Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія прычыны візавага скандалу між Беларусьсю і Грузіяй?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 14 чэрвеня). Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: палітоляг Андрэй Фёдараў і журналістка газэты “Белорусский рынок” Марыя Садоўская.

(Валер Карбалевіч: ) “9 чэрвеня прэс-служба прэзыдэнта Беларусі, а потым прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў паведамілі, што кіраўнік дзяржавы прыняў рашэньне ўвесьці візавы рэжым з Грузіяй. Прычым, матывацыя была такая: па-першае, гэта тлумачылася неабходнасьцю ўзгадненьня замежнай палітыкі краіны з Расеяй; па другое, неабходнасьцю змаганьня з злачыннасьцю, нібыта крымінальныя элемэнты з Грузіі прыяжджаюць у Расею празь Беларусь.

Гэтае рашэньне з самага пачатку выглядала дзіўным. Бо Лукашэнка увесь час прэзэнтуе сябе як галоўнага спадкаемцу савецкіх каштоўнасьцяў і традыцыяў. А бязьвізавы рэжым — гэта, можа, апошняе, што зьвязвае грамадзянаў былых савецкіх рэспублік. Акрамя таго, Лукашэнка любіць з гонарам расказваць, што ў Беларусь шмат прыяжджае людзей з краінаў СНД, шукаюць тут прытулку ад канфліктаў і беднасьці на радзіме, а тут усіх ахвотна прымаюць. Рашэньне аб увядзеньні візаў разбурае гэты імідж беларускага кіраўніка. Што б вы маглі сказаць пра прычыны такога дзіўнага кроку афіцыйнага Менску?”

(Андрэй Фёдараў: ) “Сапраўды, гэта было вельмі дзіўнае рашэньне. І ў яго аснове ляжаць дзьве прычыны. Зразумела, сапраўднымі прычынамі зьяўляюцца ня тыя, якія былі агучаныя спачатку афіцыйнымі прэс-службамі. Напрыклад, там сьцьвярджалася, што гэты крок зроблены дзеля ўзгадненьня замежнай палітыкі з Расеяй. Але з моманту аналягічнага рашэньня Расеі прайшло трохі менш за пяць гадоў. І толькі цяпер Беларусь вырашыла ўзгадніць свае дзеяньні з Масквой.

Першай сапраўднай прычынай зьяўляецца тая, што такім чынам беларускія ўлады імкнуцца спыніць імпарт “каляровай рэвалюцыі” ў Беларусь. Як сказаў міністар замежных справаў Мартынаў, шмат грузінскіх “баевікоў-рэвалюцыянэраў” імкнуцца прыехаць у Беларусь дзеля зьдзяйсьненьня тут рэвалюцыі. Але такі погляд ня вельмі рэалістычны. Таму што ў Беларусі няма дыпляматычнага прадстаўніцтва і консульства ў Грузіі. І таму вельмі цяжка было б адсочваць тых людзей, якія імкнуцца ажыцьцявіць рэвалюцыю ў Беларусі, напрыклад, актывістаў той жа “Кмара”.

Другая прычына мне падаецца нават больш верагоднай. Такім рашэньнем беларускія ўлады імкнуцца зрабіць чарговы дробны, але непрыемны ўкол кіраўніцтву Грузіі, якое робіць гучныя заявы наконт унутранай палітыкі Беларусі”.

(Карбалевіч: ) “Хачу заўважыць, што адну непрыемнасьць Грузіі беларускія ўлады ўжо зрабілі. Маю на ўвазе візыт групы дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў на чале зь сьпікерам Канаплёвым у Абхазію, якая імкнецца аддзяліцца ад Грузіі. Зь іншага боку, спадар Фёдараў, вы сказалі, што нелягічна было б спрабаваць прадухіліць імпарт ці экспарт рэвалюцыі з дапамогаю візаў. Сапраўды, калі падумаць, то гэта так. Але калі людзі жывуць у стане страху, то тут дзейнічае іншая лёгіка, якая па-іншаму рэагуе на гэтыя небясьпекі”.

(Марыя Садоўская: ) “Магчыма, такія дзеяньні беларускага кіраўніцтва былі прадыктаваныя пэрсанальнымі матывамі ў дачыненьні да кіраўніцтва Грузіі. Але калі глядзець на гэтую сытуацыю больш глябальна, то можна заўважыць: апошнім часам афіцыйныя асобы Беларусі заяўляюць, што вакол нашай краіны звужаецца кола ворагаў. Калі Лукашэнка быў на вайсковай базе ў Бярозе, ён казаў, што асабліва краіны, якія нядаўна сталі саюзьнікамі Захаду, найбольш актыўныя адносна Беларусі і, нібыта, нясуць пагрозу. Зыходзячы з гэтай лёгікі, вораг шукаецца ня толькі на Захадзе, але і сярод краінаў СНД, якія выразна дэманструюць прыхільнасьць да заходніх каштоўнасьцяў.

Гэта быў адказ Менску на апошнія ініцыятывы Саакашвілі, ягоныя заявы разам з прэзыдэнтам ЗША Бушам, з прэзыдэнтам Літвы Адамкусам адносна Беларусі. Але ў дачыненьні да Літвы мы ўвесьці візавага рэжыму ня можам, таму што ён і так існуе. Зачыніць увогуле мяжу зь Літвой таксама ня можам, бо гэта наш сусед. А Грузія была абраная як аб’ект, які без асаблівых стратаў можна было б адмежаваць візавым рэжымам”.

(Карбалевіч: ) “Празь дзень, калі ў грузінскім парлямэнце падрыхтавалі праект, паводле якога забараняўся ўезд на тэрыторыю Грузіі Лукашэнкі і, магчыма, іншых кіроўных асобаў Беларусі, афіцыйны Менск адкруціў сытуацыю назад. З заяваў міністра замежных справаў Мартынава і намесьніцы кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Пяткевіч вынікала, што прэзыдэнт не прымаў рашэньня аб увядзеньні візавага рэжыму з Грузіяй, што гэта няправільная інтэрпрэтацыя грузінскага боку. Як патлумачыць такі нечаканы паварот?”

(Фёдараў: ) “Мартынаў у сваёй заяве ўвесь час спасылаўся на праект рашэньня грузінскага парлямэнту. Таму, мне падаецца, гэта і паслужыла падставаю дзеля адмены папярэдняга рашэньня. Можна сказаць, што адказ Грузіі быў асымэтрычным, але вельмі элегантным. Ён пакідаў свабоднае перамяшчэньне для грамадзянаў Беларусі, але плянаваў увесьці абмежаваньні для вышэйшага кіраўніцтва. І гэта было нечаканым для Менску. Чакаліся адэкватныя захады. Тады можна было раскручваць гэты скандал у СМІ, абвінавачваць ва ўсім Грузію, працягваць нарошчваць напружаньне ў двухбаковых дачыненьнях

Але такі адказ Грузіі паставіў кіраўніцтва Беларусі ў непрыемную сытуацыю. На сёньняшні дзень не існуе забароны на ўезд Лукашэнкі ні ў водную краіну сьвету. Існуюць забароны для іншых асобаў, але не для Лукашэнкі. Іншая справа, што яго не запрашаюць. А тут такі крок робяць калегі па СНД. Як у такім разе быць далей? Як сустракацца на самітах СНД? Для Лукашэнкі гэта было вельмі непрыемна. Таму давялося адкручваць назад”.

(Садоўская: ) “Трэба паглядзець, як функцыянуе беларуская ўлада, як там прымаюцца рашэньні. Падаецца, што гэта было рашэньне Лукашэнкі, ці нават жаданьне прэзыдэнта, злоўленае ягонай прэсавай службай, а пасьля пацьверджанае МЗС. Зразумела, што рашэньне было непрадуманае. Напэўна, не было пралічана, што можа быць такая рэакцыя грузінскага боку, што спатрэбіцца выходзіць зь Бішкецкага пагадненьня. А гэта азначае, што Беларусь, якая ўвесь час выступала за ўмацаваньне СНД, раптам аказваецца ў сытуацыі разбуральніка СНД. І што міжнародная рэакцыя будзе такая гучная і нэгатыўная.

Магчыма, таксама, гэты крок ня быў узгоднены з Расеяй. І верагодна, што з расейскага боку было выказана пажаданьне, каб Беларусь не спасылалася на Маскву пры такіх непапулярных рашэньнях. Расея не пакідае надзеі на дыялёг з Грузіяй, і таму ня хоча быць замяшанай у гэтую справу. Але я згодная з спадаром Фёдаравым у тым, што такая апэратыўная і гучная рэакцыя Грузіі паўплывала на апошнія крокі кіраўніцтва Беларусі. І Мартынаў быў вымушаны ў такой цікавай форме, як інтэрвію журналістам, даць задні ход”.

(Карбалевіч: ) “Сапраўды, такім элегантным крокам Грузія засьведчыла, што Лукашэнка зьяўляецца разбуральнікам агульнай візавай прасторы СНД і ўвогуле самаго СНД. І заставацца ў такой якасьці беларускаму кіраўніку зрабілася ня вельмі ўтульна. Калі рабіць агульныя высновы, то пра што сьведчаць такія дзіўныя павароты, зыгзагі ў замежнай палітыцы Беларусі? Чым яны выкліканыя, што ляжыць у іх аснове?”

(Фёдараў: ) “Няма сумненьняў, што гэта выклікана нэрвовасьцю беларускага кіраўніцтва з нагоды “каляровых рэвалюцыяў”. Пра гэтыя рэвалюцыі згадваецца вельмі часта ў выступах Лукашэнкі. А калі чалавек нэрвуецца, то ён далёка не заўсёды робіць лягічныя крокі. Што тычыцца пэрспэктывы беларуска-грузінскіх дачыненьняў, то яна крыху супакойваецца. Абодва бакі адыгралі назад, будуць спрабаваць рабіць добры твар пры дрэннай гульні. Ня будзе нейкіх асабістых канфліктаў на самітах СНД. А пікіроўка палітычная, у СМІ будзе працягвацца.

Можна згадаць прыклад зносінаў Армэніі і Азэрбайджану. Фармальна яны знаходзяцца амаль што ў стане вайны. Але ў самітах СНД удзельнічаюць, сустракаюцца”.

(Садоўская: ) “Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў наступнага году беларускае кіраўніцтва будзе адпрацоўваць шмат мадэляў паводзінаў у дачыненьнях да іншых краінаў, асабліва тых, дзе перамаглі “каляровыя рэвалюцыі”. Магчыма, гэты скандал з Грузіяй таксама быў спробай адыграць нейкую мадэль. У такім разе мэтамі гэтай гульні былі такія: які можа быць водгук таго боку, сусьветнай супольнасьці, беларускіх грамадзянаў.

Зь іншага боку, верагодна, гэта было папярэджаньне беларускім бокам іншых краінаў, напрыклад, Украіны, каб яны ня ўмешваліся ў справы Беларусі, не спрабавалі ўплываць на сытуацыю тут. Таму што беларускім уладам ужо амаль няма чаго траціць”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў прызнаў, што прычынай першапачатковага рашэньня аб увядзеньні візавага рэжыму з Грузіяй зьяўляецца страх перад экспартам рэвалюцыі. А калі ў аснове важных палітычных рашэньняў ляжыць страх, то нічога дзіўнага, што здараюцца такія недарэчныя сытуацыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG