Лінкі ўнівэрсальнага доступу

31-ы дзень галадоўкі – Сяргею Скрабцу не зьмянілі меру стрыманьня


Уладзімер Глод, Менск Сяргею Скрабцу не зьмянілі меру стрыманьня. Пра гэта Радыё Свабода паведаміў увечары 14 чэрвеня ягоны адвакат Міхаіл Хоміч. Паводле словаў адваката, былы дэпутат працягвае галадаваць 31-ы дзень запар. Гэтак лідэр дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня, адзін з актыўных апанэнтаў цяперашняга рэжыму Сяргей Скрабец пратэстуе супраць арышту й абвінавачаньняў на свой адрас, якія лічыць беспадстаўнымі.

Адвакат экс-парлямэнтара Міхаіл Хоміч, які хадайнічаў перад уладамі аб вызваленьні Сяргея Скрабца з ізалятару пад падпіску аб нявыезьдзе альбо пад хатні арышт, паведаміў, што сёньня берасьцейская пракуратура дала адмоўны адказ на зьмену меры стрыманьня былому дэпутату. Аднак адвакат паведаміў, што ён адразу пачаў рыхтаваць новае хадайніцтва – гэтым разам у суд:

(Хоміч: ) "Суд таксама можа зьмяніць меру стрыманьня".

Паводле малодшага брата Сяргея Скрабца Аляксандра, былы парлямэнтар быццам зьбіраецца спыніць галадоўку:

(Аляксандар Скрабец: ) "Сяргей напісаў, што будзе выходзіць з галадоўкі, і што на пачатку тыдня прыяжджаць сэнсу няма. А вось дзесьці ў чацьвер ці пятніцу можна захапіць з сабою рэчы, неабходныя для выхаду з галадоўкі. Аляксандра – ягоная жонка – зьбіраецца ехаць туды ў чацьвер".

Аднак адвакат Хоміч, які бачыў свайго падабароненага пазьней, чым пісаўся ўзгаданы Аляксандрам Скрабцом ліст, прытрымліваецца іншай думкі. Паводле ягоных словаў, пакуль жаданьне спыніць галадаваньне Сяргей Скрабец яму не выказваў. Наадварот:

(Хоміч: ) "Ён сказаў, што будзе галадаць да апошняга моманту. Калі будзе гэты апошні момант я ня ведаю, можна толькі здагадвацца. Але ён сказаў: я галадаю. І буду галадаць. Вось так".

Я спытаўся спадара Хоміча, ці галадуе экс-дэпутат і сёньня? Адвакат адказаў: (Хоміч: ) "Так, ён галадуе".

Тым часам усё больш і больш людзей зьвяртаюцца да Сяргея Скрабца з просьбаю, каб ён спыніў галадоўку. Гэта – ягоныя бацькі, жонка, брат. Сваё слова выказалі паплечнікі Скрабца па дэпутацкай групе "Рэспубліка" Валеры Фралоў і Ўладзімер Парфяновіч.

Нагадаю, што старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла зьвярнулася да Сяргея Скрабца з просьбай спыніць галадоўку. Аналягічны зварот прыняла й кіраўніцтва Аб''яднанай грамадзянскай партыі.

* * *

Сяргей Скрабец у Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня ўзначальваў дэпутацкую групу "Рэспубліка". Летам 2004 году ён удзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў, якія патрабавалі дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. Летась у кастрычніку ён зьвярнуўся да прэзыдэнта Расеі з просьбай пра палітычны прытулак, аднак атрымаў адмоўны адказ. Сёлета ў красавіку Беларускае тэлебачаньне паказала сюжэт, у якім сьцьвярджалася, што спэцслужбы затрымалі кур’ера, які вёз з Вільні 200 тысячаў даляраў – нібыта для фінансаваньня палітычнай дзейнасьці Сяргея Скрабца.
XS
SM
MD
LG