Лінкі ўнівэрсальнага доступу

14 чэрвеня міліцыянты з аховы Лукашэнкі абстралялі машыну дэпутата Віктара Ганчара


RFE/RL Каляндар Свабоды – 14 чэрвеня. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 14 чэрвеня.

14 чэрвеня нашыя продкі ўшаноўвалі Юстына і Харытона. У гэты час селянін звычайна аглядаў свае пасевы, што і адбілася ў прыказцы: “Юстын цягне ўверх каноплі, а Харытон – лён”.

14 чэрвеня 1867 году ў Рэчыцы прыйшоў на сьвет Мітрафан Доўнар-Запольскі, які стане заснавальнікам беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі, напіша шмат гістарычных кніг, у тым ліку, брашуру “Асновы дзяржаўнасьці Беларусі”, у якой упершыню дасьць прафэсійнае гістарычнае абгрунтаваньне права беларускага народу на ўласную дзяржаўнасьць. Гэтая праца выйшла з друку на розных мовах у 1919 годзе.

Сёньня спаўняецца 105 гадоў славутаму беларускаму сьпеваку Міхалу Забэйду-Суміцкаму. Нарадзіўся ён у вёсцы Шэйпічы ў цяперашнім Пружанскім раёне. Вучыўся і працаваў у тэатрах Харбіну ў Кітаі, Мілану ў Італіі, Пазнані ў Польшчы Прагі ў Чэхіі. Запісы лірычнага тэнару Забэйды-Суміцкага перавыдаюцца і сёньня.

А яшчэ 14 чэрвеня ў 1928 годзе нарадзіўся Эрнэста Чэ Гевара. Бадай, цяжка знайсьці ў сусьветнай гісторыі асобу, да якой было б такое палярнае стаўленьне нашчадкаў. Маладыя людзі ў майках з партрэтамі Чэ Гевары лічаць гэтага лацінаамэрыканскага паўстанца эталёнам “новага чалавека”, Прамэтэем свабоды і справядлівасьці. Для іншых ён – авантурыст, тэарэтык і практык міжнароднага тэрарызму. Нейкі час Чэ Гевара пабыў дырэктарам нацыянальнага банку і міністрам прамысловасьці ва ўрадзе Фідэля Кастра на Кубе, але ня ўседзеў на месцы і адправіўся кіраваць партызанамі ў Балівію. Там ён быў захоплены ў палон і забіты ў 1967 годзе.

Таксама 14 чэрвеня ў розныя гады прыйшлі на сьвет дзьве знакамітыя жанчыны: амэрыканская пісьменьніца Гарыет Бічэр-Стоў, кнігу якой “Хаціна дзядзькі Тома” ў дзяцінстве чыталі ўсе, і нямецкая спартоўка Штэфі Граф, якую называюць прымадонай тэніснага каралеўства. Ужо пяць гадоў яна не выступае на кортах. Між тым, спаўняецца ёй сёньня ўсяго толькі 36 гадоў.

14 чэрвеня 1996 году ўначы міліцыянты з аховы Аляксандра Лукашэнкі абстралялі машыну дэпутата Вярхоўнага Савету Віктара Ганчара. У тым інцыдэнце была цяжка параненая сакратарка дэпутата. Але згаданае злачынства, як і многія падобныя, застаецца пакуль непакараным.
XS
SM
MD
LG