Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якім будзе лёс Верхняга гораду? (фотарэпартаж)


Севярын Квяткоўскі, Менск Праект рэканструкцыі менскага Верхняга гораду канчаткова мусіць быць зацьверджаны ў канцы жніўня. Пра гэта паведаміў Дзьмітры Бубноўскі, начальнік аддзелу рэстаўрацыі і рэканструкцыі прадпрыемства “Менскпраект”. Менавіта распрацоўкі гэты аддзелу ўзятыя за аснову праекту рэканструкцыі гістарычнай часткі Менску.



Тым часам, дагэтуль няма адказу на ліст, падпісаны на пачатку году шэрагам прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, якія крытыкуюць праекты рэканструкцыі Верхняга гораду. Галоўную нязгоду выклікаюць мэтады рэканструкцыі, якімі, на думку падпісантаў, гістарычны Менск замяняецца псэўдагістарычнымі будынкамі.

Упершыню на агляд шырокай публікі праекты рэканструкцыі гістарычнай часткі Менску прапанавалі на выставе “Дызайн-біржа”. Выстава адкрылася 14 чэрвеня ў Нацыянальным выстаўным цэнтры “Белэкспа”.

Дзьмітры Бубноўскі абвяргае крытыку на адрас распрацоўнікаў, але прызнае, што часу на распрацоўку недастаткова:

(Бубноўскі: ) “Ладзяцца гістарычныя дасьледаваньні, прычым, дастаткова грунтоўныя і аб’ёмныя. Праўда, зважаючы на сьціслыя тэрміны распрацоўкі праекту, яны ладзяцца паралельна праектаваньню”.


Дзьмітры Бубноўскі

Тым часам дзевятнаццаць падпісантаў звароту, накіраванага Аляксандру Лукашэнку і ў пракуратуру Беларусі, чакаюць адказу. Сярод тых, хто выказаў пратэст, старшыня Беларускай акадэміі архітэктуры прафэсар Валеры Аладаў, намесьнік старшыні Менскага гарадзкога таварыства аховы помнікаў Уладзімер Дзянісаў, дзейны сябра Беларускай акадэміі архітэктуры прафэсар Ірына Іода, старшыня беларускага саюзу дызайнэраў Дзьмітры Сурскі ды іншыя.

Наконт прычынаў адсутнасьці адказу разважае былы дзяржаўны інспэктар аховы гістарычна-культурнай спадчыны Менгарвыканкаму Ўладзімер Папруга:

(Папруга: ) “Ніякай рэакцыі не паступала цягам трох месяцаў. Гэта самы нечаканы вынік. Гэтая тэма аб’ектыўна выгадная дзейнай адміністрацыі. Чаму яны ня здолелі павярнуць яе на сваю карысьць — для мяне гэта вялікая загадка”.

Нядаўна Ўладзімер Папруга застаўся бяз працы, бо яму не працягнулі кантракту.

Далёка ня ўсе наведнікі выставы “Дызайн-біржа” станоўча ўспрынялі ўбачаныя праекты рэканструкцыі старога Менску.


Рыгор Сітніца

Гаворыць мастак Рыгор Сітніца:

(Сітніца: ) “У бальшыні сваёй праекты проста жахлівыя. Што такое асваеньне гістарычнага цэнтру гораду? Гэта найперш захаваньне старасьвеччыны і аднаўленьне таго, што страчана, максымальна блізка да гістарычнае праўды. Ніводзін з гэтых праектаў фактычна не прапануе такога”.

Уладзімер Бубноўскі адзначыў, што лёс праекту канчаткова ня вырашаны. Невядома, ці будуць будаваць тунэль пад пляцам Свабоды і рабіць вуліцу Леніна пешаходнай, ці будуць аднаўляць Сьвятадухаўскую царкву, і ў якім выглядзе аднаўляць будынкі па вуліцы Гандлёвай — гістарычным ці стылізаваным. Таксама мусіць вырашыцца лёс аўтамабільнай стаянкі ў Верхнім горадзе ля Музычнага завулку. Магчыма, там распачнуць будаўніцтва забаўляльнага цэнтру.

Паводле Ўладзімера Бубноўскага, пасьля разгляду праекту ён будзе вынесены на зацьвярджэньне кіраўніка дзяржавы. Гэта адбудзецца, хутчэй за ўсё, у канцы жніўня.

XS
SM
MD
LG