Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа “Народнай волі”: рэакцыя на рашэньне суду


Ганна Соусь, Менск Учора судзьдзя Ленінскага раённага суду сталіцы Любоў Валевіч пастанавіла спагнаць зь незалежнай газэты “Народная воля” на карысьць дэпутата Палаты прадстаўнікоў старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргея Гайдукевіча 100 мільёнаў рублёў. Гэта каля 45 тысяч даляраў. Як успрынялі гэтае рашэньне суду супрацоўнікі “Народнай волі”, сталыя аўтары і чытачы газэты?

“Народная воля” ўжо шмат гадоў зьяўляецца адзінай штодзённай незалежнай газэтай у Беларусі. Але ня ўсе ведаюць, што гэтую газэту вось ужо дзесяць гадоў робіць зусім невялікі калектыў карэспандэнтаў.

Журналістка Марыя Эйсмант працуе ў “Народнай волі” амаль з часу яе заснаваньня. За дзесяць гадоў супрацоўнікам незалежнай газэты давялося перажыць нямала складаных сытуацыяў, але Марыя ня траціць аптымізму.

(Эйсмант: ) “Сярэдзіч адразу, калі зьявіўся ў рэдакцыі, першае, што зрабіў, – зайшоў у наш пакой, дзе сядзяць усе супрацоўнікі газэты, і сказаў, што прысуд чаканы для яго, але каб мы ня думалі, што гэта апошнія дні рэдакцыі, сказаў, што газэта будзе існаваць. Памятаю, як я толькі прыйшла працаваць у “Народную волю”, быў такі момант, калі нас выкінулі зь дзяржаўнай друкарні і мы павінны былі выпускаць газэту ў Вільні і пасьля перавозіць яе сюды. І паколькі была парушаная дамова зь “Белпоштай”, то самі супрацоўнікі хадзілі па адрасах падпісчыкаў і кідалі газэты ў паштовыя скрынкі”.

За час існаваньня газэты ў “Народнай Волі” зьявілася вельмі шмат прыхільных і ўдзячных чытачоў. Калі гадоў шэсьць таму газэце прысудзілі вялікі штраф па выніках адной зь фінансавых праверак, галоўнаму рэдактару патэлефанавала чытачка са Смалявічаў і прапанавала штомесяц аддаваць сваю пэнсію на выплату штрафу (сама яна гатовая была жыць на мужаву пэнсію). Натуральна, рэдактар ад пэнсіі адмовіўся, але з таго часу гэтая чытачка часта наведвае рэдакцыю і частуе супрацоўнікаў газэты сваімі пірагамі і блінамі. Яшчэ адзін даўні чытач газэты –– інвалід-чарнобылец Аляксандар Курловіч з Гатава – вельмі перажывае за газэту ў сувязі з апошнімі судовымі працэсамі.

(Курловіч: ) “Я выпісваю толькі “Народную волю” і “Дзеяслоў”. А хто ня можа выпісаць, дык я, прачытаўшы, перадаю ім газэту. Я вельмі не паважаю Гайдукевіча. З самага пачатку, як ён пісаў у “Народнай волі”. Што газэта яму дрэннага зрабіла? Яны проста хочуць закрыць яе”.

А як супрацоўнікі "Народнай волі" ўспрымаюць канфлікт паміж газэтай і старшынём Лібэральна-дэмакратычнай партыі?

Журналістка газэты Марына Коктыш, якая таксама амаль ад самага заснаваньня "Народнай волі" працуе ў ёй, згадвае, што раней Сяргей Гайдукевіч актыўна кантактаваў з журналістамі газэты. Але не цяпер...

(Коктыш: ) “Я ішла па калідоры Палаты прадстаўнікоў і насустрач твар у твар – Гайдукевіч. Раней ён увесь час запрашаў на прэсавыя канфэрэнцыі, прапаноўваў зрабіць зь ім інтэрвію. А тут ён зрабіў выгляд, быццам мы й не знаёмыя. Я зьдзівілася тады, але на наступны дзень даведалася, што спадар Гайдукевіч падаў пазоў на “Народную волю”.

А вось меркаваньне яшчэ адной супрацоўніцы “Народнай волі” – загадчыцы рэклямнага аддзелу Алы Герасіменкі. Яна працуе ў газэце ад самага першага дня.

(Герасіменка: ) “Былі ўсе ашаломленыя гэтым прысудам. Гэта нерэальна. У нас заробкі па 300 тысяч у краіне, а прысуджаюць такія шалёныя штрафы. Наагул не даюць нашай газэце працаваць”.

Таксама ўчора я зьвярнулася па камэнтар да аднаго з найзнакамітых аўтараў “Народнай волі” кінарэжысэра Віктара Дашука. Нядаўна ён надрукаваў у газэце вялікі артыкул “Баль сатаны”, які выклікаў шырокі розгалас.

(Дашук: ) “Даведаўшыся пра гэтае рашэньне суду, я магу адказаць толькі двума словамі зь фінальнага абзацу гэтага артыкулу. Баль працягваецца. Баль сатаны”.
XS
SM
MD
LG