Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У спрэчцы паміж авіяцыйнымі ведамствамі Беларусі і Турэччыны можа выйграць Расея


Ігар Карней, Менск Авіяцыйны камітэт Турэччыны пагражае пазбавіць ліцэнзіі на выкананьне авіярэйсаў у курортны горад Анталью кампанію “Белавія”, калі Дзяржкамітэт авіяцыі Беларусі будзе і надалей забараняць турэцкай кампаніі “Turkish Airlines” выконваць палёты з Антальі ў Менск.

Як паведамілі ў МЗС Беларусі, вядзецца актыўнае ліставаньне паміж зацікаўленымі структурамі з тым, каб у разгар сэзону сотні беларускіх турыстаў ня сталі закладнікамі канфліктнай сытуацыі. Паводле Міністэрства спорту і турызму, цяпер у Антальі адпачывае больш за паўтысячы грамадзянаў Беларусі. Разам з тым, расейскія кампаніі заяўляюць, што гатовыя арганізаваць адмысловыя чартэры як дзеля дастаўкі беларусаў у Анталью, так і дзеля іх вяртаньне дадому.

Вызначальнай датай у “канфлікце інтарэсаў”, як ужо клясыфікавалі сытуацыю ў Дзяржаўным камітэце авіяцыі, лічаць 18 чэрвеня. Між тым, прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Руслан Есін спадзяецца, што ўсё вырашыцца падчас перамоваў паміж авіяведамствамі Беларусі і Турэччыны.

(Есін: ) “Адпаведныя беларускае і турэцкае ведамствы праводзяць у гэтым пытаньні кансультацыі. Такая ж праца ідзе і па лініі двухбаковых кансультацыяў праз дыпляматычныя каналы. Пакуль гэта на ўзроўні ліставаньня, і, мяркую, заўчасна гэта адназначна клясыфікаваць як “канфлікт”. І беларускі, і, у першую чаргу, турэцкі бок разумеюць: у разгар курортнага сэзону ствараць дадатковыя нязручнасьці для грамадзянаў як Турэччыны, так і Беларусі — справа нікому не патрэбная”.

Перамовы паміж кіраўнікамі авіяцыйных ведамстваў заплянаваныя на наступны тыдзень. Зусім ня выключана, што месцам сустрэчы стане якраз Анталья.

З крыніцаў у “Белавія” стала вядома: паралельна адпрацоўваюцца рэзэрвавыя варыянты палётаў у Турэччыну расейскімі авіякампаніямі. Менавіта расейцы могуць застануцца ў выйгрышы, калі Турэччына забароніць “Белавія” лятаць у Анталью. Цяпер пералёт беларускім самалётам у тую ж Анталью каштуе больш за 300 даляраў. У маскоўскай турфірме “Наталі Турс” расказалі, якія кошты на авіяпералёт уключае фірма ў свой турыстычны пакет:

(Супрацоўніца “Наталі Турс”: ) “Да самой Антальі — 180 даляраў. Кемэр — таксама 180. За 200 ужо можна выбіраць штосьці лепшае”.

Тэарэтычна ў беларусаў застаюцца альтэрнатыўныя шляхі патрапіць у Турэччыну авіякампаніямі суседніх краінаў. Аднак карыстаюцца паслугамі суседзяў пакуль ня многія. Можна спыніцца на больш танных польскіх авіяперавозчыках, аднак палохае досыць дарагая дарога да Варшавы. Пра мінусы палётаў з краінаў Балтыі апавядае прадстаўніца латвійскай кампаніі “Air Baltic” Алена Міхайлік:

(Міхайлік: ) “Усё залежыць ад узроўню жыцьця ў краіне. Латвія — краіна даражэйшая за Беларусь, адпаведна, і кошты вышэйшыя. Да таго ж, чартэр мае на ўвазе ня толькі пералёт, а турыстычны пакет; кошт фармуецца з разьліку комплексу паслугаў, гэта ня толькі пералёт. Але, мяркую, у выпадку ўзмацненьня канфлікту публіка ўся пяройдзе на чартэры з Масквы. Латышы тут не канкурэнты”.

Канкураваць з расейцамі неўзабаве змогуць украінскія авіякампаніі. Прыкладам, кошты на пералёт “Авіялініямі Ўкраіны” — дзесьці пасярэдзіне паміж расейскімі і беларускімі. І, як сьведчыць статыстыка, беларусы ўсё часьцей карыстаюцца гэтым.

(Прадстаўнік “Авіялініяў Украіны”: ) “Увогуле, гэта самы запатрабаваны ў гэтым сэзоне кірунак. У “Белавія”, я ведаю, пералёт каштуе дзесьці 300 даляраў. У расейскіх кампаніяў пералёт значна таньнейшы, мы дзесьці пасярэдзіне. І тут цалкам лягічная сытуацыя: Расея лятае на сваім керасіне, а мы ўсе, як ні круці — на імпартным”.

Паводле Міністэрства спорту і турызму, цяпер на турэцкім курорце Анталья адпачываюць больш як 500 грамадзянаў Беларусі, якія туды адляцелі самалётамі “Белавія”. Наступны рэйс на Анталью заплянаваны на 18 чэрвеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG