Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прысуды "за маральныя страты" – новы сродак ціску на незалежныя газэты?


Валер Каліноўскі, Менск Учора суд Ленінскага раёну Менску вырашыў спагнаць з рэдакцыі “Народнай Волі” 100 мільёнаў рублёў на карысьць лідэра ЛДПБ Сяргея Гайдукевіча. Многія беларускія журналісты і удзельнікі незалежнага мэдыя-бізнэсу мяркуюць, што ў Беларусі кампэнсацыя маральных стратаў стала сродкам ціску на незалежныя газэты.

“Народная Воля” не ўпершыню трапіла пад вялікія сумы кампэнсацыяў маральных стратаў пакрыўджаным героям публікацыяў. У лістападзе 2003 году Менскі гарадзкі суд, які пераглядаў справу паводле пазову былога кіраўніка БТ Ягора Рыбакова да рэдакцыі “Народнай Волі”, нечакана павялічыў суму кампэнсацыі да 50 мільёнаў рублёў. Аўтар публікацыі Марына Коктыш павінна была заплаціць 1 мільён рублёў — праўда, гэтых грошай Рыбакоў не атрымаў, ён быў арыштаваны за эканамічныя злачынствы і кампэнсацыя пайшла ў дзяржбюджэт, паведаміла Марына Коктыш.

(Коктыш: ) “Дзякуючы дапамозе Беларускай асацыяцыі журналістаў, я вельмі ўдзячная ёй, яны проста дапамаглі мне выплаціць гэтыя грошы. А рэдакцыя — мы хадзілі ў літаральным сэнсе з працягнутай рукой па ўсім белым сьвеце і прасілі, пазычалі і ўрэшце аднавілі выпуск газэты”.

Год таму суд Ленінскага раёну Менску забавязаў рэдакцыю “Народнай Волі” выплаціць 15 мільёнаў рублёў кампэнсацыі бізнэсоўцу Сяргею Атрошчанку.

Неаднаразова судзілася з героямі сваіх публікацыяў і “Белорусская деловая газета”. Апошні суд быў зьвязаны з амэрыканцам Аляксандрам Марам, які палічыў сябе пакрыўджаным публікацыяй Ірыны Халіп і запатрабаваў роўна 1 мільён даляраў. Раённы суд зьменшыў гэтую лічбу да 50 мільёнаў рублёў кампэнсацыі ад рэдакцыі і 10 мільёнаў рублёў — ад аўтаркі артыкула. Рашэньне было абскарджанае і пакуль не перагледжанае гарадзкім судом.

Дырэктар унітарнага прадпрыемства “Марат”, якое выдае “БДГ”, Любоў Вашкевіч, згадваючы гэты ды іншыя працэсы: і па скарзе судзьдзі Надзеі Чмары, якая судзіла Васіля Старавойтава і дабілася 25 тысяч даляраў кампэнсацыі ад “БДГ” за публікацыю аб гэтым працэсе, і паводле пазову актора Яўгена Крыжаноўскага, які патрабаваў 100 мільёнаў рублёў кампэнсацыі, адзначае, што прэтэндуючы на вялізныя сумы, заяўнікі ніяк не пацьвярджаюць сваіх фізычных ці маральных пакутаў ад спрэчных публікацыяў. Перад пераглядам скаргі Крыжаноўскага ў гарадзкім судзе Менску слухалася іншая справа, прыгадвае Любоў Вашкевіч.

(Вашкевіч: ) “І вось перад намі была жанчына, у якой электрычка забіла мужа. І суд першай інстанцыі прызначыў 2 мільёны кампэнсацыі за гібель чалавека. Дык Беларуская чыгунка абскардзіла рашэньне, бо палічыла гэтую суму завышанай… І калі людзі пішуць 50 мільёнаў, 100 мільёнаў, 200 мільёнаў рублёў, асабіста я гэта расцэньваю як звычайную замову”.

Павал Жук, выдавец многіх апазыцыйных газэтаў, закрытых уладамі, перакананы, што вялікія сумы кампэнсацыяў, якіх патрабуюць чыноўнікі, накіраваныя на закрыцьцё незалежных выданьняў:

(Жук: ) “Дадзеная каманда любым чынам знайсьці любыя падставы дзеля таго, каб узяць на кручок усіх, хто зьвязаны з прэсай, з апазыцыяй і разабрацца з гэтымі газэтамі. Так што да новага году ў нас газэтаў такіх легальных, я думаю, ужо ня будзе”.

Газэты Паўла Жука “Навіны” і “Наша свабода” былі закрытыя менавіта пасьля чыноўніцкіх пазоваў у суд аб абароне гонару і годнасьці. У 1999 годзе суд Маскоўскага раёну Менску задаволіў пазоў сакратара Савету Бясьпекі Віктара Шэймана, які запатрабаваў ад газэты “Навіны” кампэнсаваць яго маральныя страты сумаю каля 50 тысяч даляраў. У 2002 годзе той жа суд часткова задаволіў пазоў старшыні Камітэту дзяржаўнага кантролю Анатоля Тозіка да рэдакцыі газэты “Наша свабода”, які патрабаваў з газэты 200 мільёнаў рублёў кампэнсацыі, а ад журналіста Міхаіла Падаляка — 15 мільёнаў, агулам амаль 120 тысяч даляраў.
XS
SM
MD
LG