Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леванеўскі спыніў галадоўку з-за праблем са здароўя, але ня толькі з-за гэтага


Алег Грузьдзіловіч, Менск Валер Леванеўскі напісаў сыну пра тое, чаму спыніў галадоўку. Валер Леванеўскі паведамляе, што спыніў галадоўку з-за праблемаў са здароўем і небясьпекі апынуцца ў штрафным ізалятары. Вязень абяцае паўтараць акцыі пратэсту штомесяц і не адмаўляецца ад сваіх патрабаваньняў.

Праблемы са здароўем сталі галоўнай прычынай спыненьня галадоўкі лідэрам гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валерам Леванеўскім. Пра гэта Радыё Свабода паведаміў сын Леванеўскага Ўладзімер, спаслаўшыся на ліст, атрыманы ад бацькі. Валер Леванеўскі таксама спасылаецца на іншыя абставіны, якія падштурхнулі яго да такога рашэньня. Гаворыць Уладзімер Леванеўскі:

(Леванеўскі: ) “Многа падрабязнасьцяў ён ня піша, але піша, што спыніў галадоўку з двух асноўных прычынаў. Першае, з-за таго, што дрэнна сябе адчувае. Другое, ёсьць небясьпека, што яго накіруюць у штрафны ізалятар ці ў рэспубліканскі шпіталь. Напярэдадні адзін вязень галадаваў, і яго зьмясьцілі ў ізалятар, а там далі нейкі ўкол”.

Паводле Ўладзімера Леванеўскага, ягоны бацька заяўляе, што будзе штомесяц праводзіць галадоўкі і не адмаўляецца ад ніводнага са сваіх патрабаваньняў. Вязень не давярае абяцаньням адміністрацыі калёніі наконт таго, што ў выпадку паводзінаў без парушэньняў турэмнай дысцыпліны праз паўгоду яго вызваляць умоўна-датэрмінова. “Турэмшчыкі дзейнічаюць не са сваёй волі, а паводле загаду зьверху. Між тым, наверсе да Валера Леванеўскага стаўленьне адназначнае — як да небясьпечнага апазыцыянэра”, — лічыць Уладзімер Леванеўскі.

14 чэрвеня начальнік Івацэвіцкай калёніі Іван Лукша запэўніў, што, калі Леванеўскі ня будзе парушаць парадку, праз паўгоду яго вызваляць. Што да амністыі, міліцыянт сказаў, што Леванеўскі пад яе не падпадае, паколькі ёсьць “злосным парушальнікам турэмнага рэжыму, за што быў неаднаразова пакараны”.

Між тым, менавіта з прычыны нежаданьня адміністрацыі калёніі і судоў пераглядаць законнасьць гэтых пакараньняў Валер Леванеўскі абвяшчаў галадоўку, якая цягнулася больш за дзесяць дзён. Таксама ён патрабаваў адстаўкі начальніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Уладзімера Коўчура, якога абвінавачваў у парушэньні шэрагу законаў. Уладзімер Коўчур заявіў на гэта, што не зьбіраецца сыходзіць у адстаўку з прычыны галадоўкі аднаго з 50 тысяч вязьняў.

Лідэра гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валера Леванеўскага суд пакараў двума гадамі зьняволеньня за паклёп на прэзыдэнта. Арганізацыя “Міжнародная амністыя” абвясьціла Леванеўскага вязьнем сумленьня.
XS
SM
MD
LG