Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васіль Лявонаў і Аляксандар Казулін атрымалі неадназначны адказ


Альгерд Невяроўскі, Менск Cталая нарада дэмакратычных сілаў дала афіцыйны адказ на прапановы прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта Васіля Лявонава і Аляксандра Казуліна. Частку гэтых прапановаў прызналі прымальнай для апазыцыйнай кааліцыі, з часткай удзельнікі нарады катэгарычна ня згодныя. Сябры сталай нарады таксама выступілі з заявамі ў абарону палітзьняволенага Сяргея Скрабца і з заклікам да сацыял-дэмакратаў пад кіраўніцтвам Аляксандра Казуліна адмовіцца ад маёмасных прэтэнзіяў у дачыненьні да Міколы Статкевіча.

Сталая нарада, якая аб’ядноўвае дзесяць апазыцыйных беларускіх партыяў, накіравала прапановы аб супрацоўніцтве і ўдзеле ў Кангрэсе дэмакратычных сілаў усім патэнцыйным прэтэндэнтам на пасаду прэзыдэнта. Але адказы атрымала толькі ад двух — Аляксандра Казуліна і Васіля Лявонава. Сёньня ўдзельнікі нарады накіравалі ім афіцыйны адказ. З часткай прапановаў прадстаўнікі аб’яднанай апазыцыі згодныя, з часткай — катэгарычна не. Сябры нарады вітаюць прапановы праводзіць грамадзкія кампаніі па важных сацыяльна-эканамічных і палітычных пытаньнях (падрыхтоўкі да назіраньня за выбарамі, канстытуцыйнай рэформы і г.д).

Пра непрымальныя для кааліцыі прапановы гаворыць старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Непрымальныя любыя прапановы, якія скіраваныя на адклад па часе ўжо прынятай схемы правядзеньня раённых сходаў і правядзеньня Кангрэсу дэмакратычных сілаў. А пройдзе ён у верасьні. Непрымальная зьмена сутнасьці зьместу Кангрэсу дэмакратычных сілаў, які павінен прыняць рашэньне пра вылучэньне адзінага кандыдата. Пра фармаваньне лідэрскай каманды вакол вызначанага такім чынам лідэра. Таксама непрымальныя прапановы замест вызначэньня адзінага кандыдата фармаваць нейкія групы. Пяцёра прэтэндэнтаў ад кааліцыі, і пяцёра з па-за кааліцыі. Гэтая прапанова фіксавала бы сёньняшнюю сытуацыю, калі нехта застаецца па-за працэсам”.

Сталая нарада дэмакратычных сілаў таксама прыняла заявы з патрабаваньнем неадкладна вызваліць зьняволенага былога дэпутата Сяргея Скрабца і з заклікам да сацыял-дэмакратаў пад кіраўніцтвам Аляксандра Казуліна спыніць маёмасныя прэтэнзіі да кіраўніка партыі “Народная грамада” Міколы Статкевіча. Прыхільнікі Аляксандра Казуліна, якія раней былі сябрамі партыі пад кіраўніцтвам Міколы Статкевіча, лічаць, што ён ужо не зьяўляецца старшынём “Народнай грамады” і патрабуюць ад яго перадачы пячаткі, архіву ды іншай маёмасьці партыі.
XS
SM
MD
LG