Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе мець постлукашэнкаўская Беларусь шанец на сяброўства ў Эўразьвязе?


Алена Струвэ, Менск Міжнародныя экспэрты прагназуюць фіяска саміту Эўразьвязу, які адбудзецца ў чацьвер і пятніцу ў Брусэлі. Як вынікае з інтэрвію вядомага нямецкага палітоляга – прафэсара Ганса Ўльрыха Вэлера бэрлінскай газэце TAZ (Tageszeitung), сябрам ЭЗ не ўдалося знайсьці паразуменьне па шэрагу пытаньняў, у тым ліку ў вызначэньні межаў Эўразьвязу. Паводле прафэсара Вэлера, эўрапейскія палітыкі ня надта разумна падзялілі краіны на сваіх сябраў і аўтсайдэраў і нават ня ведаюць, ці маюць нейкую будучыню ў межах ЭЗ постлукашэнкавая Беларусь, альбо Ўкраіна ці Грузія. З аглядам сёньняшняга нямецкамоўнага друку наша карэспандэнтка.

Як лічыць нямецкі палітоляг Ганс-Ульрых Вэлер, Эўразьвяз дастаткова палахлівы, каб вызначыць свае межы. Паводле экспэрта, “цяперашняя генэрацыя эўрапейскіх палітыкаў ёсьць самай горшай за апошнія 50 год: няма ніводнай палітычнай фігуры роўнай, напрыклад, Дэлорсу альбо Шмідту. І Фэргойгэн, і Фішэр бачаць у Эўразьвязе ўсясьветную імпэрыю ад Ляпландыі да Курдыстану. Тым часам, аб’яднаная Эўропа як палітычны зьвяз знаходзіцца на шляху да фундамэнтальнага крызысу. Сёньня ніхто ня ў стане адказаць на ключавое пытаньне адносна межаў ЭЗ. Якія шанцы ёсьць ў гэтым накірунку ў постлукашэнкавай Беларусі альбо ў Грузіі?”

“Нават Бісмарк ў гэтае сытуацыі заўсёды даў бы надзею сваім суседзям і прапанаваў бы ім нейкія гнуткія ўмовы, а не дзяліў бы загадзя Эўропу на сябраў ЭЗ і безнадзейных аўтсайдэраў”, зазначае ў інтэрвію бэрлінскай TAZ нямецкі палітоляг Ганс-Ульрых Вэлер.

Паводле некаторых аўстрыйскіх выданьняў, у выніку фіяска з канстытуцыяй і з-за новага абвастрэньня супярэчнасьцяў у пытаньні пашырэньня ЭЗ, пэрспэктывы постсавецкіх рэспублікаў, якія абралі для сябе дэмакратычны шлях становяцца вельмі няпэўнымі. Безумоўна, гэты крызыс будзе да спадобы праціўнікам “каляровых рэвалюцыяў” – аўтакратычным рэжымам у Расеі і Беларусі. Як пішуць "Oberoesterreichische Nachrichten", ня выключана, што ідэя адраджэньня савецкай імпэрыі можа ізноў набыць актуальнасьць, таксама можа ўзрасьці ўплыў Крамля на выйшаўшыя з-пад ягонага кантролю былыя саюзныя рэспублікі.

Як вынікае з матэрыялу нямецкага інтэрнэт-рэсурса vorwaerts.de, цяперашняя пазыцыя Расеі да Беларусі, а таксама Ўкраіны, Грузіі, краінаў Цэнтральнай Азіі ёсьць падставай для хваляваньняў будучага старшыні ЭЗ – Вялікай Брытаніі. Паводле ангельскіх дыпляматаў, цалкам верагодна, што дыскусіі на гэтую тэму прагучаць ў часе амэрыкана-расейскага саміту, які мае адбыцца ў хуткім часе.
XS
SM
MD
LG