Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"New York Times" піша пра турызм у Чарнобыльскай зоне


Юры Дракахруст, Прага “Новыя адметнасьці сьмяротнай зоны Чарнобыля: турысты” – артыкул пад такім загалоўкам, надрукаваны ў сёньняшнім нумары "New York Times", і распавядае пра новы від экстрэмальнага турызму – у 30-кілямэтровую Чарнобыльскую зону. Хто і навошта едзе ў гэтае падарожжа? Са зьместам публікацыі вас азнаёміць наш карэспандэнт.

“Як тут казачна і ціха” – гаворыць маладая фінка, ходзячы зь іншымі турыстамі па кінутым горадзе Прыпяць, дзе калісьці жылі 45 тысячаў чалавек, супрацоўнікі АЭС і іх сем''і. Агенцтва "Чарнобыльінтэрінформ" сьцьвярджае, што туры не нясуць небясьпекі для жыцьця людзей. Сьмяротны ўзровень радыяцыі – 300-500 рэнтген на гадзіну, а турыстаў водзяць па тых месцах, дзе узровень радыяцыі – ад дзясяткаў да некалькіх сотняў мікрарэнтген на гадзіну. Кароткатэрміновае наведваньне не нясе шкоды здароўю.

Радыяцыя распаўсюджана нераўнамерна, на поўначы Ўкраіны ёсьць месцы, дзе ўзроўні радыяцыі значна большыя, чым у зоне. У большай частцы зоны зараз радыяцыя значна ніжэй, чым 19 гадоў таму, калі яна забівала нават дрэвы. Хаця, зразумела, турыстаў суправаджаюць гіды. Такі гід фінскай тургрупы Юры Татарчук не расстаецца зь лічыльнікам Гейгера. На пляцоўкі закінутага парка з атракцыёнамі 144 мікрарэнтгены. Юры робіць некалькі крокаў у бок, ступае на мокры мох і раптоўна высьвечваецца лічба 823 мікрарэнтгены. “Сюды нельга. Не ступайце на мох” – гаворыць ён турыстам.

“А мох тут паўсюль – піша New York Times. – ён паглынае Прыпяць, якая стала запаведнікам Савецкага Саюзу і адначасна помнікам яго глупства і болі”.

Адзін з прыпынкаў экскурсіі – побач з “саркафагам”, які ўкрывае тое, што было калісьці 4-м блёкам Чарнобыльскай АЭС. Лічыльнік Юрыя Татарчука паказвае 470 мікрарэнтгэн у гадзіну. Фіны спыняюцца і фатаграфуюцца.

Пасьля наведваньня развалінаў гатэлю “Поліссе”, тэатру энэргетыкаў аўтобусы з экскурсантамі спыняюцца каля дзіцячага садку, падобнага да прывіду. Тут шмат што засталося такім жа, як 19 гадоў таму, калі дзеці і выхавацелі пакінулі садок: на падлозе засталіся дзіцячыя пантофлі, на паліцах – куклы і цацкі, на сьцяне – лёзунгі савецкай пары, якія заклікаюць дзяцей вучыцца, займацца спортам і рыхтавацца да працоўнага жыцьця.

Наступны прыпынак – могільнік радыёактыўных машынаў: каля 2 тысячаў грузавікоў, гелікоптэраў, бронетэхнікі, машынаў хуткай дапамогі, якія былі задзейнічаныя ў барацьбе з катастрофай. Два турысты пралезьлі пад калючы дрот, каб зрабіць здымкі, астатнія ў жаху стаяць каля могільніка.

На працягу амаль 20 гадоў Чарнобыль быў змрочным сымбалем савецкага кіраваньня, напамінам пра некампэтэнтнасьць, пра пагарду партыйнай эліты да савецкіх грамадзянаў, якіх 1 траўня 1986 году вывелі на дэманстрацыю, у той час як сем''і партыйных кіраўнікоў патаемна зьехалі – піша "New York Times". Зараз гэта знакамітасьць, якой прывабліваюць турыстаў – адзначае газэта.

Экстрэмальныя туры ў зону пачаліся ў 2002 годзе, напачатку турыстаў было няшмат, аднак ужо летась зону наведала 870 турыстаў, сёлета – прыкладна столькі ж. Аднадзённы тур каштуе 200-400 даляраў.

Што прыцягвае людзей у гэтыя мясьціны? Маладыя фінскія турысты гавораць, што цікавяцца закінутымі месцамі. Паводле Юрыя Татарчука іншыя едуць дзеля цікавасьці, каб больш даведацца пра катастрофу, яшчэ хтосьці – каб убачыць запаведнік савецкага жыцьця, арнітолягі складаюць каталёг птушак, якія выжылі ў зоне.

“Нягледзячы на нязручнасьці і небясьпеку для здароўя зона мае прывабнасьць забароненага і абяцае магчымасьць атрымаць рэдкае ўласнае ўяўленьне пра гісторыю” – піша "New York Times".

З кафэ на даху гатэлю “Поліссе” адкрываецца від на рэактар. На даху растуць бярозы. Калі глядзець у накірунку рэктара на сьцяне закінутага шпіталю можна ўбачыць велізарны плякат “Здароўе народу – багацьце краіны”.

Юры Татарчук паўтарае гэтыя словы па-расейску і горка ўсьміхаецца.
XS
SM
MD
LG