Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пайшоў другі месяц галадоўкі Сяргея Скрабца за кратамі


Уладзімер Глод, Менск Актывіст беларускай апазыцыі, кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня пратэстуе супраць арышту і абвінавачаньняў на свой адрас, якія лічыць беспадстаўнымі. Былы дэпутат, які знаходзіцца ў Берасьцейскім сьледчым ізалятары, абвінавачваецца па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу — падрыхтоўка да злачынства і хабарніцтва.

16 чэрвеня Сяргея Скрабца зьбіраюцца наведаць ягоныя маці і жонка, якія маюць дазвол на сустрэчу. Яны, а таксама бацька і брат, ужо некалькі разоў прасілі Сяргея, каб ён спыніў галадоўку. Малодшы брат былога парлямэнтара Аляксандар Скрабец гаворыць, што асабліва хвалюецца іх маці Ніна Рыгораўна:

(Скрабец: ) “У яе толькі адно пытаньне: калі вызваляць Сяргея?”

Памочнік экс-дэпутата Сяргей Галаганюк лічыць, што пытаньне наконт працягу галадоўкі вырашыцца цягам аднаго-двух дзён:

(Галаганюк: ) “Мне падаецца, што ён будзе яшчэ галадаць. Гэта мая асабістая думка. Ён можа нават сказаць, што выходзіць з галадоўкі, але потым усё роўна галадаць. Бліжэйшым часам усё гэта высьветліцца. Магчыма, гэта будзе вядома ўжо заўтра, магчыма, пасьлязаўтра. Але ўжо нейкую рэальную карціну будзем ведаць”.

Спадар Галаганюк нагадаў, што раней Сяргей Скрабец галадаваў найбольш 24 дні. Як ён лічыць, галадаваць далей надзвычай рызыкоўна.

Сёньня адвакат Сяргея Скрабца Міхаіл Хоміч паведаміў, што ягоны падабаронны разглядае магчымасьць спыніць галадоўку. Экс-дэпутат, паводле адваката, разважае так:

(Хоміч: ) “Калі створаць мне годныя ўмовы, дык я пачну выходзіць з галадоўкі.Калі ж ня створаць — ня буду выходзіць. А згодна з заключэньнем мэдычнай часткі Берасьцейскага сьледчага ізалятару, умовы годныя. Дактары адзначылі, што стан здароўя здавальняючы. Пульс і крывяны ціск у норме — так напісалі ў заключэньні”.

Спадар Хоміч сказаў, што пасьля таго, як 14 чэрвеня берасьцейская пракуратура дала адмоўны адказ на ягонае хадайніцтва аб зьмене меры стрыманьня Сяргея Скрабцу, ён пачаў рыхтаваць новае хадайніцтва — гэтым разам у Берасьцейскі абласны суд. Адвакат спадзяецца перадаць неабходныя дакумэнты 15 ці 16 чэрвеня.

Сьледзтва лічыць, што былы дэпутат падбухторваў жыхара гораду Бяроза даць хабар 30 тысяч даляраў супрацоўнікам Берасьцейскіх пракуратуры і абласнога суду, каб тыя паспрыялі вынясеньню апраўдальнага прысуду жыхару вёскі Альшаны Пінскага раёну Грыбу. Пазьней той быў асуджаны на 24 гады пазбаўленьня волі за цяжкія злачынствы. У гэтай вёсцы жывуць родныя жонкі Сяргея Скрабца.

Сяргей Скрабец летам 2004 году ўдзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў, якія патрабавалі дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. Летась у кастрычніку ён зьвярнуўся да прэзыдэнта Расеі з просьбай пра палітычны прытулак, аднак атрымаў адмоўны адказ. Сёлета ў красавіку Беларускае тэлебачаньне паказала сюжэт, у якім сьцьвярджалася, што спэцслужбы затрымалі кур’ера, які вёз зь Вільні 200 тысяч даляраў — нібыта для фінансаваньня палітычнай дзейнасьці Сяргея Скрабца.
XS
SM
MD
LG