Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларусы праводзяць у чэргах па шэнгенскія візы ад 5 да 10 дзён (фота)


Севярын Квяткоўскі, Менск 20 гадоў назад у люксэмбурскім горадзе Шэнгене было падпісанае пагадненьне аб усталяваньні рэжыму вольнага перамяшчэньня на межах паміж Францыяй, Нямеччынай, Бэльгіяй, Нідэрляндамі і Люксэмбургам. Што да беларусаў, то гэтым летам праблема атрыманьня шэнгенскай візы паўстала асабліва востра.

Так, францускае пасольства ў Менску выдае толькі “біямэтрычныя візы”. Таму абавязкова асабістая прысутнасьць заяўніка ў консульскім аддзеле пасольства. Вырасьлі чэргі, людзі стаяць пад амбасадаю па некалькі сутак.

(Карэспандэнт: ) "Я знаходжуся перад аркай будынка, што непадалёк ад францускай амбасады. Менавіта тут, каб ня выклікаць нараканьняў аховы амбасады, штодня зьбіраецца ад дзьвюхсот да чатырохсот чалавек. Яны жадаюць атрымаць шэнгенскую візу. Збор два разы на дзень: а 7-й і а 13-й гадіне ладзіцца пераклічка паводле сьпісу, які складаюць самі грамадзяне. Хто два разы ня ўдзельнічае ў пераклічцы – выпадае са сьпісу.

Зрэшты, яшчэ зусім нядаўна перад францускай амабасадай ўначы можна было пабачыць падабенства намётавага гарадку. Цяпер толькі некаторыя іншагароднія начуюць у сваіх аўто, прыпаркаваных на навакольных стаянках. Візавы аддзел амбасады ўвёў сыстэму нумаркоў, якія даюць права ўвайсьці ў амабасаду і падаць патрэбня дакумэнты. Нумаркі выдаюцца той ці іншай колькасьцю тым, хто стаіць у жывой чарзе. Адзін з маіх суразмоўцаў гаворыць, што два дні таму быў 501-м у чарзе па нумарок, а цяпер 370-ы. Мяркуе, што цалкам стаяньне ў чарзе зойме ня менш за тыдзень.



Нягледзячы на тое, што зьнешне чарга мае выгляд натоўпу, тут ўсё досыць добра арганізавана, і вонкавых праяваў нэрвознасьці ды істэрыкі не відаць.

Варта нагадаць, што тыдзень таму Міністэрства замежных справаў Беларусі скрытыкавала сытуацыю з выдачай шэнгенскіх візаў, найперш у нямецкай амбасадзе. Нямецкая амбасада адказала, маўляў, шмат якія беларусы даюць недакладны зьвесткі пра сябе, што вымагае дадатковай праверкі. Але празь Нямецкую амабасаду ідзе большы паток людзей: ад пяцісот да тысячы. Таму немцы плянуюць адмовіцца ад выдачы віз у краіны Бэнілюксу.

Дарэчы, амасада Францыі таксама дае візы ў шэраг іншых краінаў. Па камантар да цяперашняй сытуацыі і пэрспэктываў я зьвярнуўся ў адзін з аддзелаў францускай амбасады. Мне патлумачылі, што сапраўды спэцыфіка ў тым, што амбасада выдае біямэтрычныя візы, дзе патрэбныя такія дадзеныя, як, напрыклад, адбіткі пальцаў. Але прадстаўнік францускай амбасады мне паведаміў, што новаўвядзеньне не замарудзіла працэс выдачы віз. Як выдавалі каля ста дваццаці за дзень, столькі ж і выдаюць цяпер. А чэргі ў параўнаньні зь мінулымі гадамі ўзрасьлі з тае прычыны, што цяпер анкеты беларускіх грамадзянаў правяраюцца значна больш пільна – і адпаведна даўжэй па часе. У францускай амбасадзе чакаюць яшчэ большага наплыву людзей, і прынялі адпаведныя захады. Тлумачыць прадстаўнік амбасады:

(Прадстаўнік: ) "На сёньняшні дзень праблема вырашаецца, зрэшты, як яна вырашаецца і кожны год. Справа ў тым, што на летні пэрыяд наймаецца дадатковая колькасьць пэрсаналу, які працуе ў візавым аддзеле. І супрацоўнікі візавага аддзелу, фактычна, ня маюць абедаў, і яны застаюцца гадзіны на дзьве, а часам і болей пасьля заканчэньня працоўнага дня".

Варта зазначыць, што для людзей, якія накіроўваюцца ў Заходнюю Эўропу праз амбасаду Францыі паводле культурніцкіх, адукацыйных ці спартовых праграмаў існуюць ільготы. Але нават калі сам амбасадар умяшаецца ў справу, каб прысьпешыць выдачу візы, усё роўна давядзецца чакаць ня менш за суткі.
XS
SM
MD
LG