Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У турыстычных зонах Беларусі зьявіліся аўтаматчыкі


Вячаслаў Кулік, Менск У Міністэрстве спорту й турызму распрацаваны законапраект, які прадугледжвае падзел тэрыторыі Беларусі на 27 турыстычных зонаў. Паводле чыноўнікаў, навацыя скіраваная на тое, каб прывабіць-такі ў краіну замежных турыстаў. Аднак пакуль гасьцей чакаюць, першымі ў турыстычных зонах зьявіліся ахоўнікі з аўтаматамі.

Сёлета ўпершыню ў Нарачанскім краі й на Браслаўскіх азёрах тамтэйшыя людзі ўбачылі рыбаахову з аўтаматамі Калашнікава. У гамане з аматарамі закінуць вуду людзі ў камуфляжнай форме стараюцца апраўдаць свой агрэсіўны выгляд. На словах яны даводзяць, што баявая зброя больш для страху, чым для страляньня. Вось фрагмэнт такой гутаркі ў вёсцы Шыкавічы Мядзельскага раёну:

(Фрагмэт гутаркі: ) “Мы ж ня ведаем, што нас чакае. Можа хто рыбку ловіць, а сам забойца! Ці каго-небудзь згвалціў, утапіў! А тут мы пад’ехалі!”

Чалавек з аўтаматам у лесе ці ля вадаёму можа спыніць кожнага, бо Дзяржынспэкцыя аховы жывёльнага й расьліннага сьвету створаная пры прэзыдэнту Беларусі як яшчэ адно зьвяно кантролю. Інспэкцыя выведзена з падпарадкаваньня Міністэрства прыродных рэсурсаў і атрымала права сачыць за ўсёй лясной і воднай прастораю. Дзяржынспэкцыя выдае ліцэнзіі, пуцёўкі й дазволы на карыстаньне прыроднымі рэсурсамі. А на безграшовых людзей за такое самае карыстаньне ўзброеныя службоўцы палююць ў засадах альбо па наводцы. Гаворыць адзін з інспэктараў:

(Інспэктар: ) “Калі зычліўцы нам патэлефануюць, то мы можам зьявіцца ў любы час і ў любым месцы, дзякуючы нашай выдатнай тэхнічнай забясьпечанасьці”.

Паводле словаў інспэктара, сёлета іх службу забясьпечылі новымі аўтамабілямі, воднымі катэрамі, выдалі камуфляжную форму з пагонамі, табэльныя пісталеты й аўтаматы. На службовых нарадах, у дзяржаўных газэтах, радыё й тэлебачаньні новыя падразьдзяленьні ўжо не называюць інакш, як “прыродны АМАП”.

Вядомы эколяг і публіцыст Валеры Дранчук выказвае нэгатыўнае стаўленьне да ўзмацненьня аховы на вадаёмах і ў лясах. Ён лічыць, што ў дзяржаве не выкарыстоўваюцца альтэрнатыўныя мэтады экалягічнай бясьпекі.

(Дранчук: ) “Цяга да прыроды, да стасункаў з прыродай была й будзе. Але што дзяржава робіць для таго, каб зьмякчыць гэты кантакт праз выхаваньне, каб было далікатнае й пяшчотнае стаўленьне да прыроды? Яна ў гэтым пляне ня робіць ні-чо-га! Я маю на ўвазе хаця б нейкія цэнтры наведнікаў, якія павінны быць у нашых рэзэрватах, вакол нашых азёраў, у лясах, у асяродках прыроды, куды людзі хочаш ня хочаш, а будуць прыходзіць. Тое ж, пра што мы сёньня гаворым, – гэта паліцэйшчына, чарговая дубінка, узьнесеная над грамадзтвам”.
XS
SM
MD
LG