Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 15 чэрвеня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса за 15 чэрвеня.

“Звязда”, 1935 год:

“Гарадская камісія па падрыхтоўцы і правядзенню святкавання 15 гадавіны вызвалення БССР ад белапалякаў арганізуе з 17 чэрвеня па 5 ліпеня аднадзенныя культурна-палітычныя экскурсіі рабочых і іх утрыманцаў па фабрыках, заводах, музеях і культурных установах Менска. Экскурсіямі будуць абслужаны рабочыя і служачыя 50 прадпрыемстваў і ўстаноў. Зацверджаны 7 маршрутаў, у якія ўваходзяць: музей рэвалюцыі, машынабудаўнічы завод імя Варашылава, фабрыка “Комунарка”, гістарычны музей, Акадэмія навук, клінічны гарадок, калгас “Сеніца”, фабрыка-кухня, санаторый “Навінкі” і інш.”.

“Сталинская молодежь”, 1955 год:

“Хто хоць аднойчы наведаў танцавальную пляцоўку ў Віцебскім парку культуры і адпачынку, наўрад ці пажадае прыйсьці сюды яшчэ раз. Продаж білетаў не абмежаваны, таму танцораў набіваецца, як селядцоў у бочку… Час ад часу, перакрываючы гукі духавога аркестру, разьлягаюцца крыкі: гэта некаму наступілі на нагу. Многія танцоры назаўтра ня могуць павярнуцца — баляць пакамечаныя бакі… Магчыма, работнікі парку і могуць назваць гэтую шматгадзінную таўкатню культурным адпачынкам, аднак мы лічым, што гэта не адпачынак, а проста недарэчнае марнаваньне часу”.

“Имя”, 1995 год:

“Цяпер, калі жонка беларускага паэта Ўладзімера Някляева задумае мыць шыбы ва ўласнай кватэры, яна павінна перш за ўсё паведаміць… беларускія спэцслужбы… Някляеў і ягоная сям’я жывуць у доме, які знаходзіцца на рагу вуліц Энгельса і Карла Маркса… вокны кватэры акурат выходзяць на прэзыдэнцкую рэзыдэнцыю. А ў ёй, канечне ж, кабінэт Аляксандра Рыгоравіча… “Што ж мне цяпер, па ўласнай кватэры на карачках поўзаць?” — абураўся Ўладзімер Някляеў. Але яго хутка астудзілі, прамовіўшы на разьвітаньне: “Трэба будзе — будзеце і на карачках…”
XS
SM
MD
LG