Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У пятніцу іранцы абяруць новага прэзыдэнта, наступніка Мухамада Хатамі


Кастусь Бандарук, Прага Зь ліку васьмі кандыдытаў пяцёра лічацца кансэрватарамі, а тры астатнія – рэфарматарамі. У заходніх сталіцах іранскія выбары выклікаюць пільную ўвагу найперш з прычыны магчымай зьмены іранскай замежнай палітыкі пры новым кіраўніку дзяржавы.

Паводле Канстытуцыі Ісламскай Рэспублікі Іран, “прэзыдэнтам можа быць вядомая асоба з палітычных альбо рэлігійных колаў”. Гэта павінен быць “чалавек пабожны, з беззаганнай рэпутацыяй, добры арганізатар, здольны кіраваць краінай”. Свае кандыдатуры падалі агулам 1014 чалавек, аднак Рада вартавых Ісламскай рэвалюцыі, якая правярае законы на прадмет іх адпаведнасьці Канстытуцыі і Карану, палічыла, што вышэйзгаданым крытэрыям адпавядаюць толькі 6 чалавек: былы прэзыдэнт, былы мэр Тэгерану, былы начальнік паліцыі, былы кіраўнік тэлекампаніі, былы камандзір Рэвалюцыйнай гвардыі і былы спікер парлямэнту. У панядзелак аятала Хамэнэі зрабіў неспадзяваны рух: ён загадаў далучыць да сьпісу яшчэ двух кандыдатаў: лідэра рэфарматараў Мустафу Мойна і віцэ-прэзыдэнта Махсэна Мэхралізэха.

Мойн, былы міністар адукацыі, выказваецца за пабудову грамадзянскай супольнасьці, за лібэралізацыю эканомікі, за паляпшэньне адносінаў са Злучанымі Штатамі, за свабоду думкі і слова, прэсы, за вызваленьне ўсіх палітычных вязьняў. Ён супраць ўмешваньня ісламскіх клірыкаў ў палітыку і супраць празьмерных, неканстытуцыйных паўнамоцтваў Рады вартавых Ісламскай рэвалюцыі. Мойн абяцае таксама спыніць усе ядзерныя праграмы Ірану, калі гэта будзе ў інтарэсах краіны.

Для Захаду такая пазыцыя гучыць прывабна, але аналітыкі лічаць, што шанцы Мойна – невялікія. Пакуль, ён карыстаецца ўсяго 5-працэнтнай падтрымкай. Фаварытам лічыцца ня ён, але Гашэмі Рафсанджані, які ўжо займаў пасаду прэзыдэнта ў 1989-97 гадох. У часе перадвыбарчай кампаніі ён паказаў сябе, як адносна памяркоўны, прагматычны палітык, прыхільнік прыватызацыі і большай лібэралаізацыі эканомікі, а таксама паляпшэньня адносінаў з Захадам, у прыватнасьці з ЗША.

(Рафсанджані: ) “Мы не павінны ігнараваць ЗША, і той факт, што гэта – звышдзяржава. Цяпер мы павінны дзейнічаць з гэтай краінай разумна і гэткім чынам, каб яна адмовілася ад авантурызму. Мы павінны даць Злучаным Штатам зразумець, што авантурызм на Блізкім Усходзе – ня ў іхных інтарэсах”.

Пры гэтым Рафсанджані дадаў, што калі ЗША будуць працягваць варожую ў дачыненьні да Ірану палітыку, яны напаткаюць з боку Тэгерану супраціў. Ён таксама лічыць, што ядзерныя праграмы Ірану зьяўляюцца “легітымным правам краіны”. Рафсанджані дадаў, што для паляпшэньня двухбаковых адносінаў Вашынгтон сьпярша павінен размарозіць іранскія рахункі, замарожаныя пасьля іранскай рэвалюцыі ў 1979 годзе.

Паводле заходніх аналітыкаў, новы прэзыдэнт ня будзе ў стане карэнным чынам зьмяніць замежную палітыку, паколькі першым чалавекам у дзяржаве далей будзе заставацца Вярхоўны лідэр аятала Хамэнэі. Аднак заходнім сталіцам лепш было б мець у будучыні справу з Рафсанджані, як з прэзыдэнтам, чым зь меней вядомым палітыкам. На думку брытанскага аналітыка Бэна Фолькса, гэтак, у прыватнасьці, лічаць эўрапейскія лідэры. Яны мяркуюць, што прынамсі ў пытаньі ядзерных праграмаў Рафсанджані схільны да кампрамісу.
XS
SM
MD
LG