Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці забароняць піць піва на вуліцы?


Ганна Соусь, Менск Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі зьвярнулася ў Савет міністраў з прапановай распрацаваць нарматыўны акт аб абмежаваньні ўжываньня піва ў грамадзкіх месцах. Ці варта забараняць піць піва на вуліцах? З гэтым пытаньнем наша карэспандэнтка зьвярнулася да спэцыяліста-нарколяга, а таксама да моладзі на менскіх вуліцах.

Апытаныя мной хлопцы і дзяўчаты кажуць, што самі часта п’юць піва ў грамадзкіх месцах. Што да стаўленьня да магчымай забароны, то тут меркаваньні моладзі падзяліліся:

(Спадар: ) “Мы часам п’ем піва на вуліцы, але я думаю, што забараняць піва няма сэнсу”.

(Спадар: ) “Уся эканоміка нашай дзяржавы трымаецца на продажы алькаголю. Калі гэты загад набудзе моц, грошай будзе менш”.

(Спадарыня: ) “Шмат сьмецьця ад гэтага піва, бутэлькі валяюцца. Падтрымліваю. Трэба, каб Лукашэнка забараніў…”

(Спадар: ) “Ня прымуць, я думаю, не падтрымаюць”.

(Спадар: ) “Павінны быць адведзеныя месцы для гэтага. У кавярні, у бары лепш піць піва. Уся гэтая тара… Ня кожны падтрымлівае чысьціню і парадак. Выкідваюць бутэлькі, ставяць дзе заўгодна. Потым ходзяць бамжы, зьбіраюць”.

(Спадар: ) “Я супраць гэтай пастановы, таму што ў піве няма нічога дрэннага. Усё залежыць ад колькасьці”.

(Спадар: ) “Гэта слушная прапанова. У нас людзі бачаць, як моладзь гэта ўсё п’е”.

(Спадар: ) “Калі людзі захочуць піць піва, ніякія пастановы ім не перашкодзяць”.

Гэткага ж меркаваньня прытрымліваецца Андрэй Рамашэўскі, адзін зь лідэраў Партыі аматараў піва, якая існавала ў Беларусі ў сярэдзіне 1990-х гадоў. Цяпер Андрэй жыве ў Чэхіі.

(Рамашэўскі: ) “Мы заўсёды лічылі, што права піць піва ёсьць адным з асноўных правоў кожнага эўрапейскага народу”.

(Карэспандэнтка: ) “Але такая практыка існуе ў многіх эўрапейскіх краінах…”

(Рамашэўскі: ) “Ёсьць такая практыка. У Польшчы, напрыклад, ня вып’еш піва на вуліцы з бутэлькі… У Чэхіі з гэтым праблемы няма, я магу піць піва дзе заўгодна”.

(Карэспандэнтка: ) “У Чэхіі шмат месцаў, дзе можна выпіць піва, у параўнаньні зь Менскам”.

(Рамашэўскі: ) “Зразумела, але ў Чэхіі я магу выпіць піва і з бутэлькі, дзе захачу”.

У Міністэрстве аховы здароўя прапанову забараніць піць піва ў грамадзкіх месцах вітаюць. У Беларусі на наркалягічным уліку цяпер 244 тысячы чалавек, у тым ліку 166 тысяч зь іх хворыя на алькагалізм. Загадчыца аддзяленьня жаночай наркалёгіі Рэспубліканскага псыхіятрычнага клінічнага шпіталю Аксана Калбасава адзначае, што да іх апошнім часам усё часьцей трапляюць падлеткі з гэтак званым “піўным” алькагалізмам.

(Калбасава: ) “Залежнасьць разьвіваецца як на тле ўжываньня алькаголю, так і на тле ўжываньня піва. Мы назіралі, як у дзяўчыны штодзённае ўжываньне піва цягам трох месяцаў прывяло да алькагольнага псыхозу. Усё пачынаецца банальна, зь піва, бо ў грамадзтве лічыцца, што гэта не прывядзе да цяжкіх наступстваў. Але гэта — памылковае меркаваньне ў падлеткаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG