Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму ў Менску так моцна вырасьлі цэны на жыльлё?


Іна Студзінская, Менск Чаму ў Менску так імкліва растуць цэны на жыльлё? Чаму ў іншых гарадох Беларусі квадратны мэтар каштуе 300 даляраў, у сталіцы 800, і рост коштаў працягваецца, а звычайная аднапакаёўка на другасным рынку жытла каштуе ня менш за 25 тысяч даляраў? “Кватэрнае пытаньне” ў сталіцы вывучала нашая карэспандэнтка.

Сярэдні кошт кватэр у беларускай сталіцы вызначыць цяжка. Калі аналізаваць цэны на звычайныя кватэры ў панэльным доме ці хрушчоўкі, вынік будзе адзін. Але ёсьць і ўнікальныя кватэры, элітныя, вялікай плошчы, дзе кошт квадратнага мэтру даходзіць да 1 тысячы даляраў. Прычым, даражэй каштуюць мэтры ў аднапакаёўках.

Спачатку кошты на самыя звычайныя кватэры на другасным рынку. Аднапакаёўка ў панэльцы ў спальным мікрараёне Малінаўка – 32 тысячы. Двухпакаёўка, да прыкладу, у Кунцаўшчыне – 40 тысячы, трохпакаёўка ва Ўруччы – 52 тысячы даляраў. Ёсьць у Менску кватэры і па 300 тысяч “зялёных”. Двухузроўневая кватэра ў двухпавярховым доме за драўляным плотам у Бранявым завулку прадаецца за 250 тысяч даляраў.

Паслухаем меркаваньні звычайных маладых менчукоў.

(Карэспандэнтка: ) “Ці можаце вы купіць кватэру?”

(Спадарыня: ) “Гэта з разраду нейкіх жартачак. Адзінае, што я магу, гэта дачакацца, што мне хтосьці падорыць кватэру. Зь нейкіх рэальных магчымасьцяў я магу купіць машыну, а не кватэру. Кватэра – гэта штосьці нерэальнае, таму што цэны вельмі вялікія, людзям, якія ня маюць менскай прапіскі, крэдытаў таксама не даюць”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці можаце вы купіць кватэру?”

(Спадар: ) “Магу. Калі буду вельмі доўга працаваць, калі ўсё будзе атрымлівацца, калі будзе вельмі моцна шанцаваць. Канечне, магчымасьці тут не такія багатыя, як, да прыкладу, у Расеі”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы можаце дазволіць сабе купіць кватэру?”

(Спадар: ) “Ну вы што – вядома, не магу дазволіць, сьмеяцеся вы ці што?”

(Карэспандэнтка: ) “А за колькі гадоў можна назьбіраць на кватэру?”

(Спадар: ) “Пры нашых заробках наагул ніколі, калі бізнэсам не займацца, бо ўсе грошы на жыцьцё ідуць”.

(Карэспандэнтка: ) “А колькі каштуе ў сярэднім кватэра, вы цікавіліся?"

(Спадар: ) "Калі аднапакаёвая – то ня менш за 20 тысяч даляраў. А калі 2-3 – то там ужо 50-60 тысяч даляраў. А такіх грошай мы не назьбіраем”.

Чаму так вырасьлі цэны на кватэры, абмяркоўвалі нядаўна дэпутаты, дапытваліся ў чальцоў ураду.

Першы намесьнік міністра архітэктуры і будаўніцтва Міхаіл Абрамчук адказаў адназначна: маўляў, кошты “узьвінцілі” расейцы, што актыўна скупаюць жытло ў беларускай сталіцы.

Рыэлтары, калі я зьвярнулася з пытаньнем, ці сапраўды жыльлё скупаюць расейцы, мяне проста абсьмяялі.

(Рыэлтарка: ) “Я лічу, што гэта зусім ня так. Расейцы, у якіх ёсьць вялікія грошы, будуць купляць толькі страшэнна дарагія аб’екты беларускай нерухомасьці, якія беларускаму абывацелю проста не па кішэні. Калі “хрушчоўкі” каштуюць столькі, колькі яны каштуюць, то прычым тут расейцы? Ім гэтыя хрушчоўкі абсалютна “да лямпачкі”. Гэта брэд сівай кабылы”.

Старшыня Савету Беларускай асацыяцыі “Нерухомасьць” Мікалай Прасталупаў распавёў, што сярод удзельнікаў рынку нерухомасьці ў Менску расейцаў прыкладна 2%, пакупнікоў зь беларускіх рэгіёнаў значна больш. Ёсьць выпадкі, калі расейцы купляюць дарагія элітныя кватэры. Але іх няшмат. Дый дазвол на такія ўгоды дае Менгарвыканкам. Як, дарэчы, і на пакупку кватэр ішагароднімі беларусамі.

Меркаваньне Мікалая Прасталупава.

(Праспалупаў: ) “Асноўная праблема, якая “правакуе” рост цэн на жытло – за апошнія гады не павялічваецца колькасьць будуючага жытла. Паводле статыстыкі, рост, безумоўна, ёсьць, але расьце й колькасьць тых, каму неабходна палепшыць жыльлёвыя ўмовы. Попыт апярэджвае прапанову”.

Кіраўнік дзяржавы сьцьвярджае, што будуюць шалёнымі тэмпамі – сёлета здадуць мільён квадратных мэтраў жытла”

На думку старшыні Савету асацыяцыі “Нерухомасьць”, каб сытуацыя палепшылася, колькасьць жытла, аб’ёмы будаўніцтва неабходна павялічыць у 3 разы. Але і тут праблем – безьліч. Амаль палова жытла ў сталіцы будуецца МАПІДам – камбінатам індустрыяльнага домабудаваньня. Але сёлета фізычныя асобы ня могуць пабудаваць кватэры на камэрцыйнай аснове праз МАПІД. У прадпрыемства вялікі дзяржзаказ, зямлёй распараджаецца Менгарвыканкам, а пляцоўкі выдаткоўваюцца толькі пад дзяржзаказ. Магчымасьць пабудаваць кватэру па прыймальных цэнах мае толькі той, хто ўстаў на чаргу да 1991 году. Астатнія – калі ласка, шукайце кватэру на рынку другаснага жытла альбо будуйце элітнае жытло, кошты якога – ад 850 да 1500 тысяч даляраў за квадратны мэтар.

Нават калі вам пашанцавала – удалося “выбіць” пад будаўніцтва жытла крэдыт, то, у параўнаньні з іншымі краінамі, працэнтная стаўка ў Беларусі вельмі высокая. Меркаваньне рыэлтара.

(Рыэлтарка: ) “Што вычварае пры гэтым банк? Банк падвышае працэнтную стаўку да 14% гадавых! Гэта ж проста жах! У Аўстрыі, да прыкладу, два з паловай працэнты пры пакупцы нерухомасьці”.

І яшчэ адна цікавая акалічнасьць: кошт квадратнага мэтру пры будаўніцтве новага жытла ў Менску і, да прыкладу, Бабруйску ці Барысаве, адрозьніваецца ў два з паловай разы.

Намесьнік старшыні камісіі па бюджэце, фінансах і падатковай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Васіль Хрол абураецца.

(Хрол: ) “Што там – іншая дзяржава, іншая цана на энэргарэсурсы, іншыя расцэнкі на транспартныя выдаткі, іншыя каэфіцыенты? Цэны на будаўніцтва растуць не па днях, а па гадзінах – 20-25% у квартал. Гэта што –дзяржаўная палітыка ў галіне задавальненьня жыльлёвых запатрабаваньняў грамадзянаў?”

Дэпутат Васіль Хрол прапанаваў спыніць практыку стрымліваньня інвэстыцыйных праектаў пры будаўніцтве жытла. Участкі пад жыльлёвае будаўніцтва павінны прадстаўляцца на тэндэрнай аснове. На думку спадара Хрола, чым больш удзельнікаў гэтага рынку, чым больш канкурэнцыя – тым ніжэй кошты.

***

А зараз пра цэны на жытло ў нашых суседзяў. Варшава – аднапакаёўка ў цэнтры, у старым фондзе – 33 кв.мэтры, каштуе 61 тыс.даляраў. Двухпакаёўка ў звычайным блёчным доме ў мікрараёне – 48 тысяч. Прага. Мікрараён на ўскрайку, аднапакаёўка, 20 мэтраў – 35700. У Вільні двухпакаёўку ў мікрараёне можна набыць за 30-35 тысяч. У старым цэнтры, на Кляйпедзкай вуліцы аднапакаёўка 30 кв.мэтраў, з паркоўкай на дзьве машыны ў двары – 52 тысячы эўра. Кіеў. У спальных раёнах аднапакаўка каштуе 30 тысяч.

Першы намесьнік міністра архітэктуры і будаўніцтва Міхаіл Абрамчук паведаміў, што ўнесеная прапанова ва ўрад абмежаваць рэнтабэльнасьць для замоўнікаў жыльля: сабекошт плюс максымум 5%. Ён лічыць, што тады цэны на новыя кватэры зьнізяцца ў паўтара разы. А Васіль Хрол распавёў, што парлямэнцкая камісія рыхтуе пакет дакумэнтаў па абмежаваньні продажу колькасьці кватэр адным уладальнікам на другасным рынку жытла, што павінна спыніць рост цэнаў на кватэру ў старым фондзе.
XS
SM
MD
LG