Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-старшыню камітэту авіяцыі Фёдару Іванову выстаўлена абвінавачаньне


Алег Грузьдзіловіч, Менск Іванова вінавацяць у нанясеньні дзяржаве стратаў амаль на мільён даляраў. Сам былы старшыня вінаватым сябе не прызнае і заяўляе пра адданасьць асабіста Аляксандру Лукашэнку, які ў свой час вылучыў яго на пасаду “галоўнага лётчыка краіны”. Ці ўратуе гэта ад турмы былога набліжанага да Лукашэнкі?

Справа Фёдара Іванова хутка трапіць з пракуратуры ў суд. Пра гэта заявілі ў пракуратуры, спаслаўшыся на зьвесткі ад сьледчых.

(Супрацоўніца пракуратуры: ) “Ён абвінавачваецца ў злоўжываньні службовым становішчам, што прычынілася да нанясеньня стратаў у вялікім памеры, і ў блізкім часе справа будзе накіраваная ў суд”.

Паводле сьледчых, Фёдар Іваноў нанёс дзяржаве стратаў ажно на два мільярды рублёў – гэта каля 900 тысяч даляраў. Цікава, што калі пры канцы мінулага году Іванова затрымалі, пракуратура абвясьціла суму стратаў удвая меншую – блізу 400 тысяч. Тады ў мэдыі пратачыліся зьвесткі, што Іваноў нібыта незаконна паспрыяў расейскай камэрцыйнай фірме ў атрыманьні заказу на рамонт самалёта для важных дзяржаўных асобаў. Цяпер даходзяць зьвесткі пра яшчэ адзін эпізод у справе былога начальніка дзяржкамавіяцыі – быццам ён са стратамі прадаў камэрсантам склады недалёка ад беларуска-польскай мяжы.

У пракуратуры, аднак, ня кажуць, ці прызнае сам Фёдар Іваноў сваю віну. Між тым, паводле зьвестак зь іншых крыніц, такога прызнаньня сьледчыя пракуратуры так і не дамагліся. Вось што Радыё Свабода паведаміў прэсавы сакратар дзяржкамавіяцыі Вадзім Біцан:

(Біцан: ) “Не, ён не прызнае сябе вінаватым. Ён кажа, што застаецца самым адданым прэзыдэнту чалавекам. Кажа: “За што мяне?”

Суды над чыноўнікамі з блізкага атачэньня Аляксандра Лукашэнкі, якіх вінавацяць у карупцыі, не ўпершыню атрымліваюць такі паварот, калі абвінавачаныя клянуцца ў асабістай адданасьці Аляксандру Лукашэнку. Упершыню такі ход зрабіў былы начальнік беларускай чыгункі, дэпутат верхняй палаты парлямэнту Віктар Рахманько, якога вінавацілі ў хабарніцтве і злоўжываньнях. У выніку, хаця суд і прызнаў яго вінаватым ў нанясеньні дзяржаве вялікіх стратаў, але за краты Віктара Рахманька так і не адправілі, абмежаваўшыся ўмоўным пакараньнем. Праз год яшчэ адна вылучэнка Аляксандра Лукашэнкі былая кіраўніца справаў прэзыдэнта Галіна Жураўкова паўтарыла лёс Рахманька. На судзе яна не прызнала сябе вінаватай у крадзяжы зь дзяржаўнай кішэні, але папрасіла прабачэньня асабіста ў Аляксандра Лукашэнкі – за тое, што “не апраўдала даверу”. У выніку суд пакараў Жураўкову 4 гадамі калёніі, але за краты экс-кіраўніца справаў прэзыдэнта таксама ня трапіла. У міліцыі кажуць, што Жураўкова цяпер хварэе. Днямі зьявіліся чуткі, згодна зь якімі Аляксандар Лукашэнка нібыта памілаваў Галіну Жураўкову. Журналіст Алесь Сівы, які сустракаўся з Жураўковай пасьля прысуду, мяркуе, што чуткі пра яе памілаваньне праўдзівыя.

(Сівы: ) “Крыніцы мне казалі, што ёсьць указ пра яе памілаваньне. Гэтыя зьвесткі трапілі і ў мэдыі, іх маглі б афіцыйна абвергнуць і ў Вярхоўным судзе, і ў Адміністрацыі, але гэтага не зрабілі”.

Якім будзе фінал справы Фёдара Іванова, прадказваць пакуль што немагчыма. Але назіральнікі выказваюць свой прагноз з улікам досьведу Жураўковай і Рахманька.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG