Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не заўсягды, як на Дзяды


Антаніна Хатэнка, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Пэўне, раскошы гэткае, як на Дзяды, наш чалавек сабе не дазваляў і на вясельлі. На што род здатны, усё гатавалася да Асянін – сустрэчы з духамі памерлых. Бо закону не адменіш: дзяды зь неба паглядаюць, як бязь іх гаспадараць-дбаюць. Адпаведна й падмогі-прыязнасьці ў той дом болей сыдзе, дзе лад-парадак ды заможжа. Вось і пагадзіся пасьля з ідэолягамі, што ў краі нашым галотна жылося – з жабрацтва ж не пашыкуеш. А тут – гастранамічны рай! Да абрадавых блінцоў ды грыбнога квасу – што вяндлін, што селядцоў, клёцкі ды каўбасы! Сыпкай ячнае куцьці – еж-расьперажыся. Шкварак – хоць на вус круці, і мядоў – абпіся.

... Госьць ня дзьміся – еж, што ў місе, – не пра дзядоўскую вячэру. Засьведчылі тое й творцы: і Колас, і Купала, і нашы з вамі сучасьнікі. Шкада, праўда: не заўсягды, як на Дзяды.

Расейцы, дарэчы, падобную кулінарную пацеху ўладоўваюць на вясновую масьленку – з тлустымі блінамі й сырамі. Таму й кажуць, гартуючы стрыманасьць у ежы: не все коту масленица.

Памятаю, у маёй сям’і залішняя панада есьці ўтаймоўвалася дакладнымі фармулёўкамі: мінуўся час на мядовы квас альбо мінуліся рокі, як паны браліся ў бокі. Бывала, ласых да слодычы малых угаворвалі трохі мякчэй: ня ўсё ж мігдалы – сілкуйся й салам.

Усё ў дзядоў было складна: пасты завяршаліся сьвятамі, па шыкаваньні чынілі абмежаваньне. Таму й прымалася за неадпрэчнасьць устанаўленьне: не заўсягды, як на Дзяды.

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG