Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трыкатажная фабрыка “Алеся” будзе дзяржаўнай кампаніяй


Юлия Шарова, Менск Выйшаў прэзыдэнцкі ўказ, згодна зь якім доля дзяржавы ў акцыянэрным таварыстве “Алеся” адновіцца да 99 адсоткаў. За гэта прадпрыемству, якое фактычна стала банкрутам, даруюць завінавачанасьці перад бюджэтам і дадуць шэраг субсыдыяў.

У стане банкруцтва прадпрыемства ўжо другі раз. Упершыню “Алесю” абвясьцілі няздольнай выконваць свае фінансавыя абавязаньні ў 2001 годзе, але ў 2003 годзе працэдуру банкруцтва спынілі без аднаўленьня платаздольнасьці прадпрыемства. Летась яно зноў сутыкнулася зь невырашальнымі фінансавымі праблемамі. Тады завінавачанасьці перад дастаўцамі сыравіны амаль дасягнулі кошту актываў акцыянэрнага таварыства. “Алеся” на сёньня вінаватая бюджэту 4, 5 мільярды рублёў. У сьнежні кіраўніцтва прадпрыемства зьвярнулася да дзяржавы і папрасіла дапамогі, бо ня бачыла магчымасьці разьвязаць праблемы самастойна. Там увялі “залатую акцыю”.

Згодна з прэзыдэнцкім указам, фабрыка павінна ўжо сёлета павялічыць аб’ём прамысловай вытворчасьці ды экспарту на 10 адсоткаў і захоўваць гэтыя тэмпы росту ў найбліжэйшыя тры гады. Пры такой умове будуць сьпісаныя пазыкі і выдадзеныя крэдыты. Генэральны дырэктар акцыянэрнага таварыства “Алеся” Павал Волкаў пакуль не камэнтуе самога факту нацыяналізацыі прадпрыемства. Пры гэтым ён лічыць, што “Алеся” здольная дасягнуць заплянаваных аб’ёмаў вытворчасьці.

(Волкаў: ) “Мая справа – уздымаць прадпрыемства. Я прыйшоў сюды яго ўздымаць, мяне сюды прызначылі рашэньнем Менгарвыканкаму з 1 лютага. Вось чатыры месяцы змагаліся-змагаліся і нарэшце дамагліся – падпісаны ўказ. Закасаў рукавы – і працуй. Вось і ўся крытыка зь філязофіяй. Праблемаў няма. Напісана – выканаем. Гэта ўсё рэальна, лічбы рэальныя”.

На фабрыцы “Алеся” на пачатак гэтага году працавала каля 450 чалавек, іхны сярэдні заробак складаў 200 тысячаў рублёў. У 2000 годзе, калі адкрытае акцыянэрнае таварыства толькі зарэгістравалася, там працавала каля 600 чалавек, значная частка калектыву звольнілася, бо працаваць на такіх умовах стала немагчыма. Тыя, хто ўсё яшчэ працуе там, цяпер, напэўна, ня страцяць сваіх працоўных месцаў, іншая рэч – ці стане прадпрыемства прыбытковым і ці будзе адпаведна падвышаць працаўнікам заробкі?

Эканаміст Міхал Залескі мяркуе, што такая дзяржаўная дапамога ніводнага прадпрыемства яшчэ не ўратавала, бо прадпрыемства прызвычайваецца да эканамічных лекаў і робіцца няздольным працаваць самастойна. Што да росту аб’ёмаў вытворчасьці, то экспэрт ня бачыць у гэтым сэнсу, калі ёсьць цяжкасьці з рэалізацыяй прадукцыі. Эканамічнага сэнсу ў падтрымцы такіх прадпрыемстваў няма. Але дзяржава, беручы пад апеку чарговага банкрута, разьлічвае атрымаць палітычныя дывідэнды, выступіць у ролі абаронцы пакрыўджаных, кажа Міхал Залескі.

(Залескі: ) “Можна сказаць так: вось прыйдзе злы капіталіст, зачыніць вашую фабрыку “Алеся”, разгоніць усіх, і тут будуць прадавацца нейкія іншыя тавары. Прыйдзе капіталіст. Але ён прыйдзе туды, дзе ён можа зарабіць. Чаму цяпер, напрыклад, з той самай “Мілавіцы” вытворчасьць пераводзяць у Віетнам. Бо там могуць зарабіць. Але для людзей, якія ўспрымаюць на ўзроўні пачуцьцяў такія заявы, гэта, безумоўна, будзе істотным фактарам. Яны скажуць: так, пра нас паклапаціліся, нас не аддалі камусьці злому”.

Наагул, фінансавая падтрымка прадпрыемстваў мае сэнс толькі тады, калі гаворка ідзе пра ўсю галіну, калі гэта комплексныя захады дзяржавы, тлумачыць эканаміст.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG