Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У адміністрацыі калёніі заяўляюць, што Леванеўскі спыніў галадоўку


Алег Грузьдзіловіч, Менск Паводле зьвестак з Івацэвіцкай калёніі, лідэр гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валер Леванеўскі спыніў галадоўку, якую пачаў 1 чэрвеня. У калёніі таксама сьцьвярджаюць, што ў Валера Леванеўскага няма шанцаў на вызваленьне па амністыі, але застаецца магчымасьць умоўна-датэрміновага вызваленьня праз паўгоду.

Валер Леванеўскі спыніў галадоўку – пра гэта Радыё Свабода паведамілі ў дэпартамэнце выкананьня пакараньняў МУС. Гэтыя зьвесткі пацьвердзіў Іван Лукша, начальнік Івацэвіцкай калёніі, у якой лідэр гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валер Леванеўскі адбывае пакараньне.

(Лукша: ) “Адчувае сябе ён добра. Проста ў яго быў аздараўляльны пэрыяд, і сёньня з мэдычнай часткі ён пераведзены ў атрад”.

Валер Леванеўскі галадаў з 1 чэрвеня. Ён патрабаваў перагляду сваіх скаргаў на накладзеныя пакараньні і дамагаўся адстаўкі начальніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Уладзімера Коўчура.

Як сказаў Уладзімер Коўчур Радыё Свабода, Валеру Леванеўскаму былі зноў патлумачаныя ягоныя правы абскарджваць праз суд накладзеныя на яго ў калёніі пакараньні. Што да патрабаваньня адстаўкі, Уладзімер Коўчур сказаў, што ад пачатку не зьбіраўся на гэта рэагаваць.

Начальнік Івацэвіцкай калёніі Іван Лукша заявіў, што ў Леванеўскага няма шанцаў на амністыю ў сувязі з 60-годзьдзем Перамогі, паколькі ён “злосны парушальнік рэжыму”. Між тым, у яго застаюцца шанцы на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне пасьля студзеня 2006 году, калі споўніцца год, як на яго было накладзенае апошняе пакараньне за парушэньне дысцыпліны ў калёніі. Для гэтага, паводле Івана Лукшы, трэба няшмат:

(Лукша: ) “Калі ня будзе зноў парушэньняў, у студзені споўніцца год ад апошняга пакараньня — і, калі ласка, на датэрміновае вызваленьне. Мы ж нікога не трымаем”.

У сям’і Леванеўскага сёньня яшчэ ня ведалі пра тое, што ён спыніў галадоўку. Сын Валера Леванеўскага Ўладзімер не выключае дэзынфармацыі з боку адміністрацыі калёніі. Ён згадаў, што паміж бацькам і начальнікам калёніі склаліся напружаныя дачыненьні. Уладзімер Леванеўскі сказаў, што больш давярае зьвесткам ад адваката, які зьбіраўся якраз сёньня, 14 чэрвеня, сустракацца з Валерам Леванеўскім ў калёніі.

Аднак датэлефанавацца адвакату Леванеўскага Аляксандру Бярылаву пакуль не ўдалося.

Валер Леванеўскі быў асуджаны ў траўні 2004 году за паклёп на прэзыдэнта. Яму прысудзілі 2 гады зьняволеньня. У калёніі Леванеўскі працягваў змагацца супраць парушэньняў сваіх правоў, за што і быў некалькі разоў пакараны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG