яго настроі, уплываць на падзеі, якія так ці іначай будуць чыніць ціск на Аляксандра Лукашэнку напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году. Усё гэта абуджае ўва мне аптымізм, і думаю, што касацыйная скарга, якую я падам найбліжэйшым часам у Цэнтральны суд, вырашыцца на маю карысьць, і я даб’юся неабходных умоваў у прававым полі Беларусі для падрыхтоўкі да прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году”.

(Бушлякоў: ) “Андрэю, пасьля суду Вы казалі пра сваё самае вялікае жаданьне – наведаць маці. Ужо наведалі?”

(Клімаў: ) “Так, я праз колькі хвілін пасьля суду ўбачыў маці і невыказна зьдзівіў яе сваім зьяўленьнем”.

(Бушлякоў: ) “Скажэце, якая роля ў Вашай палітычнай дзейнасьці найбліжэйшых людзей? Блізкія, сямейнікі з Вамі салідарныя?”

(Клімаў: ) “Гэта складанае пытаньне. Было б няпраўдаю сказаць, што яны вельмі радыя маёй дзейнасьці. Натуральна, яны мяне падтрымліваюць маральна, дапамагаюць мне ў цяжкія хвіліны. Але ж, вядома, яны дужа моцна перажываюць, бо і Віктар Ганчар, і Генадзь Карпенка былі нашымі блізкімі сябрамі. Мы сябравалі сем’ямі. І кожнага разу, як я выходжу з дому, што маці, што мая жонка непакояцца. Вядома, я разумею, што прычыняю ім сваёй палітычнай дзейнасьцю нямала клопату й перажываньняў, але адначасна разумею, што адмовіцца ад сваёй дзейнасьці не магу, бо гэта мой лёс, мой выбар, гэта, урэшце, абавязаньне, якое я даў яшчэ ў 1995 годзе сваім выбарнікам, калі абяцаў бараніць Канстытуцыю і адстойваць іхныя правы”.

(Бушлякоў: ) “Шмат у каго складаецца ўражаньне, што Клімаў – палітык-адзіночка. Сёлетнія падзеі гэтае ўражаньне, здаецца, падмацавалі. Доўгі час Вы вялі самастойную палітычную кампанію, абвяшчаючы пра беларускую рэвалюцыю на 25 сакавіка. Вы не ўзгаднялі сваіх дзеяньняў з прадстаўнікамі іншых апазыцыйных палітычных сілаў. Чаму?”

(Клімаў: ) “Клімаў – не адзіночка. Адзіночка ўвогуле ня здатны правесьці сур’ёзную палітычную кампанію. Я, хутчэй за ўсё, у сваіх дзеяньнях крыху апярэджваю падзеі.

Вядомы беларускі палітык і мой сябра Анатоль Лябедзька у пэўнай ступені нават зьяўляецца мне прыкладам для перайманьня. Я заўсёды, яшчэ з часу Вярхоўнага Савету ХIII скліканьня, у нечым стараўся насьледаваць Лябедзьку, Віктару Ганчару, Генадзю Карпенку, Аляксандру Дабравольскаму, Людміле Гразновай. Я ў іх вучыўся.

Але апошнімі гадамі, пасьля таго як выйшаў з турмы ў 2002 годзе, мне здаецца, што апазыцыя топчацца на месцы. Пасьля турмы я ясна ўбачыў, што мы спрабуем пераскочыць плот, якога ня здатны быў бы пераскочыць з шастом нават Сяргей Бубка”.

(Бушлякоў: ) “Хто для Вас – пэрспэктыўныя сілы беларускай апазыцыі?”

(Клімаў: ) “Увогуле, я іх назваў ужо. Гэта ў першую чаргу лідэры Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Гэта тыя людзі, якія здольныя аб’яднаць і апазыцыю, і паўплываць найбліжэйшым часам на разьвіцьцё падзеяў.

Але ёсьць і людзі, якія сёньня беспасярэдне побач са мною, зь якімі мне даводзіцца вырашаць шэраг складаных палітычных задач. Гэта таксама сябры АГП – Леанід Малахаў і былы каардынатар “Зубра” Цімафей Дранчук”.

(Бушлякоў: ) “Лідэры партыяў-удзельніц Сталай нарады дэмакратычных сілаў абвясьцілі пра пачатак апошняга этапу падрыхтоўкі да Нацыянальнага кангрэсу дэмакратычных сілаў, на якім мае быць названае імя адзінага апазыцыйнага кандыдата на пасаду прэзыдэнта. Якую ролю ў працэсе выбару апазыцыйнага кандыдата Вы адводзіце сабе? Увогуле, ці прымаеце Вы працэдуру вылучэньня адзінага кандыдата?”

(Клімаў: ) “Я вітаю гэты працэс – у якасьці хутчэй сэмінараў, якія маглі б у нейкай меры зарыентаваць апазыцыйна настроены электарат у рэгіёнах. Але рэаліі на сёньняшні дзень такія – рэгіёны ня здатныя паўплываць на сытуацыю ў краіне. Рэгіёны ня здольныя зрабіць ціск на рэжым Лукашэнкі. Толькі ў сталіцы, толькі ў Менску можна нейкім чынам зьмяніць беларускую сытуацыю.

Але пра гэта цяжка гаварыць. Я толькі што выйшаў з турмы, тым ня менш я не магу не сказаць: у рамках прававога поля мы ніяк ня зможам адолець Лукашэнку. Трэба абраць той мэтад барацьбы, які мы бачылі ўвосень-зімою 2004 году ва Ўкраіне, у Кіеве, калі шляхам грамадзкага пратэсту чыніўся ціск на ўлады. На сёньняшні дзень гэта галоўная задача.

Я стаўлюся спакойна да выбараў, якія будуць праходзіць без Лукашэнкі, – там пераможа найлепшы. Але пры Лукашэнку абраць адзінага кандыдата немагчыма – з той простай прычыны, што нават калі ён будзе бязгрэшнейшы за самога Ісуса Хрыста, разумнейшы за Сьпінозу і харызматычнейшы за Вацлава Гаўла, усё адно яму Цэнтравыбаркам налічыць максымум 10 працэнтаў галасоў. І на гэтым уся эпапэя з прэзыдэнцкімі выбарамі 2006 году закончыцца. Хіба мы гэтага выніку хочам?”
XS
SM
MD
LG