Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд друку: “Народная воля” будзе пісаць пра Гайдукевіча


Падрыхтаваў Міхал Стэльмак

“Народная воля” на першай старонцы сёньняшняга нумару зьмяшчае ліст калектыву газэты пад назовам “З рашэньнем судзьдзі Любові Валевіч ня згодныя!”. У лісьце супрацоўнікі “Народнай волі” нагадваюць, што заўчора спадарыня Валевіч прыняла рашэньне спагнаць з рэдакцыі 100 мільёнаў рублёў, тым самым задаволіўшы пазоў лідэра Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргея Гайдукевіча. Гэтае рашэньне калектыў зьбіраецца абскардзіць у Менскім гарадзкім судзе, бо, як вынікае зь ліста, увесь сьвет ведае пра сяброўства ірацкага дыктатара Садама Хусэйна зь беларускімі лібэрал-дэмакратамі. “Народная воля” абяцае найбліжэйшым часам падрабязна расказаць пра суд, адкрыць новыя старонкі жыцьця й дзейнасьці Сяргея Гайдукевіча. А яшчэ супрацоўнікі газэты супакойваюць чытачоў, якія хвалююцца за лёс газэты. У лісьце калектыву “Народнай волі” зазначаецца, што за 10 гадоў газэта прайшла праз шматлікія выпрабаваньняў і што вытрывае яна й гэтым разам.

“Курьер из Борисова” паведамляе пра некаторыя акалічнасьці падпіскі на дзяржаўныя выданьні ў гэтым горадзе. Як паведамляе газэта, у рэдакцыю неаднаразова зьвярталіся вайскоўцы-кантрактнікі, інфармуючы аб прымусовай падпісцы на газэту “Во славу Родины”. Тых, хто праігнаруе ўказаньні начальства, могуць чакаць ня толькі службовыя непрыемнасьці, але й страта працы. На прымусовую падпіску ў Барысаве скардзяцца ня толькі вайскоўцы. У прыватнасьці, у рэдакцыю “Курьера” быў дасланы ліст работнікаў Барысаўскага мясакамбінату, якія сьцьвярджаюць, што на гэтым прадпрыемстве абавязваюць падпісвацца на газэту Барысаўскага гарвыканкаму “Адзінства”. Што адметна, і тут пратэст супраць каманднага распаўсюджваньня афіцыйнага выданьня, паводле аўтараў ліста, можа мець для іх працоўныя наступствы.

“Витебский курьер” паведамляе пра ўвядзеньне ў Наваполацку міліцэйскай аховы будынку гарвыканкаму. Каб трапіць да чыноўнікаў, наведнікі гарвыканкаму мусяць цяпер мець пры сабе пашпарт ці іншы дакумэнт. Апроч таго, прозьвішчы такіх грамадзянаў рэгіструюцца ў спэцыяльным журнале. Паводле “Курьера”, наваполацкая навацыя ня выкліканая нейкімі надзвычайнымі прычынамі. Гэта робіцца, як высьветліла газэта, у адпаведнасьці з дэкрэтам Аляксандра Лукашэнкі, які прадпісвае дэпартамэнту аховы Міністэрства унутраных справаў увесьці ахоўны рэжым на пэўных аб’ектах. Апроч гарвыканкаму, у Наваполацку у гэтым сьпісе фігуруюць прадпрыемствы “Нафтан”, “Палімір”, гарадзкая пракуратура, падатковая інспэкцыя ды іншыя аб’екты. У блізкім часе міліцыянты таксама возьмуць іх пад свой кантроль.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG