Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія журналісты і палітыкі камэнтуюць рашэньне суду ў справе "Народнай Волі"


Ганна Соусь, Менск Рашэньне суду аб спагнаньні з “Народнай волі” 100 мільёнаў рублёў на карысьць дэпутата палаты прадстаўнікоў Сяргея Гайдукевіча камэнтуе Павал Жук.

Павал Жук – рэдактар газэтаў “Свабода”, “Навіны”, “Наша свабода”, дзьве зь якіх былі закрытыя ў выніку падобных на гэты судовых працэсаў. “Навіны” павінны былі выплаціць 37 тысячаў даляраў тады кіраўніку Рады бясьпекі Віктару Шэйману, а “Наша свабода” мусіла заплаціць старшыню Дзяржкантролю Анатолю Тозіку 60 тысячаў даляраў.

(Жук: ) “Гэта жаданьне прыкрыць газэту. Вось і ўсё. І гэта ня справа Гайдукевіча. Зразумела, што дакумэнты, якія прадстаўляла “Народная Воля” ў сваё апраўданьне, і тыя факсы, якія там не прызналі, на самой справе яны ўсе рэальныя. Гэта так бы мовіць, не ініцыятыва “Народнай Волі”, а ААН апублікавала гэтыя рэчы. Гэта было толькі жаданьне закрыць газэту. Я думаю, што надыходзяць часы, калі недзяржаўнай прэсе будзе вельмі цяжка”.

А вось меркаваньне міжнароднага каардынатара Хартыі-97 Андрэя Саньнікава.

(Саньнікаў: ) “Увогуле ўсялякія межы пераходзіць, таму што гэта ўжо адкрытае зьнішчэньне незалежнай газэты, незалежнай прэсы. Гэта выканана даволі цынічна. Наколькі я памятаю, “Народная Воля” друкавала Гайдукевіча, у свой час давала яму магчымасьць выказаць свае погляды на старонках газэты. Тут відавочная тэндэнцыя: зачыняюць, нягледзячы ні на якія законы”.

Камэнтар экс-старшыні Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Станіслава Шушкевіча:

(Шушкевіч: ) “Па-першае, гэта сьмешна гучыць, што можна так зьняважыць Гайдукевіча, бо, мне здаецца, ён і сам 100 мільёнаў “не каштуе”. Дэталяў працэсу я ня ведаю. Думаю, што гэта палітычны ціск. Амаль 50 тысячаў даляраў. Там жа была нейкая з Рыбаковым падобныя сума. Я думаю, што і Рыбакоў, і Гайдукевіч – аднаго поля ягады. Пасьля, калі Гайдукевіча пасадзіць у турму Лукашэнка, тады ўсё стане на свае месцы”.

Вось якая была рэакцыя на рашэньне суду па “Народнай Волі” намесьніцы галоўнага рэдактара “Белорускай деловой газеты” Ірыны Халіп:

(Халіп: ) “Мне з аднаго боку нават шкада, што “Белорусская деловая газета” ўжо не зьяўляецца рэкардсмэнам. Я думала, што памеры задавальненьня таго пазову, які быў накіраваны на нашу газэту, наўрад ці хтосьці зможа перамагчы, але “Народная Воля”, можна сказаць, “перамагла” ў гэтым “спаборніцтве”.

Мне вельмі шкада галоўнага рэдактара газэты і ўсіх супрацоўнікаў, таму што яны зараз апынуліся ў тым жа становішчы, што і мы. Шчыра кажучы, я ня ведаю, ці здолеем мы ўвогуле пасьля ўсяго, што адбылося, вытрымаць. Але мы будзем рабіць усё магчымае, бо зь іншага боку такое рашэньне можа сьведчыць толькі пра тое, што рэжым вельмі баіцца незалежнай прэсы і спадзяецца зьнішчыць яе ўвогуле. Напэўна мы потым будзем выдаваць нейкія падпольныя выданьні”.

Гл. таксама: • “Народная Воля” павінна заплаціць Сяргею Гайдукевічу 100 мільёнаў
XS
SM
MD
LG