Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леванеўскага ў калёніі наведаў ягоны адвакат


Алег Грузьдзіловіч, Менск 15 чэрвеня гарадзенскі адвакат Аляксандр Бярылаў наведаў у Івацэвіцкай калёніі Валера Леванеўскага. Адвакат распавёў Радыё Свабода пра некаторыя падрабязнасьці галадоўкі свайго падабароннага.

Аляксандр Бярылаў пацьвердзіў, што лідэр гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валер Леванеўскі днямі спыніў галадоўку, якую трымаў з 1 чэрвеня. Вось што адвакат распавёў пра тое, як пачуваецца вязень івацэвіцкай калёніі:

(Бярылаў: ) “Ён нармальна сябе адчувае. Сказаў што ўсё добра, выйшаў з галадоўкі добра. Крыху скардзіцца на сэрца, але гэта, відаць, звычайна для ўсіх там. Казаў, што магчыма яго накіруюць ў рэспубліканскі турэмны шпіталь на абсьледаваньне”.

Паводле адваката, Валер Леванеўскі схуднеў, але захаваў бадзёрасьць і добры настрой. Вязень казаў, што недахоп ежы яму кампэнсавала добрае паветра, бо вакол калёніі шмат лясоў і паветра вельмі чыстае.

Чаго дамогся Валер Леванеўскі сваёй галадоўкай?

Адвакат паведаміў, што ў выніку галадоўкі сустрэцца зь Леванеўскім адмыслова прыяжджалі кіраўнік берасьцейскай ўправы дэпартамэнту выкананьня пакараньняў і намесьнік начальніка дэпартамэнту зь Менску. Гэта ўжо вялікая перамога, лічыць адвакат. Аднак большасьць прэтэнзіяў Леванеўскага да адміністрацыі калёніі пакуль засталіся. Яны тычацца правілаў атрыманьня і адпраўленьня карэспандэнцыі. Валер Леванеўскі лічыць, што правы вязьняў на карэспандэнцыю моцна абмяжоўваюцца. Прыкладам, за год знаходжаньня ў калёніі спадар Леванеўскі накіраваў каля ста розных лістоў і скаргаў, аднак, паводле ягоных зьвестак, дайшла іх да адрасатаў усяго дзесятая частка. Таму лідэр прадпрымальнікаў патрабуе ўдасканаліць сыстэму ўліку скаргаў асуджаных і адказаў на гэтыя скаргі. Паколькі ягоныя патрабаваньні ня выкананыя, ён пакінуў за сабой права аднавіць галадоўку.

На пытаньне, як ставіліся вязьні да галадоўкі, Аляксандр Бярылаў адказаў.

(Бярылаў: ) “Ён казаў, што яго падтрымліваюць, а калі ёсьць нейкія нэгатыўныя праявы, ён лічыць іх дзеяньнямі адміністрацыі і вынікам залежнасьці асуджаных ад адміністрацыі”.

Нагадаем, на мінулым тыдні стала вядома, што адзін з асуджаных пагражаў забіць Леванеўскага за тое, што той скардзіцца на турэмнае начальства. Лідэр прадпрымальнікаў заявіў, што гэты асуджаны актыўна супрацоўнічае з адміністрацыяй. Паводле адваката Аляксандра Бярылава, канфлікт зараз вырашаны.

***

Лідэр прадпрымальнікаў з Горадні Валер Леванеўскі быў асуджаны на 2 гады зьняволеньня за паклёп на прэзыдэнта. Арганізацыя “Міжнародная амністыя” абвясьціла яго вязьнем сумленьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG