Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Праз чвэрць стагодзьдзя музыкі гурту “Пінк Флойд” аб’яднаюцца


Ігар Карней, Менск Усясьветныя агенцтвы пашырылі сэнсацыйную навіну: музыкі легендарнага брытанскага рок-гурту “Пінк Флойд” аб’яднаюцца, каб даць 2 ліпеня адзіны канцэрт у лёнданскім Гайд-парку. Праз чвэрць стагодзьдзя пасьля скандальнага “разводу” Роджэр Ўотэрз і Дэвід Гілмар вырашылі памірыцца ў імя высакародных мэтаў – каб зьвярнуць увагу лідэраў “вялікай васьмёркі” на праблемы найбяднейшых краінаў Афрыкі. Ці могуць дзеля агульнай мэты аб’яднацца беларускія музыкі?

Выступ славутага калектыву будзе, так бы мовіць, “прывязаны” да саміту “вялікай васьмёркі”: на думку арганізатараў канцэрту, такім чынам музыкам будзе лягчэй дастукацца да дзяржаўных лідэраў і забраць іхную ўвагу на праблемы бедных краінаў Афрыкі. Трэба чакаць, такі жэст не застанецца не пачутым ужо хоць б таму, што шмат хто з сучасных дзяржаўных лідэраў, палітыкаў, бізнэсоўцаў у пару сваёй маладосьці і пазьней былі прыхільнікамі творчасьці культавага гурту “Пінк Флойд”.

Гэтай падзеі папярэднічалі ледзь ня чвэрць стагодзьдзя скандальных спрэчак, у тым ліку і ў судох. Яшчэ ў 1981-м былыя лідэры калектыву – Роджэр Ўотэрз і Дэвід Гілмар – пачалі адстойваць менавіта сваё права на назоў гурту. Натуральна, што ў сытуацыі творчага разладу і непазьбежнага “разводу” кожны хацеў карыстацца раскручаным брэндам. У выніку перамог Гілмар, а Ўотэрз заняўся сольнай кар’ерай. Расказваюць, што ўвесь гэты час былыя сябры нават не размаўлялі паміж сабой. Але высакародныя мэты адкінулі ўзаемныя крыўды на другі плян, і вось ужо абвешчана, што 2 ліпеня музыкі разам зь іншымі супэр-зоркамі – Элтанам Джонам, Полам Макартні, Мадоннай, Робі Ўільямзам, гуртамі “U2”, “REM”, “Cold Play” дадуць дабрачынны канцэрт на карысьць абяздоленых у Афрыцы. Зрэшты, удзельнікі канцэрту самі сябе ўжо назвалі таксама “вялікай васьмёркай”.

Тут міжволі напрошваюцца беларускія аналёгіі. Натуральна, самы гучны скандал у гісторыі беларускай музыкі –“развод” “Песьняроў”. Былі яшчэ й досыць гучныя “разводы” ў “Сяброх”, у “Верасох”, але, вядома, не такія скандальныя, не такога маштабу. Скандалы пачаліся яшчэ за жыцьця Ўладзімера Мулявіна, а пасьля ягонай сьмерці дасягнулі апагею. Прычынай – дзяржаўная фінансавая датацыя калектыву. Аказалася, што на бюджэтныя сродкі прэтэндавала столькі народу, што ўсім месца пад дахам дзяржаўнага ансамблю не хапіла фізычна. У выніку “Песьняры” пачалі імкліва кланавацца, на гэты момант зафіксаваўшыся на лічбе 5.

Лідэры ўсіх пяці гуртоў, якія прэтэндуюць называцца “Песьнярамі”, вінавацяць адзін аднаго ўва ўсіх грахох, аж да крымінальных. Так, былы дырэктар дзяржаўнага ансамблю “Песьняры” Ігар Сьвечкін, які цяпер кіруе гуртом зь незарэгістраваным назовам “Песьняры”, абвінавачвае дзяржансамбль у фінансавай несумленнасьці.

(Сьвечкін: ) “Я проста ведаю, як гэта адбываецца. Ведаю: гэтыя мэтавыя грошы выдаткоўваюцца на канкрэтныя дзеяньні. Яны не павінны ісьці ў нейкія іншыя месцы. А мне кажуць, што грошы “плывуць” зусім не туды, куды трэба. Не паводле прызначэньня”.

Часам зь цяжкасьцю верыцца, што колісь гэтыя людзі працавалі пад адным дахам. Удзельнік яшчэ першага складу “Песьняроў”, цяпер лідэр “Беларускіх песьняроў”, зарэгістраваных у Маскве, Уладзіслаў Місевіч перакананы: размовы пра ўсялякае аб’яднаньне пасьля гісторыі з арыштам вакаліста Валер’я Скаражонка “за фінансавыя растраты” зусім немагчымыя. Дарэчы, паводле Місевіча, пасьля сьмерці Мулявіна надаваць “Песьнярам” статус дзяржаўнага ансамблю было вялікай памылкай.

(Місевіч: ) “Гэтая задума сама па сабе падазроная. Да таго ж яна не дала ніякага выніку. А размовы вакол арышту Скаражонка зусім не дададуць ачкоў гурту. Што тут казаць – усё ж “бацька” выказаў да іх пэўны давер. Хопіць яму аднаго Барткевіча, які судзіцца за розныя рэчы ў Маскве, а тут яшчэ родны беларускі калектыў, які закліканы быў падняць гэтую справу, а не наадварот”.

Праўда, часам надыходзяць пэрыяды часовых замірэньняў паміж асобнымі кланаванымі гуртамі. Так, раптам нечакана і загадкава афіцыйныя, зарэгістраваныя ў Беларусі, “Песьняры” адмовіліся ад плянаваных судоў з музыкамі гэтак званага прадусэрскага цэнтру “Песьняры”, які зарэгістраваны ў Маскве. І нават гавораць пра супрацоўніцтва. Вось што кажа дырэктар і мастацкі кіраўнік ансамблю Вячаслаў Шарапаў.

(Шарапаў: ) “Мы ведалі, што суды не спатрэбяцца ніколі, а жыцьцё само ўсё расставіць на свае месцы. А цяпер “прасьвятлілі” для сябе сытуацыю цалкам. Яны ўжо былі ў нас у гасьцях, у нас цяпер ідзе вельмі актыўны, пазытыўны працэс збліжэньня”.

Мяркую, што ўжо й слухачы заблыталіся ўва ўсім гэтым. А гэта ж толькі фрагмэнты няспыннага скандалу, і відавочна, што міру паміж музыкамі сапраўдных “Песьняроў” Уладзімера Мулявіна ў найбліжэйшы час не прадбачыцца. Тым болей, што ім замінаюць тыя, хто ніколі ня быў “песьнярамі”, але хоча імі звацца.

Паўстае лягічнае пытаньне: ці ёсьць ў беларускіх музыкаў нешта агульнае, тое, што магло б іх аб’яднаць? Пэўна, можна казаць ня толькі пра рэанімацыю калектываў, а ўвогуле пра супольныя праекты.

Прэцэдэнты ёсьць. Прыкладам, праект “Крамбамбуля” яднае розных музыкаў – для якіх гэта, як яны самі кажуць, магчымасьць “атрымаць кайф”.

А вось вынікам леташняга супольнага канцэрту супраць палітыкі Лукашэнкі стала фактычная забарона на эфір для дзясятка гуртоў і выканаўцаў.

Паводле лідэра гурту “Крама” Ігара Варашкевіча, беларускія музыкі, як правіла, зазнаюць праблемы праз сваю беднасьць.

(Варашкевіч: ) “Безумоўна, і палітычныя могуць быць падставы, але хутчэй для беларускіх музыкаў больш важная фінансавая падстава. На жаль, у беларускіх рэаліях вельмі шмат вырашаюць грошы. 90 % гуртоў не жыве ў Беларусі больш за два гады. Калі яны пачынаюць разумець, што вялікіх грошай не заробіш, дык разьбягаюцца…”

(Карэспандэнт: ) “У зьвязку зь “Пінк Флойд”, як вам падаецца, можа быць фінансавы бок прычынай аб’яднаньня?”

(Варашкевіч: ) “Не, думаю, што не. Мяркую, у іх хапае грошай. Гэта не фінансавая акцыя”.
XS
SM
MD
LG