Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы плод – за плот


Антаніна Хатэнка, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Гаспадыні нашы, як не ўдаецца ладка гладкай, перажываюць на расейскі капыл: первый блин комом. А ў землях ліцьвінскіх паміж іншага першы блінец, нават і ўдалы, аддавалі духам-ахоўнікам. Але азначалі гэта зусім пабытова: першы плод – за плот. Дзея тая ня ёсьць папросту пазбываньнем, выкіданьнем здабытку, але ахвяраю жыцьцю, прыродзе, зямлі. Гэтак індусы прапаноўваюць наедак богу, да якога горнуцца, а затым частуюцца самі. Дый вернікі-хрысьціяне перадусім прамаўляюць ля стала малітву-ўдзяку.

Наагул жа ў формуле першы плод – за плот схаваны не адно сэнс ахвяраваньня, але й сьвятарнасьці ўсяго першага, зачыннага – дадзенага звыш і наканаванага вынікам вярнуцца ў сусьветнае валадарства. Бо толькі тады – верылі – усялякая добрая справа мецьме спор і працяг.

Што ж да блінца, дык жыткуе неадменны звычай: першы блін сабаку. Гэтак і робяць па вёсках дасюль. Бо ў свойскую жывёліну засяляецца дух – прыязьнік сям’і. А яго, зразумела, жывіць належыць папярод усіх і першым, сьвятым, здабыткам. Таму ніве аддаюць першы снапок-бараду, продкам на Каляды й Дзяды – першую лыжку куцьці, а ў Радаўніцу нясуць да магіл захаванае першае яйка-фарбаванку.

Нічога няма зьнянацнага, усё замкнёна ў няспыннасьць пачатку й краю. Старажытныя рытуальна “кармілі” гэтую повязь. А нам пакінулі код-пазнаку: першы плод – за плот.

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG